Министерство образования
Республики Беларусь

Образование во имя будущего страны

Дзве краiны - агульныя мэты

Опубликовано: 29.10.2019

DSC_3838.jpg

У Ліцэі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 70-годдзю абвяшчэння Кітайскай Народнай Рэспублікі, і віншаванне лепшых настаўнікаў кітайскай мовы ва ўстановах адукацыі Беларусі.
У ім прынялі ўдзел міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у нашай краіне Цуй Цымін, а таксама настаўнікі кітайскай мовы, выкладчыкі, валанцёры, студэнты.
— Зараз у нашай краіне вучыцца каля 4 тысяч кітайскіх грамадзян (за тры апошнія гады іх колькасць павялічылася амаль у 4 разы), — паведаміў міністр адукацыі Ігар Карпенка. — І прыёмная кампанія працягваецца, а гэта значыць, што лічба яшчэ будзе расці. Гаворка ідзе не толькі пра навучанне ў беларускіх універсітэтах, гэта яшчэ і падрыхтоўка па праграме 2+2 (2 гады —  у Кітаі, 2 гады — у Беларусі), сумесныя магістарскія праграмы.
Міністр падкрэсліў, што стасункі Беларусі і Кітая ахопліваюць розныя сферы адукацыі і навукі, і прывёў некалькі прыкладаў плённага супрацоўніцтва. Так, кітайская касмічная карпарацыя дапамагла Белдзяржуніверсітэту запусціць студэнцкі спадарожнік. БНТУ выпусціў руска-кітайска-англійскі слоўнік тэхнічных тэрмінаў — сапраўды ўнікальнае выданне. І ўжо зусім нядаўна кітайская кампанія Weichai, якая ў індустрыяльным парку “Вялікі камень” ажыццяўляе вытворчасць рухавікоў унутранага згарання, інвеставала сродкі ў стварэнне рэсурснага цэнтра на базе Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа. Ён аснашчаны па апошнім слове тэхнікі, і там могуць праходзіць практыкаарыентаваную падрыхтоўку як навучэнцы прафтэхустаноў, так і студэнты ўніверсітэтаў.
— 2019 год, які абвешчаны Годам Беларусі ў Кітаі, з’яўляецца знакавым, — паведаміў Ігар Карпенка. — Сёння мы з гонарам можам дэманстраваць плён нашага супрацоўніцтва. Паміж універсітэтамі дзвюх краін заключана больш 350 прамых дагавораў аб супрацоўніцтве. Рэалізуецца больш дваццаці сумесных адукацыйных праграм першай ступені вышэйшай адукацыі і больш дзясятка — на ўзроўні магістратуры. Працуюць дзве сумесныя навуковыя лабараторыі і дасягнуты дамоўленасці аб адкрыцці яшчэ дзвюх. Распрацоўваецца магчымасць арганізацыі сумеснай падрыхтоўкі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі. На базе ўніверсітэтаў Кітая адкрыты тры цэнтры вывучэння Беларусі, а таксама Інстытут даследавання Беларусі.
У верасні гэтага года ў Мінску быў урачыста адкрыты будынак Інстытута імя Канфуцыя БДУ, цалкам абсталяваны за кошт кітайскага боку. Таксама гэтай восенню быў адкрыты новенькі будынак студэнцкага інтэрната БНТУ, які пабудаваны дзякуючы бязвыплатнай дапамозе кітайскага ўрада. Цяпер там жывуць студэнты гэтага ўніверсітэта з розных краін свету.
Як заўважыў у сваёй прамове Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у нашай краіне Цуй Цымін, Кітай праяўляе вялікую цікавасць да вывучэння беларускай мовы і культуры. Сёння ў 11 універсітэтах Паднябеснай адкрыты цэнтры беларускай мовы і культуры, у трох універсітэтах ёсць спецыяльнасці, звязаныя з беларускай мовай. Усё больш маладых людзей з Кітая едуць вучыцца ў Беларусі (яшчэ летась іх было тры, а сёлета ўжо чатыры тысячы).
— Беларусь ведаюць у Кітаі, — заўважыў Цуй Цымін, — і беларуская адукацыя ў нас вельмі цэніцца. З вашым дыпломам выпускнікі могуць знайсці добрую працу як у сябе на Радзіме, так і за мяжой.
Пасол паведаміў, што зараз у Кітаі вучацца больш тысячы беларускіх студэнтаў і стажораў. Ён выказаў вялікую падзяку Міністэрству адукацыі і асабіста міністру Ігару Карпенку, адзначыўшы яго персанальны ўнёсак у справу беларуска-кітайскага супрацоўніцтва.
— Сёлета добра супрацоўнічалі. Думаю, што далей будзе яшчэ лепш, — заўважыў Цуй Цымін.
У сувязі з 70-годдзем абвяшчэння Кітайскай Народнай Рэспублікі і правядзеннем Года адукацыі Беларусі ў Кітаі настаўнікам кітайскай мовы, выкладчыкам і валанцёрам былі ўручаны спецыяльныя ўзнагароды Міністэрства адукацыі Беларусі.
Таксама за значны ўнёсак у развіццё і ўмацаванне беларуска-кітайскіх адносін у сферы адукацыі Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Беларусі ўзнагароджаны Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у нашай краіне Цуй Цымін.

Галіна СІДАРОВІЧ для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега Ігнатовіча.
Вернуться к списку новостей