Министерство образования Республики Беларусь

Індыя праявіла цікавасць да вопыту і патэнцыялу нашай краіны

Опубликовано: 23.10.2018

DSC_6455.jpg

Сёння быў падпісаны Мемарандум аб узаемапаразуменні па пытаннях супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам тэхнічнай адукацыі і прамысловай падрыхтоўкі штата Пенджаб. Мемарандум падпісалі Ігар Васільевіч Карпенка і Чаранджыт Сінгх Чані.
На ганаровай сустрэчы прысутнічала Сангіта Багадур, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Індыя ў Рэспубліцы Беларусь.
У пачатку сустрэчы з калегамі з Індыі кіраўнік галіновага міністэрства Ігар Васільевіч Карпенка сардэчна павітаў гасцей і назваў мемарандум, які мяркуецца падпісаць двума бакамі, своеасаблівай дарожнай картай сумеснага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі паміж Беларуссю і Індыяй.
–Мы выказваем задавальненне тым, што адбыўся візіт індыйскай дэлегацыі ў нашу краіну. Нашы госці бліжэй пазнаёміліся з Беларуссю, з нашай сістэмай адукацыі, і той час,які вы правялі ў Беларусі, быў патрачаны з карысцю, адзначыў міністр.
Дарэчы сказаць, што праграма візіту індыйскай дэлегацыі была вельмі насычанай. Госці наведалі Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, яго філіялы – Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе, Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж, Рэсурсны цэнтр-экатэхнапарк Волма, Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М.С.Высоцкага і шэраг іншых навучальных устаноў, дзе сустрэліся з навучэнцамі і педагогамі, пазнаёміліся з вучэбна-матэрыяльнай базай.
Акрамя таго, заўважыў І.В.Карпенка, у ходзе візіту былі вызначаны перспектыўныя накірункі развіцця адносін паміж краінамі менавіта ў тых галінах, якія найбольш цікавяць абедзве краіны і па якіх найбольш за ўсё хацелася наладзіць самыя цесныя адносіны паміж сабой.
–Галоўныя нашы дзеянні скіраваны на тыя дамоўленасці, якія былі дасягнуты паміж кіраўнікамі нашых краін у час візіту Прэзідэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі ў Індыю, – адзначыў Ігар Васільевіч.
Гэта перш-наперш наладжванне партнёрскіх сувязей у сферы адукацыі. У гэтым напрамку партнёрамі індыйскіх калег на ўзроўні прафесійнай адукацыі стаў РІПА, а на ўзроўні вышэйшай адукацыі – БНТУ. Такім чынам можна будзе рэалізаваць падрыхтоўку кадраў па шырокім тэхнічным профілі, пачынаючы ад прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі і заканчваючы вышэйшай.
Як заўважыў І.В. Карпенка, падпісанне мемарандуму адкрывае абедзьвюм краінам новыя перспектывы, дазваляе намеціць новыя кропкі сутыкнення, і, безумоўна, умацоўвае з новай сілай адносіны паміж краінамі і іх народамі. Чаранджыт Сінгх Чані падтрымаў меркаванні міністра адукацыі Беларусі і выказаў надзею, што мемарандум стане вызначаючым дакументам, на аснове якога будуць рэалізоўвацца канкрэтныя справы ў сферы прафесійнай адукацыі дзвюх краін.

Ала КЛЮЙКО для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега Ігнатовіча.
Вернуться к списку новостей