Министерство образования
Республики Беларусь

Образование во имя будущего страны

Вялікая сіла малой радзімы

Дрэва моцнае сваімі каранямі, рака – вытокамі, а чалавек – сваёй малой радзімай. Я нарадзілася ў вёсцы Краснаполле Расонскага раёна. Краснаполле – значыць прыгожае, паўнакроўнае, шчодрае. Глеба тут пераважна пясчаная (чырвоная). Даючы такую назву вёсцы, людзі выказвалі сваё захапленне бясконцымі квітнеючымі палямі, духмянымі травамі, блакітнымі азёрамі роднай зямелькі-маці.

Багаты лясамі край зачароўвае сваёй нерушшу. Бывае, пойдзеш у ягады, а выйдзеш незнарок на бераг Дрысы і мімаволі анямееш ад захаплення, дотыку да вечнасці. Усё змяняецца, а гэтая рака цячэ тут стагоддзямі. Яе берагі памятаюць стаянкі войскаў Кутузава, Напалеона. Яе воды абмывалі раны салдат і партызан Вялікай Айчыннай вайны. Стаіш на высокім беразе і разумееш, што ты пылінка ў сусвеце, а рака – вечная. Яна бярэ свой пачатак з нетраў зямлі, якая песціла цябе з дзяцінства, дапамагла вырасці, вывучыцца, знайсці сваю справу ў жыцці, працаваць і заўсёды памятаць, хто ты і адкуль. Нідзе не спявае так душа, як у гэтым мілым сэрцу краі.

Еднасць з прыродай, клопат пра яе, працалюбства робяць гонар маім землякам. Мы даглядаем магілы, шануем памяць дзядоў і прадзедаў, памятаем іх імёны. Гэтыя веды дазваляюць лепш распазнаць сваю душу, сваё жыццё, свае ўчынкі, памкненні і мары. І цяпер мэта маёй прафесійнай дзейнасці заключаецца ў тым, каб і мае вучні ведалі, «хто такія іх дзяды», каб помнілі і бераглі як зрэнку вока створаную імі і пакінутую ў спадчыну зямлю, мову.

Бясспрэчна, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне сёння – гэта не прэрэгатыва аднага настаўніка, гэта пастаянная творчая дзейнасць усіх педагогаў-прафесіяналаў рэспублікі, якія ўсведамляюць сваю адказнасць за будучыню новага пакалення нашай краіны. Выхаванне з’яўляецца неад’емным, арганічным складнікам педагагічнага працэсу. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі паспяхова рэалізоўваюцца асноўныя падыходы і накірункі выхаваўчай работы, а мы, настаўнікі-прадметнікі, асаблівую ўвагу звяртаем на ўзмацненне выхаваўчага патэнцыялу кожнага ўрока. Выдатна, што змест сучасных вучэбных праграм, падручнікаў утрымлівае вялікі выхаваўчы патэнцыял, і гэта датычыцца не толькі гуманітарных дысцыплін.

У настаўнікаў рэспублікі ёсць унікальная магчымасць выхоўваць навучэнцаў як праз змест вучэбнага прадмета, так і праз розныя формы выхаваўчай работы, бо многія з нас яшчэ і класныя кіраўнікі. Выніковасць яе выканання залежыць ад мэтанакіраванага адбору зместу вучэбнага матэрыялу, які прадастаўляе вучням прыклады сапраўднай маральнасці, духоўнасці, грамадзянскасці і патрыятызму.

Румянцава Святлана Леанідаўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 15 г.Наваполацка”.