Каб адчуць настрой маладых людзей, пачуць іх ідэі па ўдасканаленні маладзёжнай палітыкі, адказаць на тыя пытанні, якія іх хвалююць, у Оршы прайшоў адкрыты дыялог моладзі з міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігарам Карпенкам, а таксама са старшынёй Аршанскага райвыканкама Ігарам Ісачанкам, намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыкі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянцінай Курсевіч, першым сакратаром цэнтральнага камітэта БРСМ Дзмітрыем Варанюком. З маладзёжнага боку да размовы былі запрошаны маладзёжныя лідары нашай краіны – маладзёжныя паслы мэт устойлівага развіцця, прадстаўнікі маладзёжных парламентаў, члены Рэспубліканскага студэнцкага Савета, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і інш.
Спектр пытанняў, якія хвалююць моладзь, аказаўся даволі шырокім: ад ідэй аднаўлення гарадскіх паркаў да пасадкі парка сямейных дрэў, дзе кожная маладая сям’я зможа пасадзіць сваё дрэва, ад пашырэння міжнароднага супрацоўніцтва сярод студэнтаў да канкрэтных шляхоў дасягнення мэт устойлівага развіцця. Актуальным аказалася і пытанне павелічэння ясляў для дзяцей маладых мам, якія хочуць выйсці на працу раней.
Прагучалі ідэі яшчэ большай папулярызацыі здаровага ладу жыцця, заняткаў спортам, у тым ліку і далучэнне да рэспубліканскіх спаборніцтваў працоўнай моладзі, што міністр адукацыі з задавальненнем падтрымаў: “Я толькі “за”. Мы заўсёды выступалі за садружнасць студэнтаў і працоўнай моладзі. У многім гэтаму спрыяе і тое, што сёння студэнты з першага курса практыкуюцца на прадпрыемствах. Магчыма, спартыўнае аб’яднанне гэтаму паспрыяе яшчэ больш”.
У адказ на прапанову студэнтаў змяніць стары фармат некаторых рэспубліканскіх маладзёжных праектаў, Дзмітрый Варанюк адказаў таксама прапановай: “Мы час ад часу гэта робім, але неактуальны праект павінен быць заменены яго актуальнай альтэрнатывай. Прапаноўвайце! Мы заўсёды гатовы да вас прыслухацца”.
Пра адзін з прыкладаў выніку такой нядаўняй прадметнай размовы Дзмітрый Варанюк расказаў, анансаваўшы новы праект “Бітва ўнівераў”, які прапанавалі самі студэнты і які плануецца рэалізоўваць з восені пры падтрымцы тэлеканалаў. Удзельнікамі шоу стануць усе УВА краіны – яны будуць выстаўляць свае каманды ў розных кірунках – ад спорту да творчасці – і выяўляць пераможцу.
В.В.Курсевіч анансавала, што абмяркоўваецца пытанне стварэння маладзёжнай палаты пры Парламенце Рэспублікі Беларусь, якая будзе займацца заканадаўчай дзейнасцю нароўні з членамі парламента і адстойваць інтарэсы нашай моладзі. Плануецца, што гэта будзе моладзь ад 18 да 25 гадоў – па 5 чалавек ад кожнай вобласці і Мінска.
Святлану Шылко, студэнтку БДПУ, маладзёжнага пасла ўстойлівага развіцця, хвалюе выхаванне экалагічна-свядомай асобы. У прыватнасці, яна ўпэўнена, што прасцей выхоўваць маленькага чалавека, чым перавыхаваць дарослага. І таму прапанавала ўнесці карэкціроўкі ў праграму дашкольнай адукацыі з улікам самых важных аспектаў, у прыватнасці, асобнага збору смецця. На што І.В.Карпенка сказаў: “Тут галоўную ролю павінны іграць не дакумент, не праграма, не ўвядзенне асобных прадметаў, а толькі асабістая зацікаўленасць педагога і яго ўменне інтэрпрэтаваць існуючую праграму, у якой, дарэчы, экалагічнае выхаванне мае значнае месца. І, канечне, уласная адказнасць самога дзіцяці. Вось вам прыклад, на ўроку “Асновы бяспечнай жыццядзейнасці” дзеці ля дошкі дакладна ведаюць, як пераходзіць дарогу: што перш чым ступіць на яе, трэба ўпэўніцца ў адсутнасці машын, ведаюць і тармазны шлях машыны і г.д. А што мы бачым на вуліцах? У вушах у дзяцей – навушнікі, на твары насунуты капялюшы. Хіба можна ўбачыць так сігнал светлафора? Гэта ўжо ад майстэрства вадзіцеля залежыць, ці паспее машына затармазіць. Я гэта гавару да таго, што не ўсё павінна рашацца праграмай. Гэта вырашае жыццёвы вопыт, слова педагога, яго асоба”.
Шмат пытанняў тычылася змяненняў правілаў і падыходаў да прыёмнай кампаніі ў гэтым годзе. Ігар Васільевіч супакоіў прысутных, што сёлета ніякіх сур’ёзных змен не будзе.
Прагучала пытанне незалежнай атэстацыі пасля сярэдняй школы. Па меркаванні міністра, у многім гэта абумоўлена рознасцю іспытаў пасля школы і падчас падступлення ў УВА: “Пагадзіцеся, калі 11-класнік на выпускных экзаменах піша па рускай ці беларускай мовах пераказ, а пры паступленні здае тэст, то па сваёй форме экзамены не суадносяцца адзін з адным. Таму і атрымліваецца, што настаўнік зацікаўлены ў тым, каб падрыхтаваць вас добра напісаць пераказ. А хто павінен рыхтаваць да паступлення? У лепшым выпадку вам прапануюць платныя заняткі ў школе. А ў горшым – адправяць да рэпетэтыра. Таму мы будзем шукаць сярэдні варыянт, каб прыблізіць экзамены – і выпускныя, і ўступныя – да адной формы. Як гэта будзе, пакуль не вырашана. Але не хвалюйцеся – пра любыя новаўвядзенні вы даведаецеся, як мінімум, за год ці за два да іх увядзення, каб вы паспелі грунтоўна падрыхтавацца”.