Государственный герб Республики Беларусь




Министерство образования
Республики Беларусь


Образование во имя будущего страны


Прэстыж педагагічнай прафесіі – агульнымі намаганнямі

Сёння пытанне павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі, статусу настаўніка абмяркоўваецца на самым высокім узроўні, бо менавіта ад яго кваліфікацыі, настойлівасці і зацікаўленасці ў канчатковым выніку залежыць будучыня як кожнага канкрэтнага вучня, так і грамадства, у якім мы будзем жыць, яго дабрабыт і бяспека. Паважаныя калегі, я лічу, вы пагодзіцеся з думкай, што толькі наша сённяшняя супольная праца стварае перспектывы заўтрашняга жыцця.

Хто ж адказны за прэстыж педагагічнай прафесіі?

Безумоўна, дзяржава, грамадства. Прыемна адзначыць, што зараз у краіне рэалізуецца адзіная адукацыйная палітыка, праводзіцца сістэма мер па павышэнні статусу настаўніка, якая ўключае маральнае і матэрыяльнае стымуляванне працы, памяншэнне колькасці дадатковых абавязкаў як школы ў цэлым, так і настаўніка ў прыватнасці.

Павышэнне іміджу педагога бачыцца і праз арганізацыю сістэмнай работы па фарміраванні пазітыўнага вобраза сучаснага настаўніка праз сродкі масавай інфармацыі, тэлебачанне. Мне хацелася б адзначыць як добры прыклад у гэтым накірунку не толькі выданне асветнікаў Рэспублікі Беларусь “Настаўніцкая газета”, але і рэспубліканкую газету “Звязда”, рэгіянальныя выданні. Напрыклад, я жыву і працую ў Наваполацку. Наша гарадская газета “Наваполацк сёння” і тэлеканал “Вектар” пастаянна змяшчаюць матэрыялы пра дзейнасць настаўнікаў, рэкламуюць дасягненні і творчы вопыт устаноў адукацыі горада, расказваюць пра набыткі і здзяйсненні ў галіне адукацыі рэгіёна.

Канешне, вялікую ролю адыгрываюць адносіны бацькоў да настаўніка. Бывае, што бацькі лічаць правільным абмяркоўваць з дзецьмі работу настаўніка, выказаць непавагу да яе. А яшчэ, на жаль, ёсць сем’і, дзе бацькі ўскладваюць свае прамыя абавязкі па выхаванні і навучанні толькі на школу, настаўнікаў, якія вымушаны замяняць іх функцыі.

Але ж у першую чаргу адказнасць за фарміраванне статусу настаўніка ляжыць на нас саміх. На настаўніках, якія павінны зарэкамендаваць сябе як вартыя павагі прафесіяналы. Мне вельмі спадабалася думка, выказаная ў “Настаўніцкай газеце”, што настаўнік-прафесіянал павінен спалучаць у сабе розум даследчыка, перакананасць палітыка, вытрымку разведчыка, гібкасць дыпламата і талент акцёра. Каб дасягнуць гэтага, трэба пастаянна працаваць над сабой, вучыцца, развівацца, творча падыходзіць да работы, імкнуцца павышаць кваліфікацыю. Трэба паважаць самога сябе, іншых людзей, сваю прафесію.

Паважаныя калегі, я дакладна ўсведамляю: як мы самі ставімся да сваёй прафесіі, так яна і выглядае у вачах грамадства. Калі нам падабаецца працаваць, калі мы атрымліваем задавальненне ад таго, што робім, і ганарымся сваёй прафесіяй, то гэта бачаць нашы вучні, якія хочуць быць падобнымі да нас.

Румянцава Святлана Леанідаўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 15 г.Наваполацка”