У праграму візіту ў нашу краіну міністра вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Узбекістан Інома Маджыдава было ўключана наведванне Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, які з’яўляецца галоўнай навучальнай установай у Беларусі па падрыхтоўцы педагагічных кадраў. Суправаджаў узбекскага калегу міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка.
Рэктар універсітэта Аляксандр Жук расказаў гасцям пра асаблівасці вучэбна-выхавачага працэсу ў сваёй установе. Іном Маджыдаў з цікавасцю агледзеў экспазіцыю музея БДПУ імя М. Танка, наведаў галерэю карцін вядомых асветнікаў Беларусі, завітаў у краму, пазнаёміўся з новымі вучэбнымі аўдыторыямі, абсталяванымі сучаснай тэхнікай, спартыўнымі пляцоўкамі (басейн, трэнажорная зала). Як заўважыў рэктар педуніверсітэта, шанаванне гісторыі і развіццё ўстановы ў інавацыйным рэжыме спрыяе захаванню багатых традыцый і росту якасці сучаснай прафесійнай падрыхтоўкі будучых педагогаў.
З 2017 года ў педагагічным універсітэце дзейнічае Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі, пры наведванні якога ўзбекскія калегі пацікавіліся не толькі яго адукацыйнымі магчымасцямі, але і механізмам стварэння. Падчас дыялогу прадстаўнікоў рэктарата БДПУ з гасцямі з Узбекістана ўзнімаліся не толькі пытанні прафесійнай падрыхтоўкі будучых настаўнікаў, але і прынцыпу адбору абітурыентаў для паступлення ў педуніверсітэт. Як заўважыў міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка, для абітурыентаў у нашай краіне створаны спрыяльныя і справядлівыя ўмовы для паступлення ў высшэйшыя навучальныя ўстановы.
“Цэнтралізаванае тэсціраванне ― не ідэальная сістэма (іх у прынцыпе не існуе), але дае магчымасць адабраць лепшых. Што датычыцца жадаючых паступіць у БДПУ імя М. Танка, то для іх існуюць некаторыя прэферэнцыі, але яны датычацца толькі медалістаў і выпускнікоў педкласаў. Увогуле мы імнёмся рабіць упор на дапрофільную падрыхтоку нашых школьнікаў. Акрамя класаў педагагічнай накіраванасці, у нас ёсць яшчэ, напрыклад, мытныя класы, з гэтага года пачалі працаваць аграрныя класы. А каб развіваць нашых таленавітых і здольных дзяцей у рэчышчы сучасных тэхналогій, плануем адкрыць дзіцячы тэхнапарк ”, ― адзначыў Ігар Васільевіч.
Міністра вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Узбекістан вельмі зацікавіла наша сістэма адбору абітурыентаў і сістэма прафесійнай падрыхтоўкі настаўнікаў і спецыялістаў дашкольнай адукацыі. Дамовіліся правесці міжнародную канферэнцыю па абмену вопытам. Трэба сказаць, што БДПУ імя Максіма Танка ўжо супрацоўнічае са сваімі калегамі з Ташкенцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Нізамі. У верасні бягучага года рэктары падпісалі дамову ад стварэнні на базе ТДПУ імя Назані сумеснага з нашым педуніверсітэтам факультэта інавацыйнай педагогікі. Ужо з другой паловы кастрычніка тут вядзецца навучанне па спецыяльнасцях “Лагапедыя”, “Дашкольная адукацыя” і “Практычная псіхалогія”.
Можна меркаваць, што візіт міністра вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Узбекістана Інома Маджыдава ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка пашырыць і напоўніць новым зместам ужо наладжанае супрацоўніцтва ў сферы педагагічнай адукацыі.
**********
Яшчэ адной кропкай для наведвання дэлегацыі з Узбекістана стала студэнцкая вёска. Госці былі ўражаны яе маштабам. Прынамсі ва Узбекістане не пабудуеш будынак вышэй за 7 паверхаў: сёйсмічныя зоны дыктуюць свае патрабаванні для будаўнікоў. Таму ў інтэрнаце Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта на 18 паверсе прадстаўнікі ўзбекскай дэлегацыі адчулі захапленне і змаглі палюбавацца пейзажамі сучаснага Мінска з вышыні.
Намеснік міністра адукацыі нашай краіны Сяргей Руды паказаў умовы жыцця беларускіх студэнтаў ― прасторныя і сучасныя пакоі, залы для спорту, заняткаў і адпачынку, і расказаў пра перспектывы ўдасканалення інфраструктуры студэнцкай вёскі. Міністр вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Узбекістан Іном Маджыдаў цікавіўся тэхнічнымі пытаннямі і праектнай магутнасцю сучаснага будынку інтэрната. “Стварэнне камфортных умоў для пражывання студэнтаў ― значны ўнёсак у развіццё якаснай адукацыі. Нам ёсць чаму ў вас павучыцца”, ― адзначыў ён.