Министерство образования
Республики Беларусь

Образование во имя будущего страны

Беларусы на прэстыжным конкурсе прафесійнага майстэрства

Опубликовано: 26.11.2018

IMG_0594-6.jpg

У суботу вечарам беларуская каманда прыбыла ў сталіцу Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў для ўдзелу ў чэмпіянаце WorldSkills Asia — Abu Dhabi — 2018. Нашы ўдзельнікі будуць дэманстраваць прафесійнае майстэрства на адной пляцоўцы з прадстаўнікамі Паўднёвай Карэі, Індыі, Японіі, Германіі, ЗША і іншых краін свету.
Навучэнцы ўстаноў адукацыі і маладыя рабочыя з Беларусі пакажуць навыкі па 8 прафесійных кампетэнцыях, пераважна ІТ-напрамкаў.
- Для нас гэта надзвычай важна, бо згаданыя кампетэнцыі супадаюць з напрамкамі развіцця лічбавай эканомікі Беларусі, устаноў адукацыі, якія рыхтуюць спецыялістаў у гэтай сферы, - адзначыў дырэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі.
Спаборніцтвы ў Абу-Дабі – вельмі адказны этап у падрыхтоўцы нацыянальнай зборнай да Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills, які пройдзе ў 2019 годзе ў Казані (Расія). Тут удзельнікі могуць не толькі выпрабаваць сваё прафесійнае майстэрства, але і псіхалагічную ўстойлівасць, бо іх чакае сур’ёзная канкурэнтная барацьба.
- Мы не ставілі абавязковай мэтай атрыманне медалёў, - сказаў Валерый Мікалаевіч, - важней напрацаваць навыкі па кожнай з кампетэнцый, усталяваць новыя кантакты для нашых экспертаў, што будзе садзейнічаць далейшаму супрацоўніцтву і развіццю. Канкурсанты, якія выступяць у Казані, вельмі хутка (па прычыне ўзросту) пакінуць рух WorldSkills, а эксперты застануцца. І яны нарошчваюць свой вопыт, каб у будучыні перадаць яго новым канкурсантам.
Удзел Беларусі ў міжнародным руху WorldSkills і знаёмства з лепшым сусветным вопытам уплывае на змест прафесійнай адукацыі, адбываюцца адпаведныя змены ў вучэбных планах і праграмах. Асабліва гэта закранула кампетэнцыі, звязаныя з машынабудаўнічым профілем, зварачнымі тэхналогіямі, ІТ.
- Сёння, развіваючы рэсурсныя цэнтры, мы арыентуемся на ўзровень міжнародных чэмпіянатаў, стараемся аснасціць іх у адпаведнасці з сусветнымі стандартамі. Усё гэта павышае ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў, - адзначыў Валерай Мікалаевіч.
У нядзелю ў канкурсантаў WorldSkills Asia вольны дзень – яны трэніруюцца і псіхалагічна рыхтуюцца да спаборніцтваў. У панядзелак зраніцы пройдзе лёсаванне, дзе будзе вызначана працоўнае месца кожнага ўдзельніка, а ўвечары – урачыстае адкрыццё. Спаборніцтвы пачнуцца ў аўторак, 27 лістапада.
А вось эксперты пачалі працаваць ужо ў нядзелю. Іх задача напярэдадні конкурса - абмеркаваць прапанаваныя заданні і, магчыма, унесці ў іх змяненні, азнаёміцца з крытэрыямі ацэньвання, а таксама з тэхнікай бяспекі на конкурснай пляцоўцы. Тут усё, як на вытворчасці, таму за грэбаванне правіламі бяспекі канкурсанты пазбаўляюцца балаў.
Такім чынам, найбліжэйшыя дні абяцаюць быць вельмі насычанымі і цікавымі. Абу-Дабі, які летась правёў міжнародны чэмпіянат WorldSkills, мае намер і сёлета паўтарыць такое ж яркае і маштабнае свята – свята майстэрства і прафесіяналізму. На конкурсных пляцоўках чакаецца шмат гасцей з ліку вытворцаў, выкладчыкаў і навучэнцаў прафесійных школ, дзяцей. Акрамя ўсяго, WorldSkills – гэта вялікі прафарыентацыйны праект, закліканы паказаць моладзі, што рабочыя прафесіі – гэта цікава і перспектыўна, а калі дасягнуць у іх пэўнага майстэрства – то яшчэ і вельмі прыгожа.

Галіна СІДАРОВІЧ для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі.
Вернуться к списку новостей