Министерство образования
Республики Беларусь

Образование во имя будущего страны

З натхненнем на новыя сумесныя праекты

Опубликовано: 26.02.2020

DSC_1064_compr.jpg

У рамках форуму “Дні Удмуртыі ў Рэспубліцы Беларусь” 25 лютага ў Мінску адбыўся круглы стол “Вышэйшая і сярэдняя прафесійная адукацыя як інструменты развіцця міжнародных адносін паміж Удмурцкай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь”.

У рабоце круглага стала прынялі ўдзел Першы намеснік міністра адукацыі нашай краіны Ірына Старавойтава і Міністр адукацыі і навукі Удмурцкай рэспублікі Святлана Балотнікава. У сваім вітальным слове Ірына Анатольеўна засяродзіла ўвагу на некаторых асаблівасцях сістэмы адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. У прыватнасці, яна спынілася на сучасным развіцці вышэйшай школы і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, і на асаблівасцях развіцця агульнай сярэдняй адукацыі.

Святлана Балотнікава падзякавала калегам з Беларусі за цёплы прыём і за натхненне на новыя сумесныя праекты. Прадстаўнікі Удмурцкай дэлегацыі вельмі зацікавіліся створанай у Беларусі сістэмай бесперапыннай педагагічнай адукацыі, профільнымі класамі педагагічнай накіраванасці, асаблівую цікавасць выклікала стварэнне і арганізацыя работы рэсурсных цэнтраў у сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Па выніках правядзення круглага стала былі падпісаны 5 міжнародных дакументаў аб супрацоўніцтве паміж установамі адукацыі Беларусі і Удмуртыі ў сферы адукацыі. Такі дакумент падпісалі рэктары Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандр Жук і Глазаўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя У. Г. Караленкі Яніна Чыгоўская -Назарова. Дакумент прадугледжвае акадэмічную мабільнасць, сумесныя навуковыя даследаванні, супрацоўніцтва ў выхаваўчай сферы.

Пагадненні аб супрацоўніцтве з Глазаўскім дзяржаўным педагагічным інстытутам імя У. Г. Караленкі падпісалі Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы, Мазырскі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя І.П. Шамякіна.

Свае дакументы аб пагадненнях падпісалі і кіраўнікі Мінскага радыётэхнічнага каледжа і тэхнікума радыёэлектронікі і інфармацыйных тэхналогій імя А. В. Васкрасенскага, Мінскага аўтамеханічнага каледжа імя акадэміка М. С. Высоцкага і Іжэўскага аграбудаўнічага тэхнікума.

Праграма знаходжання Удмурцкай Рэспублікі на чале з міністрам адукацыі С. М. Балотнікавай была вельмі разнастайнай і насычанай. Госці наведалі Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка, Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі і яго філіялы, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Мінскі радыётэхнічны каледж, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны універсітэт, а таксама школы з педагагічнымі класамі.

Трэба адзначыць, што прафесійныя стасункі паміж установамі адукацыі Удмурцкай рэспублікі і нашай краіны існуюць ужо не першы год. Так, універсітэт грамадзянскай абароны МНС Беларусі, Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны універсітэт, Інстытут бізнесу Беларускага дзяржаўнага універсітэта, Полацкі дзяржаўны універсітэт, Інстытут матэматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі маюць кааперацыйныя сувязі з Удмурцкім дзяржаўным універсітэтам.

Прадстаўнікі Іжэўскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя М. Т. Калашнікава ўдзельнічалі ў форуме ВНУ інжынерна-тэхналагічнага профілю Саюзнай дзяржавы, які праходзіў у нас у кастрычніку мінулага года.

Перспектыўнымі напрамкамі двухбаковага супрацоўніцтва з’яўляецца ўзаемны ўдзел навучэнцаў, педагагічных і навуковых работнікаў у міжнародных адукацыйных, навуковых і іншых мерапрыемствах, якія праводзяцца на тэрыторыі рэспублік. Перспектыўным з’яўляецца і правядзенне сумесных навукова-даследчых праектаў у галіне педагагічных інавацый, падтрымкі адораных навучэнцаў, інклюзіўнай адукацыі; абмен вопытам па рэалізацыі перадавых педагагічных тэхналогій.

Вольга ДУБОЎСКАЯ для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота аўтара.
Вернуться к списку новостей