Государственный герб Республики Беларусь

Министерство образования
Республики Беларусь

Образование во имя будущего страны
Опубликовано: 10.09.2017

Адкрыццё злёту адбылося ў нядзелю 10 верасня. Пад музыку духавога аркестра калона лепшых з лепшых юных турыстаў Беларусі і Расіі прайшла вуліцамі Оршы ад плошчы Леніна да Іезуіцкага калегіума, плошча ля якога і стала цэнтрам урачыстасцей.

.doc-4050273.jpg

Пажаданні добрага надвор’я, паспяховых спартыўных стартаў, яркіх турысцкіх вогнішчаў, душэўных песняў і моцнага сяброўства ўдзельнікам злёту адрасавалі Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота і міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка. 
.doc-4050263.jpg

--Гэты маштабны спартыўна-адукацыйны праект працягвае лепшыя традыцыі сістэмы адукацыі, збірае энергічных, актыўных юнакоў і дзяўчат для сяброўскіх і творчых зносін, прадастаўляе выдатную магчымасць праявіць свае здольнасці, -- гаворыцца ў пасланні Рыгора Рапоты. -- Юным турыстам Расіі і Беларусі ў гэтыя дні трэба будзе прадэманстраваць свае веды і кемлівасць, каманднае адзінства і ўзаемадапамогу, уменне кантактаваць з равеснікамі і дарослымі. Упэўнены, што набытыя ў турысцкіх спаборніцтвах навыкі, фізічная загартоўка, лідарскія якасці стануць трывалай асновай для вашага развіцця. Удзел у злёце – яшчэ і ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з культурна-гістарычнай спадчынай і прыроднай разнастайнасцю Аршанскага краю – прыгажэйшага кутка Беларусі, пераканацца ў сіле сяброўства Расіі і Беларусі, вытокі якога – у адзінстве культур, традыцый, гістарычных лёсаў двух славянскіх народаў. 
Гасцінная Аршаншчына прымае ў гэтыя дні 32 каманды рэгіёнаў Расіі і 8 каманд абласцей і сталіцы нашай рэспублікі. 
- Выдатна, што ў гэтым саюзным праекце імкнуцца ўдзельнічаць маладыя людзі з усіх рэгіёнаў Беларусі і Расіі, якія захоплены вывучэннем гісторыі і прыроды нашых краін, а таксама вядуць актыўны лад жыцця, -- адзначана ў прывітальным адрасе Ігара Карпенкі. -- Па традыцыі арганізатары выбіраюць для турысцкага злёту найбольш цікавыя і запаветныя мясціны. Сёлета гэта Аршанскі раён Віцебскай вобласці, багаты сваёй гісторыяй, культурнымі і архітэктурнымі славутасцямі. Далучэнне да старонак нашай агульнай гісторыі, вывучэнне прыроды роднага краю, пазнанне новага і цікавага стануць важным укладам у фарміраванне вашай актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Турысцкі злёт – гэта яшчэ і сяброўскія зносіны, станоўчыя эмоцыі, уменне пераадольваць перашкоды і цяжкасці. 
Сустрэча і спаборніцтва паміж наймацнейшымі юнымі турыстамі дзвюх краін стала трывалай традыцыяй. Найперш злёт накіраваны на ўмацаванне сяброўскіх сувязей паміж моладдзю Расіі і Беларусі, далейшае развіццё турысцка-краязнаўчай работы з навучэнцамі, павышэнне іх турысцкага майстэрства, а таксама вывучэнне, абагульненне і прапаганду перадавога вопыту арганізацыі турысцка-краязнаўчай работы з навучэнцамі. 
-- Учора я святкаваў 870-годдзе Масквы. Сёння ўдалося заспець святкаванне 950-годдзе Мінска, Оршы сёлета таксама споўнілася 950 годаў. Вось так сябруюць нашы народы, адзіныя ў сваёй гісторыі і культуры, -- падзяліўся ўражаннямі дырэктар Фэдэральнага цэнтра турызму і краязнаўства Расійскай Федэрацыі Сяргей Лачан. – Спадзяюся, што і нашы ўдзельнікі не толькі праявяць каманднае адзінства і волю да перамогі, але і знойдуць новых сяброў, даведаюцца многа новага і цікавага пра гісторыю Аршаншчыны, сваіх равеснікаў і саміх сябе. Гэта будзе добрым урокам. 
Удзел у спаборніцтвах прымаюць юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў. Аб насычанасці праграмы злёту можна было меркаваць ужо па першым яго дні. Пасля афіцыйнага старту госці Оршы дэсталёва пазнаёміліся са славутасцямі старажытнага горада падчас экскурсій. Затым дружна адправіліся ўсталёўваць палатачны лагер на беразе Дняпра каля вёскі Зорная, а ўвечары паляну злёту запоўнілі музыка і спевы – выдатны канцэрт падарылі юным турыстам лепшыя самадзейныя калектывы і выканаўцы ўстаноў адукацыі Віцебскай вобласці. 
--Другі раз у гісторыі правядзення турысцкіх злётаў навучэнцаў Саюзнай дзяржавы мы маем гонар звацца яго гаспадарамі, -- падкрэсліў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома. -- Турызм – гэта не толькі палатачны лагер, спаборніцтвы, медалі і перамогі. Гэта здаровы лад жыцця, стыль, які з кожным днём становіцца ўсё больш папулярным у сучаснай моладзі, і я рады, што кожны з удзельнікаў злёту выбраў яго для сябе. Шчыра веру ў тое, што для многіх з іх удзел у дадзеным мерапрыемстве стане першым сур’ёзным крокам да будучых перамог на міжнароднай арэне, а сем дзён, праведзеных на нашай зямлі, пакінуць яркі след у душы кожнага юнага турыста як незабыўная падзея. Моладзь – наша будучыня, ёй жыць і вяршыць лёсы нашых краін, рабіць іх мацней, багацей і прыгажэй. А для гэтага неабходна натхнёна працаваць у школьных класах, бібліятэках, спартыўных залах, на турысцкіх трасах, каб усё намечанае атрымалася, а задуманае спраўдзілася. Няхай на гэтым няпростым шляху ў кожнага будуць свае заслужаныя перамогі. 
.doc-4050283.jpg

Праграма злёту ўключае абавязковыя для ўдзелу асабістыя і камандныя спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні і турысцка-прыкладным шматбор'і ў тэхніцы пешаходнага турызму, конкурсы краязнаўцаў, насценгазет «Будні злёту», турысцкай песні, на лепшае абсталяванне лагера і прадстаўленне каманды. Па-за конкурсам адбудуцца спаборніцтвы па футболе, валейболе, тэхніцы веласіпеднага турызму. Таксама юных турыстаў чакаюць экскурсіі па гістарычных і памятных мясцінах Віцебскай вобласці, канцэрты, вечары сяброўства і сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Пераможцы, прызёры, актыўныя ўдзельнікі злёту будуць узнагароджаны памятнымі кубкамі, граматамі, дыпломамі і заахвочвальнымі прызамі. Дзве каманды, якія прадэманструюць найвышэйшыя вынікі ў заліку па ўсіх спаборніцтвах і конкурсах, будуць узнагароджаны спецыяльнымі прызамі і дыпломамі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.

Таццяна Бондарава для прэс-цэнтра Мiнiстэрства адукацыi. Фота аўтара.
Вернуться к списку новостей