У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў XXIV Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў. У ёй прынялі ўдзел першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шумілін, акадэмік-сакратар аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэмік Валянцін Арловіч, рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Жук.
Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў праводзіцца з мэтай актывізацыі навукова-даследчай дзейнасці моладзі. З кожным годам ён прыцягвае ўсё больш і больш студэнтаў. Сёлета ў ім раскрылі свой творчы патэнцыял і прадэманстравалі навуковыя дасягненні амаль 4 тысячы чалавек з 55 устаноў вышэйшай адукацыі. Лаўрэатамі спаборніцтваў сталі 85 студэнтаў, магістрантаў, у тым ліку выпускнікоў магістратуры, якія скончылі навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі ў 2017 годзе.
— У гэтай зале сабраліся людзі, якія добра разумеюць не толькі пытанні, звязаныя з авалоданнем новымі ведамі ці стварэннем новых тэхналогій, але і што такое навуковае даследаванне, генерацыя новых ведаў і які шлях трэба прайсці ад навуковай ідэі да яе рэалізацыі ў прадукце ці на канкрэтным прадпрыемстве. Конкурс паказаў, што гэта абсалютна абгрунтаванае сцвярджэнне, — звярнуўся да прысутных, адкрываючы цырымонію ўзнагароджання, старшыня аргкамітэта конкурсу першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш. — Вялікая колькасць конкурсных работ мае акты, якія пацвярджаюць выкарыстанне іх вынікаў. Некаторыя з вас, нягледзячы на тое, што пакарылі толькі першыя прыступкі ў навуковай дзейнасці, ужо дайшлі да такога важнага кроку, які тычыцца абароны інтэлектуальнай уласнасці, і афармлялі заяўкі на вынаходніцтвы, карысныя мадэлі і г.д. Шчыра жадаю поспехаў, самарэалізацыі і, самае галоўнае, знайсці сябе ў навуцы, бо гэта тая дзейнасць, якая дасць магчымасць не толькі зрабіць штосьці карыснае, але яшчэ і забяспечыць развіццё і рэалізацыю тых ідэй, якія ўзнікнуць у будучыні. Ні адна творчая задача не вырашаецца без выкарыстання навуковых падыходаў. Вялікі дзякуй педагогам, без чыёй падтрымкі вашых высокіх вынікаў проста не было б!
Звання лаўрэатаў удастоены прадстаўнікі Акадэміі МУС: выпускніца магістратуры Ганна Матыліцкая і выпускнік факультэта міліцыі Сяргей Пятліцкі. Ганна перамагла з навуковай работай “Абарона камерцыйнай таямніцы і яе характэрныя асаблівасці”, а Сяргей паспяхова рэалізаваў даследаванне па тэме “Прававыя асновы і асаблівасці абароны асоб, якія аказваюць садзейнічанне на канфідэнцыяльнай аснове, прымаюць удзел у крымiнальным працэсе і аператыўна-пошукавай дзейнасці”. Дарэчы, Сяргей ужо быў заахвочаны за перамогу ў леташнім конкурсе прэміяй Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Сярод лаўрэатаў — прадстаўнікі БДПУ імя Максіма Танка: выпускніца магістратуры Таццяна Сталовіч з работай “Інтэнсіфікацыя пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў каледжа на аснове прымяненння электронных сродкаў навучання” (навуковы кіраўнік — кандыдат педагагічных навук дацэнт Вераніка Пунчык), выпусніца магістратуры Наталля Угляніца з даследаваннем “Стратэгіі пераадолення крызісных падзей жыццёвага шляху ў падлеткаў з замяшчальных сем’яў” (навуковы кіраўнік — кандыдат псіхалагічных навук дацэнт Наталля Пузырэвіч), магістрант Марыя Рак з даследаваннем “Методыка навучання сучаснай беларускай прозе з выкарыстаннем ЭАР (на матэрыяле творчасці Людмілы Рублеўскай)”, навуковы кіраўнік — кандыдат філалагічных навук дацэнт Ірына Гоўзіч.
Ад імя пераможцаў конкурсу словы ўдзячнасці выказала выпускніца магістратуры БДПУ імя Максіма Танка Таццяна Сталовіч: “Мы высока цэнім тую каласальную дапамогу, якую аказваюць у нашай дзяржаве для развіцця творчых здольнасцей. З іншага боку, мы разумеем тую ступень адказнасці, якую ўскладаюць на нас, маладое пакаленне, за будучыню нашай краіны. Гады вучобы ва ўніверсітэце — гэта час асобаснага і прафесійнага самавызначэння. Менавіта ў студэнцтве закладваецца фундамент для будучай дзейнасці. Правядзенне навуковых даследаванняў якраз і стала нашай любімай справай. Нашы навуковыя погляды фарміраваліся ў працэсе работы з навуковымі кіраўнікамі. Менавіта з іх дапамогай і былі рэалізаваны нашы думкі. Шчырыя словы ўдзячнасці нашым кіраўнікам і выкладчыкам!” — падкрэсліла Таццяна.