Государственный герб Республики Беларусь




Міністэрства адукацыі
Рэспублікі Беларусь


Адукацыя дзеля будучыні краіны


У маім сэрцы толькі адно слова: “Дзякуй”…

Апублікавана: 20.01.2018

У суботу 20 студзеня ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбыўся Першы Рэспубліканскі дзіцячы музычны фестываль “Кітайская зорка – 2018”, арганізаваны Пасольствам Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, мінскай гімназіяй № 12 і НЦМТДіМ. Удзельнікамі фестывалю сталі навучэнцы 1-6 класаў 15 устаноў сярэдняй адукацыі Беларусі, у якіх у якасці асноўнай замежнай мовы ці ў якасці факультатыва вывучаецца “чайніз”.

Министр.jpg

“Першы Рэспубліканскі дзіцячы музычны фестываль “Кітайская зорка – 2018” вельмі сімвалічна называецца менавіта так, – сказаў, вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка. – Кожны з прысутных у гэтай зале, магчыма, яшчэ маленькія зорачкі, але праз нейкі час яны стануць вялікі зоркамі ў палітыцы, культуры, адукацыі. Нехта з вас стане добрым інжынерым, нехта –настаўнікам, а некаторыя, я ў гэтым не сумняваюся, стануць вельмі добрымі знаўцамі кітайскай культуры і мовы. Але самае галоўнае, каб вы сталі сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, каб вы працягвалі традыцыі сяброўства паміж нашымі краінамі і народамі, якія заклалі лідары нашых дзяржаў – Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін. Я перакананы, што гэты фестываль паслужыць добрай справе вывучэння кітайскай мовы ў нашай сістэме адукацыі. А вы ў сваю чаргу будзеце несці ў свет лепшыя традыцыі нашай культуры, багацце беларускай і рускай моў. Няхай гэтае свята запомніцца вам на многія-многія гады!”
Цуй Цым__н.jpg

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін адзначыў: “Для мяне, маёй жонкі і ўсіх маіх калег гэта вялікая радасць – прысутнічаць на Першым Рэспубліканскім дзіцячым музычным фестывалі “Кітайская зорка – 2018”. Гэта наша свята! Хачу выказаць вялікую ўдзячнасць міністру адукацыі вашай краіны Ігару Васільевічу, Нацыянальнаму цэнтру мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, усім установам адукацыі, дзе вывучаецца кітайская мова, і асабліва – настаўнікам. Дзякуй вам за дапамогу і падтрымку. Кітай і Беларусь… Мы самыя добрыя і блізкія сябры, надзейныя партнёры. Дзякуючы кіраўнікам нашых дзяржаў, мы стварылі ўсе ўмовы для добрасуседства і сяброўства. Наша моладзь хоча вучыцца ў Беларусі, хоча вывучаць вашу культуру і вашы традыцыі. А сёння я бачу, што і беларускія дзеці праяўляюць вялікую цікавасць да Кітая, да нашай мовы і культуры. Дзякуй вам! У нас з вамі – агульная шчаслівая будучыня. Са святам вас!” Заўважым, што Цуй Цымін у сваёй прамове сказаў некалькі слоў на беларускай мове: “Добрай раніцы, сябры!” і “Са святам!”, чым выклікаў бурныя апладысменты залы.
Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, сапраўды, пераўтварыўся ў мінулую суботу ў адмысловы “Чайна-таун”. На ўваходзе ў актавую залу ўсіх віталі дзве вялікія плюшавыя панды, тут жа віселі плакаты ўстаноў адукацыі з агітацыйным “пракітайскім” зместам, ды і саміх дзяцей, удзельнікаў фестывалю, можна было лёгка пазнаць па іх кітайскіх прыкметах: традыцыйных кітайскіх касцюмах, ліхтарыках і веерах у руках, аднадзённых тату-іерогліфах. Дый наогул, трэба адзначыць, Першы Рэспубліканскі дзіцячы музычны фестываль “Кітайская зорка – 2018” нагадваў, хутчэй, не музычны фестываль у традыцыйным сэнсе, а вялікае культуралагічнае, краіназнаўчае мерапрыемства – знаёмства з багатай культурай краіны, самай вялікай па колькасці насельніцтва ў свеце. Нават выхады на сцэну калектываў з той ці іншай установы адукацыі суправаджаліся віртуальным ускрыццём таямнічых чырвоных канвертаў з чыста кітайскімі пажаданнямі-іерогліфамі: спадарожнага ветру (гэта вельмі прынцыповае для кітайцаў пажаданне), шчасця (кітайцы адрозніваюць пяць відаў шчасця – даўгалецце, багацце, спакой, дабрачыннасць і высокая мараль), поспехаў у вучобе (цікава, аднак, што кітайцаў вучаць быць лепшымі, але не ў нейкай канкрэтнай сферы, але ва ўсім; менавіта таму Кітай сёння пачынае займаць лідзіруючыя пазіцыі і ў эканоміцы, і ў мастацтве), хуткага дасягнення жаданых вынікаў (як тут не ўспомніць, што кітайцы, жывучы дзесяцігоддзямі ў адсталай краіне трэцяга свету, здолелі так рэзка скочыць наперад, пачынаючы з канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя!), шчасця ў сям’і (паводле Канфуцыя, сям’я – гэта маленькая дзяржава), дабра (зноў жа, Канфуцый гаварыў: “Стаўцеся да ўсіх з дабром, нават да сваіх ворагаў. Не таму, што яны вартыя дабра, а таму, што вы вартыя дабра”.)… Усе ўдзельнікі фестывалю – каля 200 чалавек – атрымлівалі пасля выступлення маленькіх плюшавых пандаў.
Як паведаміла нашаму карэспандэнту галоўны арганізатар фэсту дырэктар мінскай гімназіі № 12 Кацярына Пятроўна Пятруша, ідэя такога мерапрыемства лунала ўжо даўно і нават пэўны час рэалізоўвалася. “У нашай гімназіі мы вучым кітайскую мову ўжо адзінаццаць гадоў – роўна з таго часу, як кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка вырашыў, што кітайская мова поруч з англійскай, нямецкай, французскай і іспанскай павінна вывучацца як асноўная замежная мова ва ўстановах сярэдняй адукацыі, – сказала Кацярына Пятроўна. – Мы былі тады дый застаемся самымі смелымі ў гэтым сэнсе. Напрыклад, у Мінску кітайскую як асноўную замежную мову вывучаюць толькі ў трох УСА: нашай гімназіі, гімназіі № 23 і сярэдняй школе № 10. Летась мы выпусцілі першых 16 вучняў з веданнем кітайскай мовы. Гэтае веданне выдатнае! Адна наша выпускніца як пераможца рэспубліканскага конкурсу на веданне кітайскай мовы вучыцца сёння ў Кітаі. Пасольства КНР само ёй прапанавала бясплатнае навучанне ў Кітаі ў любым кітайскім універсітэце – яна выбрала Даляньскі ўніверсітэт”.
“Што тычыцца гэтага фестывалю, – дадала Кацярына Пятроўна Пятруша, – нельга сказаць, што ён узнік з нуля. Ён існаваў і раней пад назвай “Акенца ў Паднябесную”, але праходзіў не рэгулярна. Сёлета ж па ініцыятыве кітайскага пасольства мы вырашылі адрадзіць гэты конкурс менавіта для дзетак з першага па шостыя класы, каб іх стымуляваць да вывучэння кітайскай мовы. У старшакласнікаў, дарэчы, ёсць свой конкурс “Мост кітайскай мовы”.
Варта назваць усіх удзельнікаў фестывалю “Кітайская зорка – 2018”. Гэта мінскія гімназіі №№ 12, 33, 18, 23, 40, мінскія сярэднія школы №№ 10, 21, 170, сярэднія школы Оршы №№ 3, 16, аршанская гімназія № 2, гімназіі ў Смалявічах і Дзяржынску, сярэдняя школа № 44 Віцебска.

Гимназия 12.jpg

Орша СШ-16_1.jpg
Але ці будзе ў “Ктайскай зоркі” працяг?
На гэтае пытанне адказала ў заключным слове, адрасаваным удзельнікам фестывалю, першы сакратар па справах адукацыі Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Лі Вэньхуа: “Наш фестываль абавязкова стане традыцыйным і будзе праходзіць штогод. Гэта – дакладна. Інакш і быць не можа – вы ўсе такія прыгожыя і таленавітыя! У маім кітайскім сэрцы, у самым патаемным яго закутку, засталося толькі адно слова: “Дзякуй”. Дзякуй вам усім – дырэктарам устаноў адукацыі, дзе вывучаецца кітайская мова, настаўнікам, якія вучаць ёй беларускіх дзяцей, Нацыянальнаму цэнтру мастацкай творчасці дзяцей і моладзі за прадастаўленне такой цудоўнай пляцоўкі ў цэнтры Мінска для правядзення фестывалю, дзякуй усім дзецям, якія хочуць навучыцца размаўляць на кітайскай мове. Скажу вам, дзеці, шчыра: гэта ваш самы верны выбар у гэтым жыцці. А мы, кітайцы, у сваю чаргу будзем імкнуцца вывучаць вашу мову. Дарэчы, не толькі рускую, але і беларускую”.

Мікола ЧЭМЕР для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега Ігнатовіча.
Вярнуцца да спісу навін