Государственный герб Республики Беларусь




Министерство образования
Республики Беларусь


Образование во имя будущего страны


Фарміраванне інавацыйнай эканомікі немагчыма без апоры на сістэму адукацыі

Опубликовано: 12.12.2017

Выступаючы перад маладымі навукоўцамі ў першы дзень работы ІІ З’езда вучоных Рэспублікі Беларусь, міністр адукацыі Ігар Карпенка адзначыў, што нашы вышэйшыя навучальныя ўстановы займаюць годнае месца ў навуковай сферы рэспублікі. Выкананнем навуковых даследаванняў і падрыхтоўкай спецыялістаў у ВНУ займаюцца больш за 20 тысяч выкладчыкаў і навуковых работнікаў, прычым амаль кожны другі выкладчык мае вучоную ступень і званне.
“Развіццё ўніверсітэцкага сектара навукі бачыцца ў паглыбленні і пашырэнні фундаментальных і прыкладных даследаванняў ва ўніверсітэтах, як гэта робіцца ў многіх краінах свету, у тым ліку шляхам стварэння навукова-адукацыйна-вытворчых кластараў, якія прадугледжваюць інтэграцыю адукацыйных устаноў і прадпрыемстваў. Ужо цяпер наладжана ўзаемадзеянне ўніверсітэцкай навукі і вытворчых прадпрыемстваў. Сумесныя навуковыя даследаванні праводзяцца на базе 9 галіновых лабараторый, адкрытых у інтарэсах лясной, хімічнай, харчовай прамысловасцяў, прыборабудавання. У чэрвені гэтага года на базе Магілёўскага ўніверсітэта харчавання створана галіновая лабараторыя збожжавых прадуктаў”, — працягваў Ігар Васільевіч.
І калі ў 2015 годзе названымі лабараторыямі ўніверсітэтаў было выканана 25 дагавораў па замовах профільных прадпрыемстваў, то ў 2017 годзе іх стала больш за 70. Універсітэты і навуковыя арганізацыі Міністэрства адукацыі ўдзельнічаюць у выкананні больш за 800 заданняў ва ўсіх 12 дзяржаўных праграмах навуковых даследаванняў. На гэтыя мэты з рэспубліканскага бюджэту выдзелена амаль 16 млн. рублёў, што складае пятую частку ад агульнага фiнансавання фундаментальных даследаванняў у краіне. Для якаснага правядзення навуковых даследаванняў ва ўстановах вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі створана інавацыйная інфраструктура, якая ўключае 6 навукова-тэхналагічных паркаў і 15 цэнтраў трансферу тэхналогій.
Адкрыты першы ў рэспубліцы студэнцкі інавацыйны цэнтр прафесійнага развіцця — бізнес-інкубатар БДУІР, які ўяўляе сабой платформу для стварэння і развіцця перспектыўных інавацыйных праектаў і далейшага іх прасоўвання на рынак. Адным з прыкладаў стымулявання маладзёжнага інавацыйнага прадпрымальніцтва з'яўляецца вопыт дзейнасці стартап-цэнтра ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце «Ад ідэі да ўкаранення». Гэта толькі пачатак маштабнай працы па развіцці інавацыйнай інфраструктуры.
Асноўныя намаганні Міністэрства адукацыі сканцэнтраваны на падтрымцы навуковай кар'еры маладых людзей. Сёння аспірантура адкрыта ў 26 установах вышэйшай адукацыі па 233 спецыяльнасцях, дактарантура — у 15 ВНУ па 180 спецыяльнасцях. Доля аспірантаў ва ўзросце да 30 гадоў у 2016 годзе склала 58 %, а сярэдні ўзрост прысуджэння ступені кандыдата навук — 34 гады. Па выніках 2016 года ў сістэме Міністэрства адукацыі навуковую ступень кандыдата навук атрымалі 177 чалавек (43 % ад агульнай колькасці аспірантаў), доктара навук — 21 (49 %).
Штогод праводзіцца Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў. Лепшыя студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі, інтэлектуальныя і творчыя аб'яднанні студэнтаў атрымліваюць фінансавую падтрымку ад спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Акрамя гэтага, лаўрэатам спецыяльнага фонду аказваецца сацыяльная падтрымка. Гэта і павышаная стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і перавага пры размеркаванні. Заканадаўча за імі замацавана права на ўключэнне па-за чаргой у спісы на атрыманне льготных крэдытаў для набыцця жылля. Акрамя гэтага, прынятым на працу ў бюджэтныя арганізацыі прадугледжваецца павышэнне тарыфных ставак на 15 %.
У мэтах стымулявання эфектыўнай педагагічнай і інавацыйнай дзейнасці педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу, павышэння іх матэрыяльнай зацікаўленасці ў выніках працы прынята пастанова Савета Міністраў №942 аб павышэнні з 1 снежня 2017 года тарыфных ставак педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу на 30%.
З мэтай прапаганды навукова-даследчай дзейнасці ў 16 універсітэтах Мінадукацыі працуюць Саветы маладых вучоных. Разам з тым, як заўважыў міністр, патрэбны дадатковыя стымулы для прытоку ў сферу навукі маладых кадраў, у тым ліку маладых кадраў вышэйшай кваліфікацыі. “Вывучыўшы міжнародны вопыт, Міністэрства адукацыі сумесна з Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях прапрацоўвае пытанне прававой магчымасці ўвядзення базавага фінансавання навукі ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Гэта дасць права самастойна распараджацца сродкамі, вызначаючы ў якасці прыярытэтных напрамкаў расходавання фінансаў не толькі на ўласна навуковыя даследаванні, але і на стымуляванне студэнцкіх навуковых аб'яднанняў, аплату ўдзелу студэнтаў і супрацоўнікаў ВНУ ў канферэнцыях, закупку абсталявання і расходных матэрыялаў для навуковых даследаванняў навучэнцаў i на іншыя мэты”, — расказаў Ігар Карпенка. Акрамя таго, Міністэрства адукацыі прапрацоўвае пытанне выдзялення пазыкі Сусветнага банка на мадэрнізацыю вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Трэба адзначыць, што развіццё беларускай універсітэцкай навукі ў сусветным трэндзе. На практычны выхад студэнцкіх даследаванняў можна было паглядзець на выставе, арганізаванай у холе Ліцэя БДУ. Напрыклад, студэнты БДУ прадстаўлялі высокатэмпературны трохзанальны цеплавізар, новыя кампазіцыйныя рэагенты для ачысткі вады, процівапухлінныя лекавыя прэпараты, ядомыя харчовыя плёнкі. Асобнай увагі былі дастойны светадзіёдны імітатар сонечнага выпраменьвання, лазерны відэамікраспектраметрычны комплекс для аназізу характарыстык прасторава складаных аб’ектаў.

Вольга Дубоўская (Настаўніцкая газета) для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі.
Вернуться к списку новостей