Міністэрства адукацыі
Рэспублікі Беларусь

Адукацыя дзеля будучыні краіны

Пытанні і адказы, якія тычацца паступлення дзіцяці ў першы клас

Ваш ребенок идет в школу.jpg

Дзіця першы раз ідзе ў школу. Гэта важная падзея не толькі ў яго жыцці, але і ў жыцці яго бацькоў, педагогаў, школы. Як падрыхтаваць дзіця да новага жыцця, як арганізаваць вучобу, каб яна была ў радасць дзецям, і ім хацелася б кожную раніцу ісці ў школу? Абмяркуем пытанні, якія задаюцца часцей за ўсё бацькамі.

первокласник.jpg

Пытанне 1. Узрост паступлення дзіцяці ў першы клас?

У адпаведнасці з артыкулам 159 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ў I клас прымаюцца асобы, якім на 1 верасня адпаведнага навучальнага года спаўняецца шэсць і больш гадоў. Па жаданні аднаго з законных прадстаўнікоў дзіцяці дапускаецца прыём у I клас асобы, якой шэсць гадоў споўніцца ў перыяд з 1 па 30 верасня адпаведнага навучальнага года.

Пытанне 2. Якія дакументы неабходныя пры паступленні дзіцяці ў першы клас?

Для прыёму дзяцей у першы клас установы агульнай сярэдняй адукацыі законныя прадстаўнікі ў перыяд з 12 чэрвеня па 28 жніўня падаюць наступныя дакументы:

- заяву на імя кіраўніка ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі;

- медыцынскую даведку аб стане здароўя дзіцяці;

- пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці.

Пытанне 3. Ці правамерна правядзенне ў школах тэсціравання дзяцей, якія паступаюць у першы клас?

Прыём дзяцей ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца без уступных выпрабаванняў.

Пытанне 4. Ці абавязкова прысутнасць дзіцяці пры падачы дакументаў у школу?

Не абавязкова.

Пытанне 5. Першыя класы – гэта класы школы або групы дашкольнай установы?

 Першыя класы – гэта класы ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. Па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў улады яны могуць размяшчацца як на базе школы, так і на базе дашкольных устаноў.

Калі першыя класы размяшчаюцца ў школе, то для іх ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы для арганізацыі адукацыйнага працэсу дзяцей шасцігадовага ўзросту, уключаючы сон, харчаванне, прагулку і г.д.

Калі першыя класы размяшчаюцца на базе дашкольных устаноў, то адукацыйны працэс у першую палову дня ажыццяўляе настаўнік школы, астатні час з вучнямі працуюць педагагічныя работнікі дашкольнай установы. Вучні першых класаў у дадзеным выпадку ўваходзяць у склад дзіцячага калектыву дашкольнай установы. Іх рэжым дня з’яўляецца складовай часткай агульнага рэжыму дня дашкольнай установы.

У перыяд канікул, у тым ліку дадатковых на працягу навучальнага года і летніх, вучні першых класаў могуць наведваць дашкольную ўстанову на агульных падставах.

Пытанне 6. Чым адрозніваецца арганізацыя навучання дзяцей у першых класах ад іншых класаў пачатковай школы?

Працягласць вучэбнага тыдня – 5 дзён.

З мэтай забеспячэння паступовага пераходу з дашкольнай установы ў школу, вучэбным планам у першым класе прадугледжана на працягу верасня правядзенне вучэбных заняткаў па праграме «Уводзіны ў школьнае жыццё». На працягу гэтага перыяду не праводзяцца вучэбныя заняткі па матэматыцы, чытанню, пісьму. Настаўнік праводзіць з дзецьмі экскурсіі, мэтавыя прагулкі, фізкультурныя заняткі, развіццёвыя гульні, вучыць дзяцей, як паводзіць сябе ў калектыве, вывучае гатоўнасць кожнага да школьнага навучання, аказвае дапамогу школьнікам у засваенні правілаў і формаў паводзін у час вучэбных заняткаў, ва ўменні разумець змест пытанняў, якія задае настаўнік, у арганізацыі сваёй дзейнасці.

З кастрычніка праводзяцца ўсе вучэбныя заняткі па прадметах вучэбнага плана.

Для вучняў 1 класа прадугледжана зберагальная арганізацыя адукацыйнага працэсу:

- урокі праводзяцца толькі ў першую змену;

-для захоўвання верхняга адзення і зменнага абутку, як правіла, вылучаецца спецыяльнае памяшканне;

- кожны вучань забяспечваецца зручным працоўным месцам за партай ці сталом у адпаведнасці з ростам і станам слыху і зроку;

- падручнікі і дыдактычныя дапаможнікі рэкамендуецца захоўваць у школе;

- напаўняльнасць класа – не больш за 20 чалавек;

 - у сярэдзіне трэцяй, самай працяглай чвэрці арганізуюцца дадатковыя канікулы на працягу аднаго тыдня;

 - працягласць вучэбных заняткаў – 35 хвілін з абавязковым правядзеннем дзвюх фізкультхвілінак па 1,5-2 хвіліны кожная;

- працягласць перапынкаў паміж вучэбнымі заняткамі не менш за 10 хвілін, пасля другога ці трэцяга вучэбнага занятку праводзіцца дынамічная паўза (прагулка на свежым паветры) працягласцю не менш за 30 хвілін.

- дамашнія заданні вучням не задаюцца.

Пытанне 7. Як жа ацэньваюцца вынікі навучання першакласнікаў?

У класе, дзе навучаюцца шасцігадовыя дзеці, выключаецца сістэма бальнага (адзнакавага) ацэньвання. Недапушчальна таксама выкарыстанне любой знакавай сімволікі, якая замяняе лічбавую адзнаку (зорачкі, сонейкі, кветачкі і г.д.). Дапускаецца толькі слоўная ацэнка. Акрамя таго, нельга пры няправільным адказе вучня казаць: «не стараўся», «не думаў», «няправільна», лепш настаўніку ў школе, а бацькам дома абыходзіцца рэплікамі «давай паслухаем іншых», «гэта тваё меркаванне», «ты так думаеш» і г.д.

Ніякаму ацэньванню не падлягаюць: тэмп працы вучня; асабістыя якасці школьнікаў, своеасаблівасць іх псіхічных працэсаў (асаблівасці памяці, увагі, успрымання, тэмп дзейнасці і інш.).

На працягу першага года навучання кантрольныя работы не праводзяцца. Выніковыя кантрольныя работы праводзяцца ў канцы навучальнага года. Забаронена правяраць тэхніку чытання «на хуткасць» з секундамерам. Тэхніку чытання вучняў правярае настаўнік дадзенага класа, улічваючы індывідуальныя асаблівасці кожнага вучня, яго тэмп чытання.

Пытанне 8. Як дапамагчы дзіцяці хутчэй прызвычаіцца да школьнага жыцця?

Поспехі шасцігадовага дзіцяці ў школе шмат у чым вызначаюцца яго гатоўнасцю да яе, а таксама, і гэта важней за ўсё, стаўленнем бацькоў і настаўніка да новай дзейнасці ў жыцці дзіцяці.

Перш за ўсё важна, каб ён пайшоў у школу фізічна развітым, здаровым.

Для паспяховага навучання школьнікаў неабходна ўлічваць асаблівасці іх адаптацыі (прывыкання, прыстасавання) да школьнага жыцця.

Першы год навучання асабліва цяжкі для дзіцяці: змяняецца звыклы ўклад яго жыцця, ён прызвычайваецца да новых сацыяльных умоў, новай дзейнасці, незнаёмых дарослых і аднагодкаў. Больш складана адаптацыя працякае ў дзяцей з парушэннямі фізічнага і псіхалагічнага здароўя.

Назіранні паказалі, што сацыяльна-псіхалагічная адаптацыя можа праходзіць па-рознаму. Значная частка дзяцей (прыкладна 50-60%) прызвычайваюцца на працягу 2 – 3-х месяцаў навучання. Гэта выяўляецца ў тым, што дзіця прывыкае да калектыву, больш даведаецца пра сваіх аднакласнікаў, набывае сяброў. У такіх дзяцей пераважае добры настрой, актыўнае стаўленне да вучобы, жаданне наведваць школу, здольнасць добрасумленна і без бачнага напружання выконваць патрабаванні настаўніка.

Іншым дзецям (каля 30%) патрабуецца больш часу для прывыкання да новага школьнага жыцця. Яны могуць да канца першага паўгоддзя аддаваць перавагу гульнявой дзейнасці, а не вучэбнай, не адразу выконваюць патрабаванні настаўніка, часта высвятляюць адносіны з аднагодкамі неадэкватнымі метадамі (б’юцца, капрызяць, плачуць, скардзяцца). У гэтых дзяцей узнікаюць цяжкасці і ў засваенні школьных праграм.

І, нарэшце, у кожным класе ёсць прыкладна 14% дзяцей, у якіх да значных цяжкасцяў вучэбнай працы дадаюцца цяжкасці балючай і працяглай (да аднаго года) адаптацыі. Такія дзеці адрозніваюцца устойлівымі адмоўнымі эмоцыямі, нежаданнем вучыцца і наведваць школу. Часта менавіта з гэтымі дзецьмі не хочуць сябраваць, супрацоўнічаць, што выклікае новую рэакцыю пратэсту: яны паводзяць сябе задзірліва, замінаюць праводзіць вучэбныя заняткі і інш.

Найбольш напружанымі для ўсіх дзяцей з’яўляюцца першыя чатыры тыдні навучання. Вельмі важныя ў гэты час увага і падтрымка з боку бацькоў і настаўнікаў. Неабходна быць стрыманымі, спакойнымі, падтрымліваць годнасці дзяцей, радавацца іх поспехам, старацца дапамагчы наладзіць адносіны з аднагодкамі. Калі настаўнік, бацькі не будуць улічваць цяжкасці адаптацыйнага перыяду, гэта можа прывесці да нервовага зрыву дзіцяці і парушэння яго псіхічнага здароўя. Памятаеце пра гэта.

Пытанне 9. Чым займацца з дзіцем, каб ён стаў гатовым да школы?

Па-першае, трэба памятаць, што гатоўнасць да школы – гэта складаны комплекс пэўных псіхафізіялагічных станаў, уменняў, навыкаў і здароўя дзіцяці. Штучна фарсіраваць гэтую гатоўнасць нельга. Аднак неабходна і можна дапамагаць дзіцяці падрыхтавацца да школьнага жыцця.

Зараз 92% дзяцей пяцігадовага ўзросту рыхтуюцца да школьнага жыцця ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Іх дзейнасць ва ўстанове дашкольнай адукацыі рэгламентуецца дзяржаўнай праграмай «Пралеска». Тыя, хто не наведвае ўстановы дашкольнай адукацыі, у абавязковым парадку павінны прайсці гэтую падрыхтоўку, каб мець аднолькавыя стартавыя магчымасці, праз розныя формы арганізацыі працы ва ўстанове дашкольнай адукацыі, школе.

Неабходна мець на ўвазе, што дзіцяці, які не наведвае дзіцячы сад, бывае цяжка змірыцца з тым, што ў школе ён не самы галоўны, не адзіны, а такі ж, як і ўсе астатнія дзеці. Ён павінен сядзець на вучэбным занятку і не перашкаджаць іншым, ён вымушаны падпарадкоўвацца агульнай дысцыпліне, пастаянна суадносіць свае жаданні і інтарэсы з жаданнямі і інтарэсамі настаўнікаў і аднакласнікаў. Неабходна пастарацца зрабіць так, каб ён яшчэ да школы часцей меў зносіны з аднагодкамі.

Першакласніку прыходзіцца самому сябе абслугоўваць. Таму аб навыках самаабслугоўвання варта паклапаціцца асабліва. Вельмі важна, каб дзіця да моманту паступлення ў школу валодаў пэўнай доляй самастойнасці: умеў завязваць шнуркі, зашпільваць гузікі, складваць партфель, трымаць у парадку свой пакой, месца для заняткаў, цацкі, адзенне, абутак. Не варта рабіць гэта за дзяцей, не трэба вызваляць іх ад працоўных намаганняў. Нельга парушаць адзін з важных прынцыпаў выхавання: не рабіць за дзяцей тое, што яны ў стане зрабіць самі. Гэта вельмі важны складнік гатоўнасці да школы.

Важна, каб дзіця развівала ў сабе валявыя якасці. Для гэтага яго трэба прывучаць любую пачатую ім справу дарабляць да канца. У першую чаргу трэба паклапаціцца аб яго здароўі. Плаванне, прагулкі, веласіпед – гэта заняткі, якія спрыяюць будучаму паспяховаму ўступленню ў школьнае жыццё.

Самы важны спосаб развіцця (які тычыцца і маўлення, і ўвагі, і зносін, і памяці, і ўяўлення, і яшчэ шмат чаго іншага) – чытанне дзіцяці кнігі. Чытайце дзецям кнігі. У гэтым узросце добра чытаць малым чароўныя казкі розных народаў. Чытанне нельга падмяніць тэлевізарам. Пра гэта трэба бацькам памятаць заўсёды. Трэба чытаць (ці распавядаць) дзецям казкі не меней за паўгадзіну ў дзень. Падтрымлівайце ўсе заняткі, якія прымушаюць працаваць фантазію, уяўленне, самастойную кемлівасць: маляванне, лепку, канструяванне.

Пытанне 10. І ўсё-такі. Ці абавязкова дзіця павінна ўмець чытаць, пісаць, лічыць да школы?

Многія бацькі абмяжоўваюцца тым, што спрабуюць навучыць дзіця чытанню, пісьму і ліку. Варта памятаць, што пяцігадовы малы не можа яшчэ сур’ёзна займацца, і зусім недапушчальна, каб падобныя «ўрокі» суправаджаліся скандаламі, крыкамі і слязьмі. Падрыхтаванае такім чынам дзіця першы час сапраўды добра паспявае, але паступова «хатні запас» канчаецца, вучыцца становіцца ўсё цяжэй. Ён не ўмее быць уважлівым на працягу ўсяго вучэбнага занятку, не радуецца уласным поспехам, у школу ходзіць без усялякага задавальнення.

Можа лепш зусім не рыхтаваць дзіця да школы? Прыйдзе час, там усяму і навучыцца? Педагогі і псіхолагі лічаць, што рыхтаваць абавязкова трэба. Толькі без прымусу і пакаранняў. Цяпер многія дзеці ўмеюць чытаць, пісаць і лічыць яшчэ ў дашкольным узросце. Калі дзіця з цікавасцю і ў гульнявой форме асвойвае гэтыя хітрыя мудрасці, не варта яму перашкаджаць. Але калі дзіця наадрэз адмаўляецца, то не прымушайце яго сілком гэта рабіць, бо тым самым вы можаце назаўжды адбіць ахвоту вучыцца.

Навучанне чытанню, пісьму, ліку – гэта асноўная задача пачатковай школы. Настаўнік зробіць гэта больш пісьменна і прафесійна, чым бацькі. Хоць лічыць у межах дзесяці дашкольнік павінен, так як гэта ўваходзіць у праграму дзіцячага сада.

Безумоўна, дзіця, з якім займаюцца бацькі яшчэ да школы, не будзе адчуваць сур’ёзных праблем у першым класе. Таму, калі вы навучылі малога чытанню, то палегчыце яго будучую вучобу. Галоўнае толькі – не прымушаць дзіця, а прывучаць яго да чытання з дапамогай розных развіццёвых гульняў і заняткаў.

Пры навучанні пісьму настаўнік сутыкаецца часта з праблемай недастатковага развіцця дробных мышцаў рукі. Для развіцця кісці малым рэкамендуецца маляваць, размалёўваць малюнкі, выконваць іх кропкамі і штрыхавымі лініямі, маляваць па ўзоры, абводзіць шаблоны, будаваць фігуры пры дапамозе лекал, ляпіць з пластыліну. Чым больш цвёрдай, больш упэўненай будзе рука ў дзіцяці, тым лягчэй ён асвоіць напісанне літар.

Пытанне 11. Дзе ўзяць падручнікі, і якія яшчэ школьныя прыналежнасці патрэбныя першакласніку?

Усе падручнікі для вучняў першага класа выдаюцца ў школе.

Прыкладны спіс неабходных прыладаў для першага класа ў школах, як правіла, вывешваюць.

Першакласніку неабходныя:

- набор шарыкавых ручак

- фламастары і алоўкі

- гумка

- тачылка

- вокладкі для сшыткаў і кніг

- пенал

- лінейка

- фарбы (акварэльныя або гуаш)

- альбом для малявання

- набор пэндзлікаў.

Пытанне 12. Ці патрэбна школьная форма першакласнікам?

Так. Але сёння мы гаворым не пра школьную форму, а пра вопратку дзелавога стылю: строгую, акуратную, зручную, прыгожую, каб падабалася таму, хто яе будзе насіць. Бацькам неабходна пацікавіцца, якое адзенне дзелавога стылю прынятае для нашэння вучнямі ў гэтай канкрэтнай школе. Пасля вучэбных заняткаў, калі вучань застаецца ў групе падоўжанага дня, то варта прыгатаваць вопратку для таго, каб ён змог пераапрануцца.

first_class_1.png

Бацькам можна параіць:

Падтрымайце у дзіцяці яго імкненне стаць школьнікам. Ваша шчырая зацікаўленасць у яго школьных справах і клопатах, сур’ёзнае стаўленне да яго першых дасягненняў і магчымых цяжкасцяў дапамогуць першакласніку пацвердзіць значнасць яго новага становішча і дзейнасці.

first_class_2.jpg

Абмяркуйце з дзіцём тыя правілы і нормы, з якімі ён сустрэўся ў школе. Растлумачце іх неабходнасць і мэтазгоднасць.

Ваша дзіця прыйшо ў школу, каб вучыцца. Калі чалавек вучыцца, у яго можа штосьці не адразу атрымлівацца, гэта натуральна. Дзіця мае права на памылку.

first_class_3.jpg

Складзіце разам з першакласнікам распарадак дня, сачыце за яго выкананнем.

Не прапускайце цяжкасці, магчымыя ў дзіцяці на пачатковым этапе авалодання вучэбнымі навыкамі. Калі ў першакласніка, напрыклад, ёсць лагапедычныя праблемы, паспрабуйце справіцца з імі на першым годзе навучання.

Падтрымайце першакласніка ў яго жаданні дамагчыся поспеху. У кожнай працы абавязкова знайдзіце, за што можна было б яго пахваліць. Памятайце, што пахвала і эмацыянальная падтрымка здольныя прыкметна павысіць інтэлектуальныя дасягненні чалавека.

first_class_4.jpg

Калі вас нешта турбуе ў паводзінах дзіцяці, яго вучэбных справах, не саромейцеся звяртацца за парадай  і кансультацыяй да настаўніка або школьнага псіхолага.

З паступленнем у школу ў жыцці вашага дзіцяці з’явіўся чалавек больш аўтарытэтны, чым вы. Гэта настаўнік. Паважайце меркаванне першакласніка аб сваім педагогу.

Вучэнне – гэта нялёгкая і адказная праца. Паступленне ў школу істотна мяняе жыццё дзіцяці, але не павінна пазбаўляць яе разнастайнасці, радасці, гульні. У першакласніка павінна заставацца дастаткова часу для гульнявых заняткаў.

Вы як ніхто іншы ведаеце сваё дзіця, прыслухайцеся да яго, паспрабуйце зразумець яго пачуцці і перажыванні. І тады вучоба ў школе будзе ў радасць дзіцяці і бацькам.

first_class_5.jpg

А 1 верасня наладзьце дзіцяці сапраўднае свята – паход у парк, выезд на прыроду, наведванне кінатэатра ці тэатра. І абавязкова – кветкі. І абавязкова – торт або пірог. І абавязкова – марозіва. Свята! Нават калі дзіця ідзе не ў першы, а ў другой ці ў чацвёрты клас. Адзін раз у год – свята школы. Бо гэта ж так цудоўна – «першы раз у першы клас»!