Государственный герб Республики Беларусь

Міністэрства адукацыі
Рэспублікі Беларусь

Адукацыя дзеля будучыні краіны
Апублікавана: 26.06.2018

IMG_5548_1.jpg

Дыпломы, медалі, кубкі, шчырыя апладысменты і ўсмешкі — такімі сталі ўзнагароды для прызёраў і пераможцаў Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў — 2018,  урачыстае закрыццё якой прайшло ў панядзелак на базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскага рэзерву па гандболе.
IMG_5496_1.jpgНа працягу амаль двух тыдняў праходзіла напружаная барацьба фінальных спаборніцтваў спартакіяды, у якой прынялі ўдзел юныя спартсмены з усіх рэгіёнаў краіны. Былі ў гэтай барацьбе перамогі і пройгрышы, першыя і апошнія месцы. Адзінае чаго не было — гэта сумнага настрою, таму што спорт, як вядома, — гэта жыццё, гэта маладосць, а там, дзе маладосць — там заўсёды радасць, сіла, шчасце, прыгажосць. Спорт дорыць нам энергію і здароўе, сілу духа. Спорт вучыць нас радавацца жыццю, глядзець на свет з любоўю і ажыццяўляць сваю мару.
Радасна віталі прызёраў спартакіяды юныя спартсмены, трэнеры, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў. Краіна павінна ведаць сваіх герояў. У мастацкай гімнастыцы па выніках спартакіяды імі сталі Яна Стрыга (5 залатых медалёў), Паліна Сланчэўская (5 залатых медалёў і 1 бронзавы), Злата Бучанкова (3 залатыя медалі, 1 сярэбраны). У спартыўнай гімнастыцы — Таццяна Ляўчук (4 залатыя медалі, 1 сярэбраны) і Аляксандр Шпак (3 залатыя медалі, 1 сярэбраны). У скачках на батуце — Кацярына Яршова, Себасцьян Станкевіч (па 3 залатыя медалі). Героямі плавальных дарожак былі Варвара Драгун, Глеб Зайцаў, Ганна Султанава (па 2 залатыя медалі) і Ілля Караневіч (2 залатыя медалі і 1 сярэбраны).
— Дарагія сябры, мінулі два тыдні, два тыдні радасці перамог, два тыдні хваляванняў, два тыдні веры ў тое, што менавіта вы апынецеся ў ліку прызёраў і пераможцаў. Усе вы пераможцы, і самая галоўная перамога, якую вы ўжо атрымалі, гэта перамога над сабой. Калі было балюча, калі было цяжка, калі, здаецца, не было сіл, вы ўсё роўна бралі волю ў кулак і ішлі да спратыўных вяршынь, да перамог. Калі вы вернецеся дадому, у свае ўстановы адукацыі, не забудзьце падзякаваць за гэтую перамогу над сабой і за перамогу ў спартакіядзе сваім бацькам, сваім настаўнікам фізічнай культуры, сваім трэнерам. Дзякуй вам за тое, што вы застаецеся са спортам, дзякуй за вашу шчырасць, адкрытасць, веру ў перамогу, — звярнулася да герояў спартакіяды намеснік міністра адукацыі Раіса Станіславаўна Сідарэнка.
Менавіта гэтыя прынцыпы дазволілі прадстаўнікам Гродзенскай вобласці заваяваць у агульнакамандным першынстве спартакіяды кубак і дыплом ІІІ ступені, камандзе Гомельскай вобласці заняць другое месца, а камандзе Мінска стаць пераможцай. “Ва ўсіх канцах планеты спорту рады, ён рухае наперад чалавецтва, таму гудзяць Алімпіяды і спартакіяды радуюць народ”, — такія словы прагучалі падчас урачыстай цырымоніі закрыцця Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў — 2018. Прыкладна такія ж словы мы пачуем у наступным годзе. Фінальныя спаборніцтвы Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў — 2019 будзе прымаць Мінская вобласць.

Ігар ГРЭЧКА для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега ІГНАТОВІЧА.
Вярнуцца да спісу навін