Государственный герб Республики Беларусь




Міністэрства адукацыі
Рэспублікі Беларусь


Адукацыя дзеля будучыні краіны


Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту фізічнай культуры — 80 гадоў!

Апублікавана: 26.10.2017

27 кастрычніка Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры адзначае 80-гадовы юбілей. Шмат цёплых слоў у адрас кіраўніцтва ўніверсітэта, прафесарска-выкладчыцкага саставу, выпускнікоў, сённяшніх студэнтаў гучыць ад удзельнікаў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Сістэма падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву”, якая праходзіць 26-27 кастрычніка на базе вядучай спартыўнай установы вышэйшай адукацыі краіны.
Як адзначаецца ў віншавальным слове кіраўніка дзяржавы, за гэтыя гады ўстанова адукацыі з фізкультурнага тэхнікума ператварылася ў сучасную ўстанову вышэйшай адукацыі, якая дынамічна развіваецца і ажыццяўляе падрыхтоўку кадраў не толькі для Рэспублікі Беларусь, але і для краін блізкага і далёкага замежжа. Са сцен універсітэта пуцёўку ў жыццё атрымалі больш за 33 тысячы спецыялістаў, якія робяць дастойны ўнёсак у развіццё спорту вышэйшых дасягненняў і фізічнай культуры, фарміраванне здаровага ладу жыцця насельніцтва. “Упэўнены, што адначасова са сваёй галоўнай задачай падрыхтоўкі спецыялістаў, якія здольны сказаць новае слова, як у спорце, так і ў навуцы, універсітэт і надалей працягне работу па выхаванні маладога пакалення сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны”, — гаворыцца ў віншаванні.
DSC_8035.jpg

Па словах намесніка прэм’ер-міністра Васіля Іванавіча Жарко, за 80 гадоў універсітэт прайшоў няпросты шлях станаўлення і функцыянальнага росту, ператварыўшыся ў сапраўдны галіновы цэнтр фізкультурнай і спартыўнай адукацыі і навукі, шырокавядомай, як у нашай краіне, так і за яе межамі. У летапіс беларускага і сусветнага спорту ўпісалі свае перамогі і імёны многія студэнты і выпускнікі ўніверсітэта, поспехамі якіх мы вельмі ганарымся. Выпускнікамі ўніверсітэта з’яўляюцца і многія цудоўныя трэнеры, якія паднялі развіццё свайго віду спорту на вышэйшую прыступку. Без павышэння якасці падрыхтоўкі трэнераў немагчыма ўзмацніць пазіцыі нашай краіны ў сусветным спорце. У гэтым кантэксце Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Сістэма падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву” надзвычай актуальная.
Сусветны вопыт паказвае, што развіццё дзіцячага і юнацкага спорту і высокі навукова-метадычны ўзровень работы ў ім у значнай меры вызначае поспех краіны на міжнароднай спартыўнай арэне на доўгую перспектыву. Менавіта ў дзіцячым і юнацкім узросце закладваецца падмурак высокіх стабільных спартыўных дасягненяў. Важная роля тут належыць рабоце сістэмы адукацыі.
_DSC_8087.jpg

“Міністэрствам адукацыі сумесна з упраўленнямі адукацыі аблвыканкамаў і Камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама, іншымі міністэрствамі і ведамствамі створана эфектыўная сістэма фізічнага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі, падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву і фарміравання здароўезберагальнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі. Гэтая сістэма дазваляе ажыццяўляць якасны адбор таленавітых і адораных навучэнцаў у тым ліку і для спорту высокіх дасягненняў. Часткай агульнай сістэмы фізічнай культуры і спорту ў краіне з’яўляецца дзіцяча-юнацкі спорт, які прадстаўлены сеткай спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў. Сёння тут займаецца амаль 10 працэнтаў ад агульнай колькасці навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. На базе гэтых устаноў функцыянуюць спецыялізаваныя па спорце класы, у якіх займаецца больш за 8,5 тысячы навучэнцаў. Такія класы створаны па 45 алімпійскіх відах спорту і 18 неалімпійскіх відах”, — паведаміў міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка.
Адбору таленавітых навучэнцаў садзейнічаюць спартыўныя і іншыя мерапрыемствы. Самай маштабнай у нашай краіне і на постсавецкай прасторы з’яўляецца рэспубліканская спартакіяда школьнікаў. У фінальных спаборніцтвах спартакіяды па 24 відах спорту спаборнічаюць больш за 2 тысячы школьнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. На пачатковым этапе спартакіяды прымаюць удзел больш за 30% ад усіх навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. На выяўленне адораных навучэнцаў накіраваны новыя праекты, якія рэалізуюцца сумесна з федэрацыямі па відах спорту. Асаблівай папулярнасцю сярод дзяцей і падлеткаў карыстаюцца спартыўныя турніры па футболу “Скураны мяч” і па хакеі “Залатая шайба”.
“Студэнцкі спорт — гэта яшчэ адна з найважнейшых прыступка ў спорце вышэйшых дасягненняў і пляцоўка для станаўлення перспектыўных спартсменаў. Высокія вынікі, атрыманыя студэнтамі-спартсменамі на міжнароднай арэне, служаць умацаванню прэстыжа краіны. Развіццё студэнцкага спорту стала прыярытэтным кірункам у дзейнасці дзяржаўных органаў. Для кансалідацыі намаганняў па развіцці сістэмы падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву ў 2012 годзе была створана Беларуская асацыяцыя студэнцкага спорту (БАСС). Цэнтральнае месца ў сістэме масавага студэнцкага спорту займае рэспубліканская ўніверсіяда. Правядзенне ўніверсіяды садзейнічае якаснаму адбору кандыдатаў на ўдзел у міжнародных спаборніцтвах, такіх як Сусветная зімняя і летняя ўніверсіяды, Еўрапейскія ўніверсітэцкія гульні, чэмпіянаты свету сярод студэнтаў, чэмпіянаты і кубкі Еўропы сярод універсітэцкіх каманд”, — адзначыў Ігар Васільевіч.
DSC_8218.jpg

Падчас работы канферэнцыі адбмяркоўваецца шырокі спектр пытанняў сістэмы падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву — важнага складніка спартыўных дасягненняў і іміджу Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне.

Ігар ГРЭЧКА для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Аляксея ПІВАВАРЧЫКА.
Вярнуцца да спісу навін