Министерство образования Республики Беларусь

У ходзе рабочай паездкі Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка наведаў Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі

Опубликовано: 18.10.2018

IMG_8621.JPG

Міністр адукацыі разам з намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімірам Пеніным і начальнікам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрыем Хомам азнаёміліся з вучэбна-матэрыяльнай базай установы адукацыі, заняткамі ў творчых аб’яднаннях па інтарэсах і сустрэліся з прадстаўнікамі педагагічнага калектыву.
Абласны палац дзяцей і моладзі быў урачыста адкрыты да 1 верасня пасля мадэрнізацыі і капітальнага рамонту. Будынак поўнасцю змяніў сваё аблічча: адноўлены фасад, адрамантаваны залы, кабінеты і студыі. Матэрыяльна-тэхнічная база прыведзена ў адпаведнасць сучасным стандартам: набыты новая мэбля і аргтэхніка, швейнае абсталяванне і музычныя інструменты, інтэрактыўныя панэлі, праектар, тэхналагічнае абсталяванне для актавай залы і студыі гуказапісу.
Як праінфармаваў дырэктар палаца Дзмітрый Андрэеў, у гэтым навучальным годзе больш чым у 400 аб'яднанняў па інтарэсах прыйшлі займацца каля 6 тысяч навучэнцаў. Прастора ініцыятывы, крыніца натхнення, лабараторыя росту для юных лідараў, даследчыкаў, эскперыментатараў і вынаходнікаў – такім ведаюць палац многія пакаленні віцябчан. Гэта вялікі ўтульны дом, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі развіваюць свае здольнасці, жаданні, інтарэсы дзякуючы заняткам любімай справай - мастацкай і тэхнічнай творчасцю, турысцка-краязнаўчай і эколага-біялагічнай дзейнасцю, спортам, грамадскай і даследчай працай. Выхаванцы прымаюць актыўны ўдзел у абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, турнірах, выставах, спаборніцтвах, навукова-практычных канферэнцыях, фестывалях. Непасрэдна на базе палаца ў мінулым годзе ва ўстанове дадатковай адукацыі амаль 35 тысяч навучэнцаў з усёй Віцебшчыны паўдзельнічалі прыкладна ў 200 абласных мерапрыемствах, этапах рэспубліканскіх конкурсаў, фестывалях, аглядах, выставах і спаборніцтвах. Цяпер інфраструктура дазваляе арганізоўваць і праводзіць іх на значна больш высокім узроўні, у тым ліку па фізкультурна-спартыўным, спартыўна-тэхнічным, турысцка-краязнаўчыі профілях.
- Мы імкнемся далучыць дзяцей да розных сфер нашага жыцця, каб яны маглі максімальна, комплексна сябе рэалізаваць, - паведаміў дырэктар палаца Дзмітрый Андрэеў. – Працуюць вопытныя педагогі, жыццёвым прызваннем якіх стала раскрыццё патэнцыялу моладзі, выхаванне актыўнай асобы, здольнай да творчай дзейнасці і самарэалізацыі, фарміраванне ў навучэнцаў устойлівай гарманічнай сістэмы адносін да гісторыі, грамадства, працы, іншых людзей, да сябе.
IMG_8602.JPG

Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі – сучасная шматпрофільная ўстанова дадатковай адукацыі. У новым навучальным годзе тут працягваюць заняткі папулярныя ў юных жыхароў горада “Дзіцячы АўтаМотаКлуб”, “Суднамадэляванне”,“Легаканструяванне і асновы робататэхнікі”, “РобаЛэнд”, “Webдызайн”, “3D дызайн”, “3D мадэляванне”, “Камп’ютарная графіка”, “Мультыстудыя”, кадэская школа, інтэрактыўны кантакт-цэнтр “# Актыўная моладзь” і школа валанцёра. Плённа працуюць аб’яднанні пешаходнага, веласіпеднага, воднага і лыжнага турызму, турысцка-прыкладнога мнагабор'я, спартыўнага арыентавання і скалалажання, паўэрліфтынгу. Аматары прыроды з задавальненнем наведваюць “Экалагічны экспрэс”, “Заалогію”, “Іхтыялогію”, “Экасвет” і “Акварыумистыку”. У аддзеле эстэтычнага выхавання займаюцца знаёмыя далёка за межамі вобласці і рэспублікі калектывы, якія маюць званне “ўзорны”: студыя-школа “Парасткi”, студыя выяўленчага мастацтва, тэатр мод “Наш стыль”, харэаграфічны ансамбль “Рамонкi”, дзіцяча-юнацкі тэатр “Мара”, цымбальны аркестр , вакальна-харавы калектыў “Дзвіна”, вакальная студыя “Асоль”, вакальна-эстрадная студыя “Серпантын”. Разынка гэтага навучальнага года – шматлікія новыя аб’яднанні, сярод якіх “Прататыпаванне”, “Тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў”, “Мехатроніка”, “Травазнайка”, “Свет роднай прыроды”, “Юны гідролаг”, аб'яднанне блогераў і дзіцячая тэлестудыя, “Юнармеец”, “Тэатр гульні”, “Саксафон”, “Труба, трамбон, барытон” – кожны можа знайсці справу па душы, і кожнага тут чакаюць і рады бачыць.
- Занятасць - безумоўна, ключавая пазіцыя ў дадатковай адукацыі, але зараз мы робім значны акцэнт яшчэ і на прафарыентацыі, - адзначыў Дзмітрый Хома. – Наша мэта, каб дзіця або падлетак праз заняткі ў аб’яднанні па інтарэсах знайшлі сябе. Практыка паказвае, што менавіта ў дадатковай адукацыі дзіця атрымлівае першапачатковую прафесійную арыентацыю. Такім чынам, гурткі і студыі часта з’яўляюцца першай прыступкай у прафесію.
Названы вышэй аспект дадатковай адукацыі стаў галоўнай тэмай размовы Ігара Васільевіча з прадстаўнікамі педагагічнага калектыву палаца дзяцей і моладзі. Міністр адукацыі расказаў аб арганізацыі ў Мінску дзіцячага тэхнапарка і падкрэсліў: для яго эфектыўнай работы і развіцця дадзенага напрамка ў цэлым неабходныя моцныя рэгіянальныя пляцоўкі, якія будуць дзейнічаць з прыцягненнем рэсурсаў тэхнапаркаў ВНУ, а таксама цэнтраў і палацаў творчасці дзяцей і моладзі. Сярод асноўных задач -- папярэдні адбор таленавітых і адораных дзяцей, ранняя прафарыентацыя.
- У дадатковай адукацыі на цяперашні час больш ярка праяўляецца мастацка-эстэтычны ўхіл, - выказаў меркаванне Ігар Карпенка. – Такіх аб’яднанняў па інтарэсах нямала, узровень творчасці многіх з іх – падстава для шчырага гонару за поспехі выхаванцаў і іх педагогаў. Неабходна выйсці на падобны, а лепш – на больш высокі ўзровень у прафарыентацыі, тэхнічнай творчасці і даследчыцкай дзейнасці, каб на занятках дзеці на практыцы знаёміліся з запатрабаванымі ў рэальным сектары эканомікі спецыяльнасцямі - у тым ліку мехатронікай, праграмаваннем, камп’ютарным мадэляваннем, перспектыўнымі навуковымі даследаваннямі, удзельнічалі ў правядзенні эксперыментаў, спрабавалі зрабіць штосьці сваімі рукамі і атрымлівалі першы прафесійны вопыт. Прычым трэба падмацаваць заняткі кансультаваннем, спецыяльнымі праграмамі. Гэта наша задача ўжо на сёння і на бліжэйшую перспектыву.

Таццяна Бондарава /Віцебск/ для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі
Вернуться к списку новостей