Министерство образования
Республики Беларусь

Образование во имя будущего страны

Рабочыя прафесіі – не проста прэстыжна, але яшчэ і запатрабавана

Опубликовано: 20.12.2019

03.jpg

У рамках адкрыцця рэсурснага цэнтра “Будаўнічыя тэхналогіі” ў Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы адбылася сустрэча ўдзельнікаў і пераможцаў рэспубліканскага і міжнароднага чэмпіянатаў WorldSkills і JuniorSkills са старшакласнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі абласнога цэнтра і іх настаўнікамі, кіраўнікамі вядучых рэгіянальных прадпрыемстваў і арганізацый машынабудаўнічага профілю, навучэнцамі каледжа. У адкрытым дыялогу прынялі ўдзел Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі і дырэктар ВДТК, старшыня Савета дырэктараў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Віцебскай вобласці Аляксандр Ласякін. Маладыя, таленавітыя і паспяховыя майстры расказалі равеснікам, як яны ідуць у прафесію і якой бачаць сваю будучыню, што ім дапамагае дасягнуць высокіх вынікаў, у тым ліку ў спаборніцтвах WorldSkills.

02.jpg

– Такі вопыт дарагога варты, – адзначыў Ігар Карпенка. – Іх прыклад пераканаўча пацвярджае, што выбар на карысць прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі не выключае далейшае паступленне ў профільны ўніверсітэт, а, наадварот, робіць гэты шлях адаптаваным і кожны наступны крок па ім – больш усвядомленым. Рабочыя прафесіі – не проста прэстыжна, але яшчэ і запатрабавана. Тая ж мехатроніка вывучаецца як на ўзроўні вышэйшай, так і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэтая схема дазваляе вам не спыняцца на дасягнутым, а паэтапна рухацца да пэўнай мэты, удасканальваючы свае ўменні, навыкі, прафесійнае майстэрства. Дарэчы, за мяжой, у тым ліку і ў некаторых еўрапейскіх краінах, ёсць дакладна акрэслены фармат прафесійнага руху: даецца толькі адна магчымасць скарыстацца бюджэтным фінансаваннем прафесійнай адукацыі, або на прафесійна-тэхнічным, або на вышэйшым узроўні -- астатнія варыянты выключна на платнай аснове. У нас значна больш вектараў для рэалізацыі вашых прафесійных намераў. Больш за тое, у бліжэйшы час мы плануем унесці шэраг змяненняў у правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі, прадаставіўшы выпускнікам каледжаў, якія не менш за 2 гады адпрацавалі па сваёй спецыяльнасці (для юнакоў, калі яны яшчэ і адслужылі 2 гады ў арміі) магчымасць паступлення на завочнае аддзяленне па-за конкурсам. Невыпадкова мы гаворым, што сёння практыка-арыентаваная падрыхтоўка мае на ўвазе засваенне практычных навыкаў на ўсіх узроўнях прафесійнай адукацыі. Напрыклад, у рэсурсным цэнтры, які мы адкрылі, будуць займацца і навучэнцы, і студэнты профільных спецыяльнасцей. Таму што сапраўды важны не ўзровень атрыманай адукацыі, а яе якасць: каб у эканоміку прыходзілі прафесіяналы сваёй справы, якія будуць развіваць эканамічны патэнцыял нашай краіны. Ад гэтага напрамую залежыць і сацыяльная сфера, дабрабыт кожнага чалавека, яго сям’і, рэгіёна, дзяржавы.

У завяршэнне сустрэчы творчыя калектывы ВДТК падарылі гасцям яркую канцэртную праграму.

Пресс-центр Министерства образования.
Вернуться к списку новостей