Выберыце шрыфт: ArialTimes New Roman

Інтэрвал паміж літарамі: СтандартныСярэдніБольшой

Iнфармацыя

Аб сістэме спецыяльнай адукацыі

doc-4023953.jpg

Спецыяльная адукацыя – навучанне і выхаванне навучэнцаў, якія з’яўляюцца асобамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, праз рэалізацыю адукацыйных праграм спецыяльнай адукацыі на ўзроўнях дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі.

Спецыяльная адукацыя ў сучасных умовах разглядаецца як неад’емная частка агульнай адукацыйнай сістэмы. Магчымасць атрымання адукацыі забяспечваецца ўсім дзецям, незалежна ад ступені цяжару наяўных у іх парушэнняў. Паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі спецыяльная адукацыя з’яўляецца асобным відам адукацыі разам з асноўнай і дадатковай адукацыяй. Пры гэтым вызначана, што спецыяльная адукацыя ажыццяўляецца на двух узроўнях атрымання асноўнай адукацыi – дашкольным і агульнай сярэдняй.

Асобам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця пры атрыманні адукацыі аказваецца карэкцыйна-педагагічная дапамога і ствараюцца спецыяльныя ўмовы для атрымання адукацыі з улікам асаблівасцяў іх псіхафізічнага развіцця. На заканадаўчым узроўні замацаваны правы навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця на:

стварэнне спецыяльных умоў для атрымання адукацыі з улікам асаблівасцяў іх псіхафізічнага развіцця;

бясплатнае псіхолага-медыка-педагагічнае абследаванне, якое праводзіцца ў дзяржаўных цэнтрах карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі;

бясплатную карэкцыю фізічных і (або) псіхічных парушэнняў у дзяржаўных установах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі;

падвоз ва ўстановы адукацыі на спецыяльна абсталяваных транспартных сродках;

бясплатнае карыстанне падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі;

бясплатнае пражыванне і харчаванне ва ўстановах спецыяльнай адукацыі.

У сістэме спецыяльнай адукацыі створаны і штогод абнаўляецца банк даных аб дзецях з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, які дазваляе адсочваць тэндэнцыі ў развіцці спецыяльнай адукацыі, аптымізаваць сетку ўстаноў спецыяльнай адукацыі, каардынаваць меры па паляпшэнні якасці кіравання сістэмай спецыяльнай адукацыі. На 15.09.2018 г. у банку даных змяшчаюцца звесткі аб 161 694  дзецях з АПФР, з іх 12 648 інвалідаў.

У 141 цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі навучаюцца і атрымліваюць карэкцыйна-педагагічную дапамогу больш за 8 тыс. дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у тым ліку з цяжкімі і (або) множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі. Каля за 1 400  дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ахоплены ранняй комплекснай медыка-педагагічнай дапамогай.

Ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі па месцы жыхарства дзяцей адкрыты групы і класы інтэграванага навучання і выхавання, спецыяльныя групы і класы, пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Каля 70% ад агульнай колькасці дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця атрымліваюць спецыяльную адукацыю ва ўмовах інтэграцыі.

З мэтай павышэння сацыяльнай абароненасці выпускнікоў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця з 2005 г. установы адукацыі ажыццяўляюць іх патранат на працягу двух гадоў пасля заканчэння ўстановы адукацыі.