Министерство образования Республики Беларусь

Сяброўскія абдымкі на фестывальных фотаздымках

Опубликовано: 23.10.2018

DSC_6443_1.jpg

Першая ў Беларусі музейная экспазіцыя, прысвечаная сусветнаму фестывальнаму руху моладзі і студэнтаў, адкрылася ўчора на базе сярэдняй школы №179 Мінска. Яна распачала камсамольскі тыдзень, прысвечаны100-годдзю маладзёжнага руху ў Беларусі. На першую экскурсію завіталі ўдзельнікі фестываляў мінулых гадоў. Былі сярод іх і члены дэлегацыі мінулагодняга фестывалю ў Сочы, якую ўзначальваў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка.
Першыя музейныя экспанаты ўжо знайшлі сваё месца.

DSC_6427_1.jpg

Тут інфармацыя пра 19 фестываляў моладзі і студэнтаў: на карце свецяцца ўсе краіны, дзе праходзіла мерапрыемства. На вялікіх фотаздымках — усмешкі і сяброўскія абдымкі, фестывальныя канцэрты, інтэрнацыянальныя песні пад гітару. Значная частка экспазіцыі — падарункі ўдзельнікаў фестывалю: кепкі, футболкі, блакноты, калекцыя адзення, пашытая спецыяльна для беларускіх ўдзельнікаў ХІХ Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў. Многія экспанаты перадалі ў музей члены БРСМ. Частка рэчаў — падарунак міністра адукацыі. Учора ён падарыў новаму музею яшчэ і інтэрактыўны экран і планшэты. Экспазіцыю папоўніў таксама нацыянальны сцяг, з якім беларусы ўдзельнічалі ў сусветным злёце моладзі.
Па словах Ігара Васільевіча Карпенкі, ідэя стварыць такую музейную экспазіцыю нарадзілася ва ўдзельнікаў беларускай каманды, якая восенню мінулага года прымала ўдзел у фестывалі ў Сочы. А вось наконт месца яго прапіскі ініцыятарам доўга думаць не давялося.
“Фрунзенскі раён — гэта адзін з самых маладых раёнаў не толькі сталіцы, але і краіны ў цэлым, ён актыўна развіваецца, пашыраецца. Менавіта тут умеюць шанаваць гісторыю. І тут ёсць традыцыя — ва ўсіх школах раёна ствараць музейныя экспазіцыі, — зазначыў Ігар Васільевіч падчас адкрыцця і дадаў: — Спадзяюся, што ў межах новай пляцоўкі ў вас з’явіцца яшчэ адна традыцыя — наладжванне зносін з удзельнікамі фестывальнага руху, збор матэрыялаў, артэфактаў. Акрамя таго, спадзяюся бачыць гэты музей пляцоўкай для маладзёжных ініцыятыў не толькі школ раёна, але і рэгіёнаў,а таксама замежжа, каб развіваць формы інтэрнацыянальнага выхавання. Сёння, як ніколі, важна ўмацоўваць мір і бяспеку ў сусветным маштабе, бо, хоць і заклікалі ўсе фестывалі да міру, на жаль, свет не стаў дабрэйшым, палаюць лакальныя ваенныя канфлікты. І мы вельмі спадзяёмся, што, усведамляючы, якую цану плацілі за мір нашы продкі падчас Вялікай Айчыннай вайны, моладзь будзе рабіць усё, каб на нашай зямлі заўсёды быў мір і ўсе народы адчувалі сябе ў згодзе”.
Ігар Васільевіч нагадаў, што ў Савецкім Саюзе фестываль праводзіўся двойчы і што менавіта камсамол стаяў ля вытокаў фестывальнага руху.
Абгрунтоўваючы нагоду для вывучэння гісторыі УЛКСМ, Дзмітрый Варанюк, першы сакратар ЦК БРСМ, адзначыў: “Сёння многае з таго, што мае наша краіна, — гэта справа камсамольцаў мінулых гадоў. За 100 гадоў мы атрымалі ўнікальную спадчыну, абапіраючыся на якую, і сёння працягваем цікавыя камсамольскія ініцыятывы, напрыклад, добраахвотніцкі і студатрадаўскі рух, а таксама рэалізоўваем новыя. Камсамольскія будоўлі вырасталі ў нас у цэлыя гарады. Так, менавіта рукамі камсамольцаў пабудаваны Жодзіна, Салігорск, Светлагорск, Наваполацк і многія іншыя. Мы павінны пра гэта ведаць і памятаць. У многім гэтай дасведчанасці паспрыяе новы музей”.
DSC_6367_1.jpg

Адкрыццё фестывальнай экспазіцыі стала толькі пачаткам юбілейнага тыдня. У ліку буйных запланаваных мерапрыемстваў І.В. Карпенка назваў прэзентацыю кнігі нарысаў гісторыі камсамола Беларусі, адкрыццё тэматычнай экспазіцыі ў Нацыянальным мастацкім музеі, цырымонію ўрачыстага гашэння тэматычнай маркі, адкрыццё памятнага знака ў гонар 55-годдзя студатрадаўскага руху краіны. Кульмінацыяй юбілею стане святочны канцэрт у Палацы Рэспублікі.

Святлана НІКІФАРАВА для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега Ігнатовіча.
Вернуться к списку новостей