Министерство образования
Республики Беларусь

Образование во имя будущего страны

Праз кнігі ў гісторыю мінулага

Опубликовано: 24.04.2019

DSC_0877.JPG

У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі адкрыўся музей “Вучэбная кніга ў гісторыіі адукацыі”. Чырвоную стужку перарэзаў міністр адукацыі Ігар Карпенка.
Музей ствараўся па ініцыятыве і падтрымцы міністэрства адукацыі нашай краіны.“Сёння мы бяром удзел у неардынарнай падзеі — адкрыцці музея “Вучэбная кніга ў гісторыіі адукацыі”. Беларуская вучэбная кніга стала важным гісторыка-культурным сімвалам нашай краіны. Створаныя на беларускай зямлі кнігі ўздзейнічалі на еўрапейскую адукацыю. Першы буквар з’явіўся дзякуючы менавіта беларускім асветнікам.
Ствараючы такі музей, мы аддаём даніну павагі беларускай адукацыі, яе гісторыі, людзям. Сучасныя тэхналогіі дазволілі аднавіць кніжныя помнікі мінулага. Іх можна пагартаць у электронным фармаце, адчуўшы дыханне часу. А некаторыя адноўленыя выданні нават патрымаць у руках. Асобна хачу падзякаваць супрацоўнікам акадэміі і Нацыянальнай бібліятэкі за карпатлівую працу”, — адзначыў міністр адукацыі.
Стварэнне музея дазволіла прадставіць кнігі за больш чым 1000-гадовы перыяд, пачынаючы з IX стагоддзя. Пры гэтым удалося дамагчыся паўнаты і сістэмнасці прадастаўлення гісторыі вучэбнага кнігавыдання, што дапаможа ўзбагаціць кожнага педагога. Музейны зал стане не проста экспазіцыяй, а вучэбнай аўдыторыяй. 
“Вучэбная кніга адлюстроўвае гісторыю адукацыі. Яна ж яе і стварае. Трэба памятаць, што ў вучэбнай кнігі — самая вялікая колькасць чытальнікаў. Яе ўплыў на асобу вучня цяжка пераацаніць. Такая кніга не толькі вучыць, але і выхоўвае нават сваім знешнім выглядам”, — падкрэсліў Ігар Карпенка.
Вучэбная кніга пастаянна мяняецца. І гэта нармальна, бо ствараецца яна для сучаснага вучня. Мяняюцца шрыфты, ілюстрацыі, прасцей і даступней становіцца мова падручніка, уводзяцца элементы дапоўненай рэальнасці. Многія параметры сучаснага падручніка сведчаць пра тое, што мы дасягнулі ў гэтай галіне пэўнага поспеху. Значная частка гэтага поспеху — у апірышчы на гісторыю і традыцыі беларускай вучэбнай кнігі.
Створаная музейная экспазіцыя наглядна паказвае, як няпроста ствараліся вучэбныя кнігі, наколькі эрудзіраваным і навукова падкаваным павінен быць аўтар ва ўсе часы. Работа па пашырэнні музея будзе працягнута, з’явяцца экспазіцыі сучасных падручнікаў. Але тут, як заўважыў міністр, трэба памятаць, што музей вучэбнай кнігі — не маўклівы збор старых выданняў, а дзейсны сродак навучання і выхавання не толькі педагогаў, але і навучэнцаў. 
“Экспазіцыя музея ўключае экспанаты, перададзеныя нацыянальнай бібліятэкай, установамі адукацыі нашай краіны, бібліятэкамі, асобнымі настаўнікамі і вучнямі. Тут можна ўбачыць кнігі і макеты, вырабленыя педагогамі і навучэнцамі. Ёсць інтэрактыўныя камп’ютарныя заданні па тэматыцы музея, якія стварылі педагогі”, — паведаміў рэктар АПА Андрэй Манастырны.
Пакуль адкрылі першую залу музея, якая ахоплівае перыяд ад Тураўскага і Полацкага княстваў да заканчэння Вялікай айчыннай вайны. Пасля будзе працягнута праца над перыядам другой паловы XX стагоддзя і перыядам сучаснай Рэспублікі Беларусь. 

Вольга ДУБОЎСКАЯ “Настаўніцкая газета” для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота аўтара
Вернуться к списку новостей