Навукова-метадычная ўстанова «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь запрашае прыняць удзел у адкрытым дыстанцыйным культурна-асветніцкім марафоне «Час вымяраецца памяццю», які накіраваны на захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Мерапрыемства прымеркавана да Года гістарычнай памяці.
Асноўныя задачы марафону: захаванне гістарычнай памяці сваёй краіны; выхаванне ў вучняў грамадзянскасці і патрыятызму; знаёмства з унікальнай спадчынай і традыцыямі розных рэгіёнаў Беларусі; падтрымка творчых ініцыятыў; спрыянне развіццю інфармацыйнай культуры ўдзельнікаў марафону.
Да ўдзелу ў мерапрыемстве запрашаюцца вучні I–XI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама ўсе зацікаўленыя (педагогі, законныя прадстаўнікі (бацькі) і інш.).
З мэтай реалізацыі марафону на нацыянальным адукацыйным партале адкрыты раздзел для публікацыі творчых праектаў (работ). Удзельнікам мерапрыемства даецца магчымасць падзяліцца на старонках партала сваімі праектамі па наступных намінацыях:
· «Шляхам гісторыі» – віртуальны альбом электронных або аўдыявізуальных даведнікаў, пуцевадзіцеляў па славутых мясцінах, гістарычных маршрутах, музеях; тапаграфічных схем (карт) з пазначанымі гісторыка-культурнымі аб’ектамі і іх апісаннем; фота-, відэарэпартажаў аб падарожжы.
· «Гістарычны хранограф» – прадстаўленне культурных падзей, фактаў, дат, звязаных з рэгіёнам (нарысы, замалёўкі, эсэ, апавяданні, іншыя літаратурна-мастацкія, публіцыстычныя тэксты; мастацкія фатаграфіі, фотапрэзентацыі, відэаматэрыялы; творы выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, скульптуры, дызайну і г. д.).
· «Гістарычная прастора» – віртуальны альбом праектаў ці асобных прапаноў па добраўпарадкаванні прыродных і гісторыка-культурных аб’ектаў, фота-, відэасправаздачы з апісаннем самога аб’екта ці наладжанай акцыі.
· «Гісторыя ў асобах» – знаёмства з самабытнай асобай (калектывам) (эсэ, нататкі, сачыненні, уражанні, вершы, апавяданні іншыя літаратурна-мастацкія, публіцыстычныя тэксты; мастацкія фатаграфіі, фотапрэзентацыі, відэаматэрыялы).
· «Наша Спадчына» – віртуальны альбом фальклорна-этнаграфічных твораў, якія адлюстроўваюць жыццё, каштоўнасці, побыт беларускага народа (песні, прыпеўкі, паданні, казкі, танцы, абрады і інш.); фларыстычных работ (букетаў, кампазіцый, пано, калажаў) з разнастайных прыродных матэрыялаў (кветак, лісця, траў, ягад, пладоў, арэхаў і інш.), пры жаданні праекты могуць быць праілюстраваны цытатамі з літаратурных твораў; вырабаў беларускіх рамёстваў, якія дэманструюць непаўторнасць традыцыйнай нацыянальнай культуры (вырабы з саломкі і тканіны, цацкі, ганчарнае мастацтва, роспіс, разьба па дрэве, беларускі народны касцюм і інш.); твораў выяўленчага мастацтва (скульптура, жывапіс, графіка, фотамастацтва, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і інш.).
У кожнай намінацыі прымаюцца асобныя работы або тэматычныя цыклы, выкананыя ў розных тэхніках і пераведзеныя ў электронны фармат, а таксама матэрыялы, створаныя сродкамі сучасных інфармацыйна-камунікацыйных (ці медыя-) тэхналогій.
Тэрмін правядзення: люты – кастрычнік 2022 года.
Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымаюць электронныя сертыфікаты.
Больш падрабязная інфармацыя пра марафон размешчана па спасылцы: https://adu.by/ru/ucheniky/marafon.html