Функцыянаванне сістэмы вышэйшай адукацыі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі на падставе Канцэптуальных падыходаў да развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2020 года і на перспектыву да 2030 года, адобраных Рэспубліканскім педагагічным саветам з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у жніўні 2017 года, з захаваннем нацыянальных інтарэсаў і патрэб эканомікі Рэспублікі Беларусь, паляпшэння іміджу і канкурэнтаздольнасці нацыянальнай сістэмы вышэйшай адукацыі, павышэння пазіцый устаноў вышэйшай адукацыі ў міжнародных рэйтынгах, пашырэння экспарту адукацыйных паслуг.



Вядзецца пастаянная работа па ўзмацненні практыка-арыентаванай падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй.
Наладжана ўзаемадзеянне з сектаральнымі саветамі па распрацоўцы прафесійных стандартаў, створанымі пры міністэрствах і ведамствах. Працуе сектаральны савет пры Міністэрстве адукацыі. Выпрацаваны падыходы да распрацоўкі адукацыйных стандартаў новага пакалення ў звязку з прафесійнымі стандартамі.
Развіваецца супрацоўніцтва з арганізацыямі-заказчыкамі кадраў. На высокатэхналагічных прадпрыемствах рэспублікі, у арганізацыях Парка высокіх тэхналогій, інстытутах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, іншых арганізацыях эканомікі і сацыяльнай сферы функцыянуе больш за 1100 філіялаў кафедр.
Ва ўстановах вышэйшай адукацыі працуе больш за 80 сумесных з вядучымі сусветнымі кампаніямі лабараторый і каля 50 адукацыйных цэнтраў вядучых сусветных кампаній.
Для вырашэння перспектыўных задач эканомікі ў сістэме вышэйшай адукацыі ўкараняюцца новыя падыходы пры падрыхтоўцы спецыялістаў: «Універсітэт 3.0», «Лічбавы ўніверсітэт».
У рамках рэалізацыі мадэлі «Універсітэт 3.0» асаблівая ўвага ва ўстановах вышэйшай адукацыі надаецца вывучэнню пытанняў інавацыйнай і вынаходніцкай дзейнасці, развіццю ў навучэнцаў кампетэнцый і навыкаў, неабходных для вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці, рэалізацыі стартапаў у бізнес-інкубатарах, каманднага выканання высокатэхналагічных праектаў, стварэнні сеткі інавацыйных структур.
Рэалізацыю праекта «Універсітэт 3.0» ажыццяўляюць 8 устаноў вышэйшай адукацыі рэспублікі, у тым ліку 3 рэгіянальныя.
Пачынаючы з 2018 года 8 устаноў вышэйшай адукацыі рэспублікі пачалі рэалізацыю праекта «Лічбавы ўніверсітэт» (арганізацыя адукацыйнага працэсу на аснове інфармацыйных тэхналогій).
Ажыццяўленне праекта «Лічбавы ўніверсітэт» накіравана на рэалізацыю ва ўніверсітэтах трох асноўных узаемазвязаных кампанентаў (атрыбутаў):
інфраструктура і інструменты доступу да інфармацыйных рэсурсаў;
інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў адукацыйным і выхаваўчым працэсе, у тым ліку ў дыстанцыйнай адукацыі;
цыфравізацыя працэсаў кіравання ўніверсітэтам (бізнес-працэсаў).