Государственный герб Республики Беларусь

Міністэрства адукацыі
Рэспублікі Беларусь

Адукацыя дзеля будучыні краіны
Апублікавана: 09.10.2017

У мінулую пятніцу на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка прайшло чарговае пасяджэнне грамадска-кансультацыйнага савета па пытаннях адукацыі.
Абмяркоўваліся механізмы рэалізацыі канцэптуальных падыходаў па развіцці нацыянальнай сістэмы адукацыі (канцэпцыя разлічана як на найбліжэйшую, да 2020 года, так і далёкую, да 2030 года, перспектыву), з якімі пазнаёміў першы намеснік міністра адукацыі нашай краіны, доктар фізіка-матэматычных навук, дацэнт Вадзім Богуш. На ўдасканаленні адбору абітурыентаў на педагагічныя спецыяльнасці засяродзіў увагу прысутных рэктар БДПУ імя Максіма Танка, доктар педагагічных навук, прафесар Аляксандр Жук.
Як адзначыў у сваім выступленні Вадзім Анатольевіч, вызначальнымі элементамі нацыянальнай сістэмы адукацыі з’яўляюцца яе якасць і даступнасць. Адным з важных і сучасных напрамкаў сістэмы адукацыі стала рэалізацыя канцэпцыі інклюзіўнай адукацыі. Акрамя таго, у канцэптуальных падыходах развіваецца тэма ўсеагульнай сярэдняй адукацыі, укараненне інстытута незалежнай ацэнкі якасці адукацыі, стварэнне ўмоў для развіцця інфармацыйных тэхналогій у вучэбным працэсе.
У дакуменце вядзецца гаворка пра абнаўленне зместу адукацыі, навукова-метадычнае і метадалагічнае забеспячэнне, а таксама пытанні, звязаныя з узаемадзеяннем адукацыі з заказчыкамі кадраў. Безумоўна, адной з найважнейшых задач нацыянальнай сістэмы адукацыі з’яўляецца выхаванне падрастаючага пакалення.
Далей Вадзім Анатольевіч спыніўся на ўсіх узроўнях адукацыі. У прыватнасці, у сістэме дашкольнай адукацыі прапануецца і далей развіваць якасць з акцэнтам на стварэнні здароўезберагальнага асяроддзя. Праблема крокавай даступнасці дзіцячых садоў будзе вырашацца за кошт іх будаўніцтва і больш актыўнага ўкаранення новых форм работы. Будзе абноўлены змест дашкольнай адукацыі, працягнецца работа па развіцці кадравага патэнцыялу.
У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі на першы план выходзяць задачы ўсеагульнай сярэдняй адукацыі, завяршэнне абнаўленння зместу адукацыі, а таксама пашырэнне дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў на базе ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Апошняе патрабуе карэкціроўкі заканадаўчых норм. У доўгатэрміновай перспектыве ― рэалізацыя агульнага падыходу да выніковай атэстацыі за курс сярэдняй школы. Мяркуецца, што яна будзе ў выглядзе шматпрофільнага тэста (па прадметах, якія вывучаюцца ў школе). Такі падыход запатрабуе змен і ў арганізацыі цэнтралізаванага тэсціравання. Плануецца, што застануцца два тэсты па профільных прадметах.
Акрамя таго, у планах — шэраг мерапрыемстваў па развіцці інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя. Карэкціроўкі патрабуюць дакументы, якія рэгламентуюць дакументаабарот ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. У развіцці спецыяльнай адукацыі акцэнт будзе рабіцца на інклюзіўнай адукацыі (стварэнні адпаведнай метадычнай базы) і пашырэнні магчымасцей працаўладкавання людзей з інваліднасцю і псіхафізічнымі асаблівасцямі. Гэтае пытанне ўжо абмяркоўвалася з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны.
У сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі будзе функцыянаваць адзіная навучальная ўстанова ― каледж, у якой будуць рэалізоўвацца вучэбныя праграмы прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і агульнай сярэдняй адукацыі.
У сферы вышэйшай адукацыі ўжо абмеркаваны пытанні, звязаныя з двухступеньчатай сістэмай. Гэтая адукацыйная галіна будзе працягваць развівацца з ухілам на практыка-арыентаваную падрыхтоўку. З наступнага года ў планах ― пачаць укараненне па асобных кірунках адукацыйных стандартаў пакалення 3+. Акрамя таго, пачнецца эксперымент па стварэнні нацыянальнай мадэлі “Універсітэт 3.0”.
У сваю чаргу члены грамадска-кансультацыйнага савета звярнулі ўвагу на неабходнасць развіцця сацыяльна-гуманітарнага блока ва ўніверсітэтах, павышэнне статусу прафарыентацыйнай адукацыі, прапанавалі перагледзець правілы выдачы мэтавых накіраванняў для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі.
Узорам прафарыентацыйнай работы на ўзроўні вышэйшай школы з’яўляецца дзейнасць у гэтым кірунку Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, які на працягу некалькіх гадоў распаўсюджвае і актыўна ўкараняе ідэю стварэння педагагічных класаў.
На сёння педагагічныя класы ёсць ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны, і іх колькасць (па папярэдніх даных) складае 441, у іх вучыцца амаль 4700 чалавек. Лідарамі ў адкрыцці педагагічных класаў з’яўляюцца Мінская вобласць, Мінск і Гродзенская вобласць. Профільная падрыхтоўка ў педкласах уключае вывучэнне профільных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні, засваенне праграмы факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, педагагічныя пробы, якія мадэлююць самыя розныя віды педагагічнай дзейнасці (наведванне ўрокаў, прафесійныя даследаванні, арганізацыя выхаваўчых мерапрыемстваў для малодшых школьнікаў, падрыхтоўка і правядзенне фрагментаў урокаў, практыка ў школьным летніку, валанцёрская дзейнасць), і стварэнне навучэнцамі педкласаў уласнага партфоліа “Я ― педагог”.
З гэтага года, калі адбыўся першы выпуск педкласаў, ва ўніверсітэтах з педагагічнымі спецыяльнасцямі пачалі дзейнічаць правілы прыёму (на льготных умовах) для выпускнікоў такіх класаў. Акрамя таго, ва ўніверсітэт без экзаменаў могуць паступаць медалісты, пераможцы абласных алімпіяд і навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія скончылі іх з дыпломам з адзнакай. Як заўважыў рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Жук, колькасць медалістаў за апошнія тры гады павялічылася ў 9 разоў. Сярэдні бал студэнтаў-медалістаў (па выніках двухгадовага маніторыгу) ― 7,5, а на гуманітарных спецыяльнасцях ― 8,5―9. Як заўважыў Аляксандр Іванавіч, ідэя з педкласамі і медалістамі сябе апраўдала. Такія абітурыенты прыходзяць ва ўніверсітэт усвядомлена, прычым з добрым сярэднім балам атэстата (у гэтым годзе ў БДПУ імя Максіма Танка ён быў не ніжэйшы за 8,5). Павялічыліся і прахадныя балы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ для прэс-цэнтра Мiнiстэрства адукацыi.
Вярнуцца да спісу навін