Министерство образования
Республики Беларусь

Образование во имя будущего страны

Беларусь — Сірыя: дзіцячы фармат

Опубликовано: 26.08.2017

.
 Па запрашэнні кіраўніка дзяржавы 80 дзяцей з Сірыі прыляцелі ў нашу краіну для адпачынку і аздараўлення. Палову з іх прыняў аздараўленчы лагер “Крынічка”, яшчэ палова адправілася ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”. Назва пятай змены ў “Зубраняці” — “Лета — час адкрыццяў” — цалкам адпавядала той насычанай экскурсійнай, спартыўнай і забаўляльнай праграме, якой госці краіны жылі два апошнія тыдні. А напрыканцы адпачынку юныя сірыйцы самі сустракалі важных гасцей.
doc-4049383.jpg

26 жніўня ў НДЦ “Зубраня” на сустрэчу з сірыйскімі дзецьмі адправіліся міністр адукацыі нашай краіны Ігар Карпенка і міністр сацыяльных пытанняў і працы Сірыйскай Арабскай Рэспублікі Рыма Аль-Кадэры.
— Для беларускіх дзіцячых аздараўленчых лагераў стала добрай традыцыяй прымаць інтэрнацыянальныя змены. Але сірыйскія дзеці — асаблівыя. Яны прыехалі з краіны, дзе ідуць ваенныя дзеянні. Шмат у каго з іх загінулі бацькі, дзеці выхоўваюцца ў інтэрнатах, некаторыя з іх самі пацярпелі ад баявых дзеянняў. За двухтыднёвым адпачынкам стаіць доўгая крапатлівая работа: каб прыняць сірыйскіх дзяцей, мы вельмі шчыльна працавалі і з пасольствам Сірыі ў Рэспубліцы Беларусь, і з беларускім пасольствам у Дамаску, вывяралі праграму, удакладнялі нюансы, якія трэба ўлічыць пры аздараўленні дзяцей.
Вопыт паказаў, што сумеснымі намаганнямі дзвюх краін адпачынак склаўся цудоўна, — адзначыў напярэдадні сустрэчы міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка. — Я думаю, дзякуючы гэтай гуманітарнай місіі паміж Сірыяй і Беларуссю, адбываецца закладка трывалага падмурка даверлівых адносін на дзесяцігоддзі наперад. Пагадзіцеся са мной: дзіця, што атрымала цяпло і пяшчоту беларускіх сэрцаў, на ўсё жыццё запомніць Беларусь, якая ў цяжкі час падставіла сваё плячо.
doc-4049363.jpg

Цэнтральнай падзеяй сустрэчы стала размова за круглым сталом міністраў абедзвюх краін з сірыйска-беларускай моладдзю. Пытанні, на якія грунтоўна і з задавальненнем адказвалі Ігар Карпенка і Рыма Аль-Кадэры, былі як сур’ёзныя, так і амаль жартаўлівыя. І ўсё ж першае, што прагучала ад юных гасцей краіны: калі яшчэ можна будзе наведаць Беларусь? Адказваючы на пытанне, Ігар Карпенка падкрэсліў, што наша краіна заўсёды адкрыта для сяброў і гасцей і беларуска-сірыйскія змены ў нашых лагерах стануць традыцыйнымі. А праз пэўны час Сінявокая чакае замежных гасцей у якасці студэнтаў. Дарэчы, Сірыя і Беларусь актыўна супрацоўнічаюць у адукацыйнай галіне: сёння каля 100 чалавек з Сірыйскай Арабскай Рэспублікі вучыцца ва ўстановах вышэйшай адукацыі нашай краіны.
Сірыйскія дзеці прапанавалі ўсім ганаровым гасцям, якія прысутнічалі на сустрэчы, далучыцца да міжнароднай акцыі “Жадаю пад мірным небам жыць”, якая была распачата на Міжнародным маладзёжным форуме “Сяброўства без межаў” у чэрвені. Акцыю, якая заключаецца ў тым, каб пакінуць нашчадкам мір і ўпэўненасць у будучыні, падтрымалі прадстаўнікі 13 краін — удзельніц маладзёжнага форуму. Юныя сірыйцы пераклалі на арабскую мову зварот да людзей усяго свету аб спыненні войнаў на Зямлі, падпісалі яго і прапанавалі зрабіць тое ж ганаровым гасцям сустрэчы. Зварот будзе адпраўлены ў Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ). Акрамя гэтага, сірыйскія дзеці разам з беларусамі падрыхтавалі вялікае палатно міру, на якім праз малюнкі перадалі сваё жаданне жыць у міры і згодзе.
Унікальную магчымасць задаць пытанні двум міністрам не ўпусціла і беларуская моладзь. Яна пацікавілася, рэалізацыя якіх праектаў паміж Беларуссю і Сірыяй плануецца ў галіне адукацыі.
— Паміж нашымі дзвюма краінамі існуе міжурадавае пагадненне, якое закранае ў тым ліку і адукацыйную галіну. Восенню павінен адбыцца візіт у Беларусь міністра вышэйшай адукацыі Сірыйскай Арабскай Рэспублікі, дзе з прадстаўнікамі некалькіх беларускіх УВА мы разгледзім пытанне аб арганізацыі навучання сірыйскай моладзі ў Беларусі, а беларусаў — у Сірыі. Арабская мова вывучаецца ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, і мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб нашы студэнты мелі магчымасць стажыравацца сярод яе носьбітаў, — адказаў на пытанне міністр адукацыі Беларусі. — Таксама ў нас ёсць перспектывы супрацоўніцтва ў галіне навуковых даследаванняў, у тым ліку ў машынабудаванні, тэхналогіях, энергетыцы, ахове здароўя і г.д.
Удзельнікі гутаркі не толькі задавалі пытанні і дзяліліся ўражаннямі ад адпачынку, але і чыталі вершы. Калі з вуснаў сірыйскай дзяўчынкі данеслася коласаўскае “Мой родны кут, як ты мне мілы…”, дзеці і ганаровыя госці ўзарваліся апладысментамі. Падчас размовы прагучала і ўрачыстае віншаванне цяпер ужо 12-гадовага госця з Сірыі Акрана з днём нараджэння. У якасці падарунка хлопчык атрымаў галоўную прэмію цэнтра — крыштальнае зубраня.
doc-4049373.jpg

На памяць аб каларытным беларускім адпачынку кожнае дзіця сірыйскай дэлегацыі атрымала падарункі: беларускія прысмакі і школьныя рукзакі, поўныя канцылярскіх прылад, размалёвак, кніг пра Беларусь, адзення і іншага. Такі ж падарунак чакае і Рым Салім, 10-гадовую дзяўчынку з Сірыі, у якой падчас адпачынку беларускія медыкі выявілі праблемы і тэрмінова прааперыравалі. Зараз Рым Салім папраўляецца пасля аперацыі і далучыцца да сваіх сяброў ужо ў Сірыі.
На працягу дня ў лагеры працавалі тэматычныя пляцоўкі “Беларусь — Сірыя: сябруюць дзеці на планеце”, дзе сірыйскія і беларускія адпачывальнікі ў інтэрактыўнай форме змаглі пазнаёміцца з гісторыяй Рэспублікі Беларусь і Сірыйскай Арабскай Рэспублікі, арабскім алфавітам, народнымі гульнямі, асаблівасцямі беларускай і сірыйскай нацыянальнай кухні, беларускімі і сірыйскімі традыцыямі і абрадамі, нацыянальнымі касцюмамі абедзвюх краін і г.д.
doc-4049343.jpg

На развітальнае пытанне, з якімі ўспамінамі сірыйскія дзеці адправяцца дадому, яны добрасардэчна прызналіся: самым незабыўным успамінам сёлетняга адпачынку застанецца магчымасць пазнаёміцца, пагутарыць і атрымаць фотакартку з міністрам адукацыі Беларусі. На другім месцы сярод уражанняў — наведванне аквапарка. Раней юныя сірыйскія госці толькі марылі аб тым, каб збегчы ад болю і страху, якія акружалі гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак на радзіме. Зараз яны ўпэўнена сцвярджаюць: іх мара спраўдзілася.

Алена Крывянкова для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыi. Фота аўтара.
Вернуться к списку новостей