Министерство образования
Республики Беларусь

Образование во имя будущего страны

У БДУІР адкрыты сучасны вучэбна-лабараторны корпус

Опубликовано: 08.09.2017

Сёння ў сталіцы быў урачыста адкрыты восьмы вучэбна-лабараторны корпус Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Як паведаміў рэктар БДУІР Міхаіл Батура, гэта падарунак Мінску да 950-годдзя.  
.doc-4050093.jpg

У цырымоніі адкрыцця новага корпуса ўзялі ўдзел міністр адукацыі Ігар Карпенка, кіраўнік адміністрацыі Партызанскага раёна Дзяніс Аўсяннікаў, генеральны дырэктар будаўнічага трэста № 7 Барыс Шэрман, рэктар БДУІР Міхаіл Батура. Ганаровыя госці традыцыйна разрэзалі атласную стужку, пасля чаго азнаёміліся з новым корпусам, дзе рэалізаваны самыя сучасныя адукацыйныя тэхналогіі.

.doc-4050123.jpg

Восьмы корпус БДУІР у многім унікальны. У будынку размешчаны лекцыйныя залы, вучэбныя лабараторыі, камп’ютарныя класы, зала для канферэнцый, а таксама цэнтр відэаканферэнцсувязі і анлайн-заняткаў для студэнтаў дыстанцыйнай формы навучання. Тут жа будзе арганізавана сеткавае навучанне для прадстаўнікоў іншых універсітэтаў. На плошчы 5 тысяч квадратных метраў створана цалкам безбар’ернае асяроддзе. 
Цэлы паверх у новым конкурсе аддадзены пад студэнцкі бізнес-інкубатар, дзе маладыя людзі — аўтары цікавых ідэй змогуць атрымаць дапамогу ў рэалізацыі сваіх задум, іх ператварэнні ў бізнес і выхадзе на рынак. Тут створана 10 пляцовак, абсталяваных мэбляй і аргтэхнікай, для работы каманд. Ужо зараз у бізнес-інкубатары “прапісаліся” 6 рэальных праектаў, кожны з якіх курыруе ментар — супрацоўнік БДУІР, спецыяліст з Парка высокіх тэхналогій ці вучоны з Нацыянальнай акадэміі навук.

.doc-4050113.jpg

— Адна з перспектыў развіцця вышэйшай школы Беларусі — стварэнне ўніверсітэта 3.0, што мае на мэце не толькі навучальны працэс, але і развіццё навукі, а таксама камерцыялізацыю вынікаў навуковай дзейнасці, — адзначыў міністр адукацыі Ігар Карпенка. — І ў гэтым плане БДУІР рухаецца наперад, рыхтуючыся перайсці да мадэлі 3.0. Мы бачым, што галоўнае тут нават не абсталяванне, а змест работы. Студэнцкі бізнес-інкубатар БДУІР дазволіць развівацца маладзёжным ініцыятывам — гэта вельмі перспектыўны напрамак дзейнасці.

Галіна СІДАРОВІЧ для прэс-цэнтра Мiнiстэрства адукацыi. Фота Алега ІГНАТОВІЧА.
Вернуться к списку новостей