Міністэрства адукацыі
Рэспублікі Беларусь

Адукацыя дзеля будучыні краіны

У цэнтры ўвагi – Аршанскi раён

Апублікавана: 06.11.2019

Фота Т.Бондарава

Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка ў ходзе рабочай паездкі на Віцебшчыну 5 лістапада наведаў шэраг устаноў адукацыі, Аршанскі авіярамонтны завод, сустрэўся з навучэнцамi i педагогамi Аршаншчыны.
У канферэнц-зале Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа адбыўся круглы стол з удзелам міністра, кіраўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання і прадстаўнікоў арганізацый-заказчыкаў кадраў, дзе разглядаліся перспектывы развіцця прадпрыемстваў машынабудаўнічай галіны і патрэбнасць Аршанскага рэгіёна ў рабочых кадрах па спецыяльнасці “Механічная апрацоўка металу на станках і лініях”, каардынацыя дзейнасці каледжа і прадпрыемстваў па арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі, стажыроўцы педагагічных работнікаў, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі рабочых і спецыялістаў арганізацый-заказчыкаў кадраў.

Фота Т.Бондарава

У размове былі закрануты існуючыя праблемныя моманты, выказаны шэраг прапаноў па шляхах іх вырашэння. Так, генеральны дырэктар Аршанскага авіярамонтнага завода Павел Случак папрасіў арганізаваць у рэспубліцы падрыхтоўку рабочых і спецыялістаў для авіярамонтнай вытворчасці (запыт на такія кадры вялікі, а іх дэфіцыт відавочны) і прапанаваў задзейнічаць пры гэтым рэсурсы прадпрыемства. Па запрашэнні Паўла Аляксандравіча міністр адукацыі наведаў авіярамонтны завод у Балбасава і падчас візіту запэўніў, што ў бліжэйшы час пытанне будзе знята. У ліку аптымальных варыянтаў было агучана стварэнне на базе прадпрыемства профільнага каледжа-філіялу ўстановы вышэйшай адукацыі.
У Аршанскім дзяржаўным механіка-эканамічным каледжы таксама адбылася сустрэча Ігара Карпенкі з навучэнцамі ўстаноў адукацыі горада і ўдзельнікамі WorldSkillsKazan 2019, у ходзе якой Ігар Васільевіч уручыў падзякі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь бронзавым і сярэбраным прызёрам спаборніцтва – членам каманды краіны па Junior Skills Іллі Калько, Максіму Царову, Максіму Парфяновічу, Мікіце Штраусу, Іллі Мельнікаву.
Наступнымі пунктамі рабочай паездкі міністра сталі Аршанскі каледж-філіял ВДУ імя П.М.Машэрава і ІТ-акадэмія “КомпАС. У каледжы Ігар Карпенка азнаёміўся з вучэбна-метадычным забеспячэннем установы, адукацыйным працэсам і матэрыяльна-тэхнічнай базай, якая сёння значна аднавілася дзякуючы выдзяленню з рэспубліканскага бюджэту фінансавых сродкаў на рамонт і мадэрнізацыю. Пасля яркага канцэрту-прэзентацыі каледжа з удзелам вядомых усёй рэпубліцы калектываў мастацкай самадзейнасці і паказальнымі выступленнямі маладых спартсменаў Ігар Васільевіч правеў сустрэчу з калектывам. У фармаце адкрытага дыялогу навучэнцы і педагогі абмеркавалі пытанні падрыхтоўкі будучых педагогаў (у тым ліку мэтазгоднасць уніфікацыі вучэбных планаў і праграм падрыхтоўкі выхавальнікаў дашкольных устаноў і настаўнікаў пачатковых класаў на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі), працаўладкавання і размеркавання выпускнікоў, падтрымкі маладых спецыялістаў і замацавання на першым рабочым месцы.
Фота Т.Бондарава

Таксама Ігар Карпенка прыняў удзел у адкрыцці дзіцячай ІТ-акадэміі “КомпАС” на базе Аршанскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, адкрытай пры падтрымцы Парка высокіх тэхналогій. Першая лабараторыя з’явілася тут у 2016 годзе. Сёння ў новых лабараторыях і майстэрнях арганізаваны заняткі 37 гурткоў па праграмаванні (у асяроддзі Scratch,Python, Java, Minecraft), Web-дызайне, робататэхніцы (LegoWedo, Lego EV3, Аrduino), сістэмнаму адміністраванню, 3D-мадэляванню і камп'ютарнай графіцы; наведваюць іх больш за 500 навучэнцаў. Распрацаваная ўпраўленнем па адукацыі Аршанскага райвыканкама канцэпцыя развіцця дзіцячай IT-акадэміі прадугледжвае ў канчатковым выніку стварэнне структуры, што дазваляе сканцэнтраваць на адной тэрыторыі навучанне і выхаванне будучых спецыялістаў тэхнічных профіляў і інфармацыйных тэхналогій з магчымасцю арганізацыі розных відаў дзейнасці ў галіне даследаванняў, выпрабаванняў, вынаходніцтва, рацыяналізацыі і садзейнічаць вызначэнню ў выбары будучай прафесіі.

Таццяна Бондарава для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі.
Вярнуцца да спісу навін