Міністэрства адукацыі
Рэспублікі Беларусь

Адукацыя дзеля будучыні краіны

Яркія падзеі на старце IV чэмпіянату свету сярод студэнтаў па канькабежным спорце

Апублікавана: 21.03.2018

_DSC_9101.jpgСёння ў Мінску паміж Беларускай асацыяцыяй студэнцкага спорту і Студэнцкім спартыўным саюзам Польшчы быў заключаны мемарандум аб супрацоўніцтве, а літаральна праз гадзіну на канькабежным стадыёне “Мінск-Арэны” прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця IV чэмпіянату свету сярод студэнтаў па канькабежным спорце.
_DSC_9221.jpgСамая масавая спартыўная студэнцкая арганізацыя Польшчы налічвае 110-гадовую гісторыю. За гэты час, безумоўна, склаліся свае традыцыі, напрацаваны багаты вопыт папулярызацыі спорту і здаровага ладу жыцця сярод студэнцкай моладзі. У знаёмстве з гэтым вопытам якраз і зацікаўлены беларускі бок. Падпісанне мемарандума будзе паляпшаць узаемаадносіны паміж студэнтамі дзвюх краін, дазволіць асацыяцыям вывесці сяброўства на новы ўзровень.
— Беларусь — адкрытая, спартыўная краіна і ў нас цудоўныя спартыўныя пляцоўкі, на якіх мы рады бачыць польскіх спартсменаў. Наша асацыяцыя існуе не так даўно, аднак мы гатовы браць ад польскіх сяброў усё лепшае і ўкараняць гэта ў сваю дзейнасць. Падпісанне мемарандума — гэта першы крок на шляху наладжвання больш цесных стасункаў. Гэтым актам мы паказваем сваю адкрытасць і гатоўнасць супрацоўнічаць, абменьвацца вопытам, а таксама праводзіць спаборніцтвы як на беларускіх спартыўных аб’ектах, так і прыняць удзел у польскіх чэмпіянатах і спаборніцтвах, — адзначыў старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Аляксандр Багдановіч.
Па словах генеральнага сакратара Студэнцкага спартыўнага саюза Польшчы Барталамея Корпака, польскія студэнты з гатоўнасцю будуць вывучаць тыя кампетэнцыі, якімі валодаюць іх беларускія аднагодкі. Для польскага боку важнай з’яўляецца магчымасць праводзіць падрыхтоўку на спартыўных аб’ектах, якімі славіцца Беларусь, у тым ліку аб’ектах “Мінск-Арэны”. Менавіта на канькабежным стадыёне комплекса і прайшло яркае, незабыўнае, урачыстае адкрыццё IV чэмпіянату свету сярод студэнтаў па канькабежным спорце. У Мінску сабраліся паспяховыя маладыя спартсмены з 14 краін розных кантынентаў, якіх у гэтыя вясновыя дні аб’ядноўваюць любоў да канькабежнага спорту, надзея на поспех і вера ў перамогу. Гэта прадстаўнікі каманд Кітая, Чэхіі, Фінляндыі, Венгрыі, Італіі, Японіі, Казахстана, Манголіі, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Швецыі, ЗША, Беларусі.
_DSC_9276.jpg— Правядзенне сусветных спартыўных форумаў сярод студэнтаў пад эгідай FISU у нашыя дні з’яўляецца важнай часткай студэнцкага спартыўнага жыцця ва ўсім свеце. Гэта ўнікальная магчымасць не толькі пазмагацца за спартыўнае першынство, але і набыць вопыт стасункаў з равеснікамі з розных краін свету. Цяперашні чэмпіянат для нашай краіны асаблівы. Другі раз за гады суверэннай гісторыі нашай дзяржавы выканаўчы камітэт FISU прадаставіў права правядзення студэнцкіх спаборніцтваў міжнароднага ўзроўню Рэспубліцы Беларусь. Мы спадзяёмся, што правядзенне чэмпіянату свету па канькабежным спорце сярод студэнтаў яшчэ больш падыме прэстыж Беларусі як спартыўнай дзяржавы. Упэўнены, што ў складзе кожнай каманды лепшыя прадстаўнікі сваёй краіны: моцныя, мужныя, якія маюць на сваім рахунку нямала спартыўных дасягненняў. Адным словам, сапраўдная сусветная спартыўная эліта. Перакананы, што спартсмены гатовы прадэманстраваць і майстэрства, і волю да перамогі, і самыя высокія па-сапраўднаму алімпійскія вынікі. Няхай усім удзельнікам чэмпіянату садзейнічае поспех падчас сумленнай і бескампраміснай барацьбы на дарожках канькабежнага стадыёна, — звярнуўся да ўдзельнікаў урачыстага адкрыцця чэмпіянату міністр адукацыі Ігар Карпенка.
Нагадаем, што ўваход на канькабежны стадыён вольны па білетах, якія можна спампаваць на сайце kvitki.by, таму кожны з нас можа падтрымаць землякоў у змаганні за медалі сусветнага першынства сярод студэнтаў па канькабежным спорце.

Ігар ГРЭЧКА для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега ІГНАТОВІЧА.
Вярнуцца да спісу навін