Министерство образования
Республики Беларусь

Образование во имя будущего страны

Нефармальная сустрэча

Опубликовано: 11.10.2019

DSC_9992.jpg

У чацвер, 10 кастрычніка, Міністр адукацыі Ігар Карпенка правёў нефармальную сустрэчу са старшакласнікамі сярэдняй школы № 217 Мінска. У верасні міністр наведваў гэтую навучальную ўстанову ў межах праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”, і паябяцаў школьнікам запрасіць іх да сябе, каб яны маглі пазнаёміцца з працоўнымі буднямі міністэрства.
Для вучняў 8-11 класаў і іх педагогаў былі адкрыты кабінет для перамоў і сустрэч, дзе яны даведаліся пра правілы дзелавога этыкету і пратаколу. Затым юным гасцям паказалі, як супрацоўнікі міністэрства працуюць з дакументамі. Ну і зразумела, па запрашэнні міністра, яны пабылі ў яго працоўным кабінеце. Як адзначыла дырэктар сярэдняй школы № 217 Алена Падлубная, уражанняў ад убачанага хопіць на доўга.
Цэнтральнай жа падзеяй для школьнікаў і іх педагогаў стала нязмушаная размова з міністрам адукацыі. Спачатку, каб госці атрымалі поўную карцінку аб структуры і дзейнасці галіновага ведамства, Ігар Васільевіч паведаміў, што апарат міністэрства — гэта ўсяго 90 супрацоўнікаў і 10 памочнікаў, якія забяспечваюць развіццё ўсіх ўзроўняў адукацыі.
У цяперашні час у краіне працуюць больш за 8 тысяч устаноў адукацыі, якія прадстаўляюць усе яго ўзроўні. Навучанне і выхаванне больш за 3 млн. дзяцей, навучэнцаў, студэнтаў і слухачоў забяспечваюць каля 430 тысяч работнікаў сістэмы адукацыі. Рэспубліка Беларусь у рэйтынгу дзяржаў па індэксу чалавечага развіцця па паказчыках у сферы адукацыі адносіцца да дзяржаў з вельмі высокім узроўнем чалавечага развіцця.
“Сёння адбываецца магутны працэс змены адукацыйнай парадыгмы: цяпер настаўнік не з’яўляецца галоўнай крыніцай інфармацыі. У сувязі з гэтым узнікае пытанне, як сучаснаму вучню з’арыентавацца ў вялікім патоку інфармацыі? І дапамагаць яму ў гэтым павінен педагог”, — заўважыў міністр. Разам з тым, роля настаўніцкай дзейнінасці на фарміраванне сацыялізіраванай асобы па-ранейшаму з’яўляецца ключавой. Бо менавіта настаўнікі на сваіх уроках і ў пазаўрочнай дзейнасці дапамагаюць кожнаму вучню раскрыць свае самыя лепшыя якасці і здольнасці. Інтэрнет на такое не здатны.
У нашыя дні ва ўсіх сферах прафесійнай дзейнасці вітаецца крэатыўнасць і ўменне працаваць ў камандзе. Як адзначыў міністр, патрэбны не проста высокакласныя спецыялісты, а людзі здольныя генерыраваць ідэі і прапаноўваць алгарытмы іх укаранення ў жыццё і вытворчасць. Светам правяць тэхналогіі, але яны нічога не варты без чалавечых рэсурсаў. Але каб кіраваць такімі тэхналогіямі, неабходна пастаянна вучыцца і самаўдасканальвацца. Наша адукацыя дае такую магчымасць, яна забяспечвае трывалую аснову для росту і развіцця кожнаму жадаючаму.
Фарматам сустрэчы школьнікаў з міністрам стаў дыялог. Старшакласнікі актыўна задавалі пытанні. Напрыклад, “Сёння папулярнай і запатрабаванай з’яўляецца кітайская мова. Ці не здаецца вам, Ігар Васільевіч, што настане час, і кітайская выцесне такую пашыраную на сёння англійскую мову?”
“Такое наўрад здарыцца. Прынамсі ў нас кітайская мова, як асноўная замежная, вывучаецца толькі ў 24 школах краіны (з агульнай колькасці крыху больш за 3000). У Кітае дзейнічае 11 Цэнтраў беларускай мовы і культуры, што сведчыць і пра зацікаўленасць з іх боку да нашай краіны. А увогуле я за нацыянальную разнастайнасць. Сёння важна ведаць розныя мовы, культуры і традыцыі. Так, у нашай краіне жывуць (і добра ўжываюцца) грамадзяне розных нацыянальнасцей”, — заўважыў Ігар Карпенка.
Адказваючы на пытанне наконт больш шырокага распаўсюджвання беларускай мовы, міністр заўважыў, што тут кожнаму беларусу трэба пачынаць з сябе. І, калі, ёсць жадаючыя вучыцца на беларускай мове, то гэтую ініцыятыву трэба падтрымліваць. Дарэчы, у галіновым міністэрстве адукацыі ўвесь справазварот вядзецца як на рускай мове, так і на беларускай.
Адна са школьніц пахваліла ініцыятыву БДУ, дзе будучым абітурыентам прапануюць на тыдзень акунуцца ў студэнцкую атмасферу, і прапанавала пашырыць такую практыку. Міністр падтрымаў ініцыятыву школьніцы, адзначыўшы, што прафесійная матывацыя вельмі важная рэч. Такая дзейнасць універсітэта дапамагае абітурыенту ў выбары будучай прафесіі, падыходзіць да гэтага больш удумліва. “Выдатна, калі вы не бегаеце з сертыфікатамі ЦТ па ўніверсітэтах, а падаеце дакументы мэтанакіравана”, — заўважыў Ігар Карпенка.
Напрыканцы сустрэчы адбыўся абмен падарункамі. Міністр адукацыі ўручыў школьнікам мячы і кнігі, а яны яму — памятны сувенір, зроблены ўласнымі рукамі. Ужо спускаючыся ў гардэроб навучэнцы сярэдняй школы № 217 сталіцы пачалі эмацыянальна дзяліцца ўражаннямі. Сустрэча атрымалася.

Вольга ДУБОЎСКАЯ для прэс-цэтра Міністэрства адукацыі. Фота аўтара
Вернуться к списку новостей