Министерство образования Республики Беларусь

Дэлегацыя з Узбекістана наведала БДУІР

Опубликовано: 05.12.2018

IMG_0022_1.jpg

У рамках рабочага візіту ў нашу краіну міністр вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Узбекістан І.У.Маджыдаў наведаў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі.
У сустрэчы міністра з кіраўніцтвам БДУІР прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Беларусі Сяргей Руды і рэктары ўстаноў вышэйшай адукацыі Узбекістана.
Рэктар БДУІР Вадзім Богуш прэзентаваў гасцям навуковыя распрацоўкі ўніверсітэта. Таксама быў арганізаваны візіт у інавацыйны цэнтр прафесійнага развіцця — бізнес-інкубатар БДУІР.
Як паведаміў Вадзім Богуш, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі супрацоўнічае з цэлым шэрагам устаноў вышэйшай адукацыі Узбекістана. У прыватнасці, падпісана пагадненне аб стварэнні сумеснага факультэта з Ташкентскім універсітэтам інфармацыйных тэхналогій. Сёння на падрыхтоўчым аддзяленні БДУІР навучанне для паступлення на згаданы факультэт праходзяць 50 слухачоў з Узбекістана.
Пагадненні аб супрацоўніцтве падпісаны таксама з Міжнародным Вестмінстарскім універсітэтам, Самаркандскім дзяржаўным універсітэтам, Мірабадскім прафесійным каледжам камп’ютарных тэхналогій і інш.
Летам стажыроўку і павышэнне кваліфікацыі ў БДУІР прайшлі 30 выкладчыкаў Ташкентскага ўніверсітэта інфармацыйных тэхналогій і Ташкентскага хіміка-тэхналагічнага інстытута. А нядаўна ў Інстытуце інфармацыйных тэхналогій БДУІР была арганізавана школа інфарматыкі і робататэхнікі для 24 школьнікаў і 3 выкладчыкаў гімназій з Узбекістана.
Усё больш узбекскіх студэнтаў прыязджаюць на вучобу ў БДУІР. Сёння ва ўніверсітэце вучацца 80 грамадзян гэтай краіны, 62 з іх — на 1 курсе. На пытанне міністра І.У.Маджыдава, адкуль яны даведаліся пра гэтую ўстанову, студэнты адказалі: бачылі прэзентацыю БДУІР на адукацыйнай выставе ў Ташкенце.
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі ўжо 3 гады праводзіць маштабную выставу ў Рэспубліцы Узбекістан, і гэта прыносіць відавочны плён.

Галіна СІДАРОВІЧ для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега Ігнатовіча.
Вернуться к списку новостей