Министерство образования Республики Беларусь

Асноўная задача — адбор найбольш падрыхтаваных і матываваных абітурыентаў

Опубликовано: 24.11.2017

24 лістапада адбылося пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі, дзе абмяркоўваліся вынікі ўступнай кампаніі 2017 года і прапановы па ўдасканаленні прыёму ў 2018 годзе.
DSC_8978_1.jpg

Першы намеснік Міністра адукацыі Вадзім Богуш агучыў асноўныя лічбы ўступнай кампаніі.
Так, у 2017 годзе базавую школу скончылі 87,2 тысячы чалавек (летась — 90,7 тыс.). Згодна з прагнозам, у 2018 годзе выпуск дзевяцікласнікаў паменшыцца амаль на 2 тысячы чалавек. Назіраецца ўстойлівая цікавасць выпускнікоў да працягу адукацыі ў сярэдняй школе (больш за 60%). Ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі залічана каля 18% дзевяцікласнікаў, 16% — паступілі ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
З 11 класа ў 2017 годзе годзе выпушчана 57,8 тысячы чалавек (летась — 57,4 тыс.). Плануецца, што ў 2018 годзе выпуск адзінаццацікласнікаў складзе 59,3 тысячы. Больш за палову выпускнікоў школ працягваюць навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі, 20% паступілі на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі, 14,6% — на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
“Такое размеркаванне ў цэлым адпавядае патрабаванням перспектыўнай структуры занятасці ў эканоміцы па ўзроўнях адукацыі, аднак задача сістэмы прафарыентацыі — дапамагчы моладзі, нацэленай на атрыманне рабочай прафесіі”, — заўважыў Вадзім Богуш.
DSC_8982_1.jpg

Уступная кампанія 2017 мела шэраг асаблівасцей, звязаных з уступленнем у сілу Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2017 № 4. У прыватнасці, створаны роўныя ўмовы пры паступленнi на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, незалежна ад установы адукацыі; выпускнікі педагагічных класаў, якія маюць адзнакі вышэй за 8 балаў па прадметах, што адпавядаюць прадметам уступных выпрабаванняў, атрымалі права паступаць на педспецыяльнасці без уступных выпрабаванняў; таксама без уступных выпрабаванняў на запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці залічваюцца асобы, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у вучобе (сёлета на 29 запатрабаваных спецыяльнасцей было залічана 124 чалавекі ў дзённай форме і 39 — у завочнай). Акрамя таго, абітурыентам дадзена магчымасць здаваць ЦТ па чатырох вучэбных прадметах (сёлета ёй скарысталіся каля паловы паступаючых), праводзіліся тры рэзервовыя дні ЦТ.
У 2017 годзе ў цэнтралізаваным тэсціраванні ўдзельнічалі больш 90 тысяч абітурыентаў (летась — звыш 98 тыс.). Па 15 вучэбных прадметах было здадзена каля 311 тысяч тэстаў (летась — 271,4 тыс.).
“Цэнтралізаванае тэставанне паказала сябе як досыць аб’ектыўны інструмент правядзення ўступных выпрабаванняў, але і ён штогод удасканальваецца, — адзначыў Вадзім Богуш. — У бягучым годзе прадоўжана работа па ўдасканаленні як зместу тэстаў, так і метадычных падыходаў да іх фарміравання і апрацоўкі”.
На ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі прыём у 2017 годзе ажыццяўляўся больш чым па 250 прафесіях. Дзеля ўдасканалення структуры падрыхтоўкі з улікам зменлівай патрэбы рэгіянальных рынкаў працы сёлета спынены прыём па 216 незапатрабаваных прафесіях і адкрыта падрыхтоўка па 145 новых для асобных устаноў прафтэхадукацыі прафесіях. Так, упершыню ажыццёўлены набор па прафесіях: электрамеханік па сродках аўтаматыкі і прыборах тэхналагічнага абсталявання, рабочы па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў, аператар лічбавага друку, кузаўшчык, вытворца тварагу.
Усяго ў 2017 годзе годзе для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі прынята 29,5 тысячы чалавек (98,7% ад кантрольных лічбаў прыёму).
План прыёму на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі выкананы на 97,3%. Усяго прынята 37,3 тысячы чалавек. Зрэшты, да 30 лістапада працягваецца прыём на спецыяльнасці сельскай гаспадаркі па завочнай форме. У сувязі з гэтым плануецца, што на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі будзе прынята яшчэ 985 чалавек.
Карэкціроўка структуры прыёму ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2017 годзе праводзілася згодна з улікам патрэб эканомікі, а таксама дэмаграфічнай сітуацыі. Былі скарочаны аб’ёмы падрыхтоўкi па спецыяльнасцях профіляў адукацыі “Камунікацыі”, “Права”, “Эканоміка”, “Кіраванне”, “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, “Архітэктура і будаўніцтва”, павялічаны прыём на спецыяльнасці аховы здароўя.
Прыём на ўзровень вышэйшай адукацыі I ступені ажыццяўляўся ў адпаведнасці з Правіламі прыёму, зацверджанымі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2006 г. № 80.
На ўзровень вышэйшай адукацыі прынята 53,8 тысячы чалавек. Да 20 снежня працягваецца прыём у сельскагаспадарчых установах вышэйшай адукацыі на завочнай форме. Арыенціровачна на ўзроўні вышэйшай адукацыі будзе прынята яшчэ каля трох тысяч чалавек.
На бюджэтнае навучанне прынята 26,7 тысячы чалавек (летась — 27,1 тыс.). Скарачэнне адбылося пераважна за кошт завочнай формы. План прыёму выкананы на 100%.
Вадзім Богуш паведаміў, што зараз ідзе актыўная праца па планаванні уступнай кампаніі 2018 года. Міністэрствам адукацыі падрыхтаваны праект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб зменах і дапаўненнях у Правілы прыёму асоб для атрымання сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі I ступені. Прапанаваныя карэкціроўкі накіраваны на павышэнне канкурэнтаздольнасці ўстаноў адукацыі краіны і якасці адбору найбольш падрыхтаваных і матываваных абітурыентаў.
У 2018 годзе правядзенне ўступных выпрабаванняў ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі будзе праводзіцца ў адпаведнасці з праграмамі, якія ўжо распрацаваны і зацверджаны загадам Міністра адукацыі ад 1 лістапада 2017 г. № 677 (загад размешчаны на сайце Міністэрства адукацыі). Прапаноўваецца ўстанавіць мінімальны стаж працы (прадпрымальніцкай дзейнасці) для асоб, якія паступаюць на завочную форму атрымання вышэйшай адукацыі, павысіць ніжнія “парогавыя” значэнні па прадметах уступных іспытаў (прапаноўваецца паэтапнае павышэнне; датычна да 2018 года гаворка ідзе пра дадатковыя 5 балаў па першым профільным прадмеце); ажыццяўляць мэтавую падрыхтоўку спецыялістаў незалежна ад месцазнаходжання арганізацый пры падрыхтоўцы па найбольш запатрабаваных спецыяльнасцях; праводзіць субяседаванне ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі як дадатковы метад конкурснага адбору; праводзіць прафесійна-псіхалагічнае субяседаванне на спецыяльнасці, якія патрабуюць наяўнасці кіраўнічых навыкаў; праводзіць профільныя іспыты ва ўстановы вышэйшай адукацыі пры паступленнi на спецыяльнасцi, якія патрабуюць наяўнасці практычных навыкаў (у 2018 годзе гэтая норма будзе выкарыстоўвацца ў эксперыментальным рэжыме: на асобныя спецыяльнасці ў некалькіх установах адукацыі). Акрамя таго, прапаноўваецца скараціць тэрміны рэгістрацыі для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні (пачынаць не з 2-га, а з 10 траўня ).
Вадзім Богуш падкрэсліў, што механізмы рэалізацыі вышэйзгаданых задач і планаў знаходзяцца ў плоскасці нарматыўнага прававога рэгулявання. Патрабуецца ўнясенне змен і распрацоўка новых актаў заканадаўства па пытаннях удасканалення парадку правядзення ўступнай кампаніі 2018 года, паэтапнага павелічэння “парогавых” значэнняў, устанаўлення патрабаванняў да стажу працы пры прыёме на завочную форму, а таксама правядзенне семінараў-нарад з адказнымі сакратарамі, арганізацыя адладжанай сістэмы прафарыентацыйнай працы і адбор найбольш падрыхтаваных да навучання абітурыентаў.

Галіна СІДАРОВІЧ. Фота Алега ІГНАТОВІЧА.
Вернуться к списку новостей