Министерство образования
Республики Беларусь

Образование во имя будущего страны

II Рэспубліканскі педагагічны форум

Опубликовано: 18.10.2019

34.JPG

16 – 17 кастрычніка 2019 года ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбыўся II Рэспубліканскі педагагічны форум “Стварэнне этнакультурнай прасторы як умова выхавання і сацыялізацыі навучэнцаў у сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”, які быў прысвечаны Году малой радзімы.

I Рэспубліканскі педагагічны форум, які адбыўся ў сакавіку 2017 года, стаў своеасаблівым стартам у сумесным асэнсаванні праблем культуралагічнага падыходу ў развіцці прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў. У цэнтры ўвагі II форуму было абмеркаванне сучасных падыходаў у выхаванні і сацыялізацыі асобы сродкамі беларускай народнай творчасці, прэзентацыя рэгіянальных сістэм і педагагічнага вопыту, інавацыйных практык у рэалізацыі праектаў і праграм у галіне этнакультурнага выхавання падрастаючага пакалення.

Форум сабраў больш за 250 удзельнікаў – педагагічных работнікаў, навучэнцаў – з абласных, раённых і сталічных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Мерапрыемства аб’яднала ўсіх педагогаў, якія мэтанакіравана займаюцца выхаваннем дзяцей сродкамі беларускай культурнай спадчыны, садзейнічаюць развіццю этнакультурнай прасторы ў сваіх рэгіёнах.

Да ўдзелу ў форуме таксама былі запрошаны прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі, грамадскіх аб’днанняў, якія займаюцца навуковымі даследаваннямі беларускай народнай творчасці: Калачова Ірына Іванаўна, этнолаг, загадчык кафедры сацыяльнай камунікацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар гістарычных навук, дацэнт; Лабачэўская Вольга Аляксандраўна, прафесар кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, доктар мастацтвазнаўства, дацэнт; Калацэй Вячаслаў Віктаравіч, загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кандыдат культуралогіі, дацэнт; Сусед-Вілічынская Юліяна Самсонаўна, дацэнт кафедры музыкі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, кандыдат педагагічных навук, дацэнт.

Праграма двухдзённага мерапрыемства змяшчала шэраг прадуктыўных форм прафесійных зносін і ўзаемадзеяння ў рамках навукова-практычнай канферэнцыі: пленарнае пасяджэнне; панарама-прэзентацыя “Фарміраванне этнакультурнага асяроддзя ва ўмовах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі: традыцыі, вопыт, інавацыі”; работа секцый “Перайманне, захаванне і трансляцыя культурных каштоўнасцей беларусаў у сучаснай адукацыйнай прасторы”; прэзентацыя апорнай метадычнай пляцоўкі цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” г. Мінска; бліц-панарама актуальнага педагагічнага вопыту “Этнакультурнае выхаванне дзяцей і моладзі: рэгіянальныя практыкі”.

Яркай падзеяй педагагічнага форуму стаў фестываль праектаў Рэспубліканскага конкурсу “Нашчадкі традыцый”, удзельнікамі якога былі дзіцячыя калектывы і навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, што дазволіла ўсім пазнаёміцца з яго ўдзельнікамі і пераможцамі, аб’ектыўна ацаніць вопыт і вынікі праектна-даследчай дзейнасці.

– Сёння сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі выконвае вялікую ролю ў забеспячэнні міжпакаленных сувязяў, што з’яўляецца значным для развіцця беларускага грамадства. Гэту місію ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі рэалізуюць у садружнасці з сям’ёй, установамі культуры і грамадскімі арганізацыямі. Яны валодаюць рэсурсамі ствараць і развіваць эфектыўную сістэму ўваходжання юнага грамадзяніна ў свет народнай мастацкай культуры. Ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на 1 студзеня 2019 дзейнічае 1 724 аб’яднання па інтарэсах у галіне народнай творчасці, што складае 12,1 % ад агульнай колькасці аб’яднанняў па інтарэсах мастацкага профілю ў сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. У іх займаецца 24 843 навучэнцы, што складае 14,5 % ад агульнай колькасці навучэнцаў аб’яднанняў мастацкага профілю, працуе 879 педагагічных работнікаў, – адзначыла Надзея Васільеўна Васільчанка, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ў прывітальным слове ўдзельнікам педагагічнага форуму.

На мерапрыемстве ў розным фармаце (прэзентацыйная пляцоўка, бліц-панарама, відэапрэзентацыя) былі прадстаўлены сістэма і вопыт апорных метадычных пляцовак па этнакультурным выхваванні рэспубліканскага метадычнага кластара, майстэрства і дасягненні педагогаў дадатковай адукацыі, дзейнасць якіх вылучаецца творчым падыходам, і выклікала вялікую цікавасць у калег: цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” г. Мінска, цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Брэста, Іванаўскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці, Пастаўскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі, Гродзенскі дзяржаўны абласны Палац творчасці дзяцей і моладзі.

Пресс-центр Министерства образования.
Вернуться к списку новостей