Министерство образования Республики Беларусь

Цыркавы дэбют для талентаў

Опубликовано: 27.12.2018

DSC_4180_1_1.jpg

Паўтары тысячы школьнікаў з усёй краіны сустрэліся сёння ў Беларускім дзяржаўным цырку, каб акунуцца ў атмасферу казкі, цудаў і радасці. З навагоднім настроем адправіліся ў двухгадзіннае падарожжа па казачнай краіне выдатнікі, юныя навукоўцы, пераможцы алімпіяд, стартсмены, творчыя таленты. Свята праходзіць у рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.
Пакуль маленькія поні важна правозяць сваіх юных вершнікаў па арэне, дзеці ў зале не могуць дачацацца пачатку прадстаўлення. Для большасці гледачоў сёлетняя казка ў цырку – першая ў жыцці.
Маша Цімашэнка з сярэдняй школы № 2 Жлобіна – будучы філолаг, прызёр абласной алімпіяды па рускай мове, нават у сталіцы да гэтага дня ніколі не была, хоць заўсёды пра гэта марыла. А самым галоўным у спісе абавязковых для наведвання месцаў у яе марах быў менавіта цырк. Першыя ўражанні, якія дзяўчынка атрымала ў цырку, былі найлепшыя.
Васьмігадовая Кіра Якун з Новай Гуты (Гомельскі раён), пераможца абласнога конкурсу па вакальным майстэрстве, так часта бывае на сцэне, што не заўсёды знаходзіць час на адпачынак. Дзяўчынка ўвогуле ніколі не была ў цырку, але па чутках ведае, што пад купалам абавязкова будуць гімнасты, будуць смяшыць дзяцей клоўны і будуць гледачам кланяцца сланы.
У Дашы Доліс, юнай біятланісткі з Навагрудка, таксама цыркавы дэбют. Дзяўчынка ўпэўнена, што зарад святочна-навагодняга настрою, снежнае надвор’е і новыя ўражанні дапамогуць ёй заваёўваць будучыя перамогі.
Навагодні спектакль і падарункі ў Белдзяржцырку сталі традыцыйнымі падарункамі для маленькіх гледачоў, і гэта яшчэ раз нагадвае, што цуды ёсць. Толькі каб іх убачыць, варта трошкі пастарацца.

Святлана НІКІФАРАВА для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега Ігнатовіча.
Вернуться к списку новостей