Министерство образования
Республики Беларусь

Образование во имя будущего страны

Гульні, сайты і прэзентацыі на конкурсе “ПАТРЫЁТ.by”

Опубликовано: 29.11.2019

DSC_0670.jpg

Фінал Рэспубліканскага конкурсу камп’ютарных распрацовак патрыятычнага напрамку “ПАТРЫЁТ.by” прайшоў у Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці 25—26 лістапада ў межах Рэспубліканскага тыдня “Юнацтва. Інтэрнэт. Будучыня”. Юнакі і дзяўчаты, якія захапляюцца камп’ютарнымі тэхналогіямі, прадставілі праекты, што папулярызуюць беларускую культуру і гісторыю, выхоўваюць любоў да малой радзімы і дапамагаюць адкрываць Беларусь.
Члены журы разгледзелі больш за паўсотні работ, якія былі адабраны на школьных, раённых, а пасля і абласных конкурсах. Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 300 навучэнцаў.
У намінацыі “Праз вякі, праз гады — помніце” былі прадстаўлены распрацоўкі, створаныя на мовах праграмавання. Сярод іх гульні, квэсты, віктарыны. Штогод расце і колькасць мабільных прылад, створаных школьнікамі. У многіх работах асвятлялася ваенная гісторыя Беларусі, удзельнікі закранулі тэмы спартыўнага жыцця краіны, беларускай архітэктуры і, безумоўна, шмат работ прысвяцілі малой радзіме.
Ва ўзроставай катэгорыі 12—15 гадоў перамогу заваяваў шасцікласнік з сярэдняй школы № 15 г. Ліды Мацвей Новік, які прадставіў інтэрактыўную кнігу — гульню “Мая малая радзіма”, створаную ў асяроддзі праграмавання Uniti. Сярод удзельнікаў ва ўзросце 16—21 год лепшым стаў Мікалай Казлоў з Сацыяльна-гуманітарнага каледжа Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова з праектам “Маленькія героі вялікай вайны”.
У намінацыі “Мая Беларусь мяне сэрцам сагрэе” дэманстраваліся прэзентацыі PowerPoint. Журы ацэньвала змястоўнасць і дызайн работ, надавала ўвагу рабоце канкурсантаў з мультымедыя, анімацыяй, камп’ютарнай графікай, звяртала ўвагу і на само выступленне. Хаця PowerPoint і мае вельмі абмежаваныя ў параўнанні з мовамі праграмавання магчымасці, гэта не перашкодзіла ўдзельнікам прэзентаваць шмат інтэрактыўных праектаў — віктарын і гульняў. Пераможцай стала Марта Дзіўнель з Індурскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна. Яна прадставіла электроннае вучэбнае выданне “Стары і Новы замкі Гродна”.
У намінацыі “Беларусь любімая, слаўная зямля” былі прадстаўлены вэб-сайты. Многія ўдзельнікі стваралі гіды для вандроўнікаў, але цікавымі і аўтэнтычнымі атрымаліся і сайты, прысвечаныя вузкім тэмам, напрыклад, жыццю Уладзіміра Караткевіча ці беларускай кухні ў паэме “Новая зямля”.
— Больш за ўсё было прадстаўлена даведнікаў па Беларусі ў цэлым ці па малой радзіме ўдзельнікаў, — падзяліўся ўражаннямі загадчык кабінета праграмавання і сістэмнага адміністравання аддзела інфармацыйных тэхналогій РЦІТТ Ігар Уладзіміравіч Тылецкі. — Калі ўдзельнікі карыстаюцца адкрытымі крыніцамі, работы атрымліваюцца падобнымі адна да адной. Сярод іх, канечне, вылучаюцца нестандартныя, такія як работа пераможцы конкурсу Кацярыны Кавальчанка з сярэдняй школы № 7 г. Калінкавічы — арфаграфічны трэнажор “Беларускі калейдаскоп”.
На думку Ігара Уладзіміравіча, каб зрабіць удалы праект, неабходна звяртаць увагу на ўсе яго аспекты: праграмаванне, афармленне, напаўненне, прэзентацыю. Толькі тады атрымаецца цэльны і цікавы прадукт.

Мар’я ЯНКОВІЧ для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота аўтара.
Вернуться к списку новостей