Государственный герб Республики Беларусь




Міністэрства адукацыі
Рэспублікі Беларусь


Адукацыя дзеля будучыні краіны


Вялікая спартыўная сям’я

Апублікавана: 10.09.2017

2015 год: першы Мінскі паўмарафон, 16 тысяч удзельнікаў з 36 краін. 2016 год: другі Мінскі паўмарафон, амаль 20 тысяч бегуноў з 42 краін. 2017 год: трэці Мінскі паўмарафон, каля 30 тысяч удзельнікаў з 50 краін. Сярод іх 9 тысяч студэнтаў і выкладчыкаў з 42 айчынных універсітэтаў і інстытутаў. Сістэма адукацыі па традыцыі прыняла актыўны ўдзел у самым масавым забегу Беларусі. Нашу каманду ўзначаліў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Анатольевіч Богуш. 
Гэта толькі колькасць студэнтаў і выкладчыкаў. Калі да 9 тысяч дадаць яшчэ школьнікаў і настаўнікаў, то атрымаецца даволі ўнушальная лічба. Можна смела гаварыць, што трэцяя частка ўдзельнікаў галоўнай бегавой падзеі краіны, якія сабраліся 10 верасня каля сталічнага Палаца спорту для старту на дыстанцыі 5,5, 10,55 і 21,1 км, з’яўляюцца прадстаўнікамі айчыннай сістэмы адукацыі. Майкі з надпісамі “БДУ”, “БДПУ”, “БДУФК”, “БДТУ” літаральна стракацелі ў вялікім шматузроставым і шматнацыянальным натоўпе. А над гэтым натоўпам развіваліся дзясяткі сцягоў з эмблемамі ўніверсітэтаў і факультэтаў. 
.doc-4050233.jpg

Каля 2300 чалавек выйшлі на старт ад Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Каля 1600 бегуноў заявіў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Больш за тысячу чалавек абаранялі легкаатлетычны гонар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. “Трэці год запар наш універсітэт удзельнічае ў самым масавым забегу краіны. Тут рэктарат, дэканы, выкладчыкі, прадстаўнікі ўсіх факультэтаў, структурных падраздзяленняў БДПУ і амаль паўтары тысячы студэнтаў. Мы нездарма выйшлі на старт пад лозунгамі: “БДПУ — да новых перамог разам!”, “Будучыя педагогі — за здаровы лад жыцця!” Педагог павінен быць не толькі эрудзіраваным, але і здаровым, асабістым прыкладам далучаць вучняў да здаровага ладу жыцця. Да гэтага мы рыхтуем будучых настаўнікаў яшчэ са студэнцкіх гадоў. Некаторыя выкладчыкі прыйшлі з сем’ямі. Мы ўсе разам вялікая педагагічная сям’я, якая падтрымлівае здаровы лад жыцця”, — адзначыў рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук. 
.doc-4050243.jpg

Вялікай сям’ёй былі ў гэты дзень усе 30 тысяч удзельнікаў, а таксама дзясяткі тысяч гледачоў. Для кожнага бегуна галоўным была не перамога, а ўдзел. Гэта і аб’ядноўвае Мінскі паўмарафон з Алімпійскімі гульнямі. І ўсё ж пераможцы былі вызначаны. Сярод мужчын на дыстанцыі 21,1 км ім стаў кеніец Хілары Кіптум Майо Кімайо, які паказаў час 1:03:19. Сярод жанчын перамогу святкавала беларуска Людміла Ляховіч з часам 1:13:53. Кожны ўдзельнік паўмарафону атрымаў памятны медаль. Сярод шчасліўчыкаў і старшакласніцы сярэдняй школы № 6 Мінска, якіх вы бачыце на фота. 30 тысяч бегуноў, 30 тысяч памятных медалёў. Вялікая шматузроставая, шматнацыянальная спартыўная сям’я Мінскага паўмарафону ў наступным годзе абяцае быць яшчэ большай.

.doc-4050253.jpg

Iгар ГРЭЧКА для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота аўтара.
Вярнуцца да спісу навін