МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

У госці з падарункамі напярэдадні Нового года

Апублікавана: 29.12.2018

У межах Рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” сярэднюю школу № 91 імя Хасэ Марці наведалі прадстаўнікі міністэрства адукацыі. Ад імя Міністра адукацыі Ігара Карпенкі і ад Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта — вучнёўскаму і педагагічнаму калектыву ўстановы адукацыі быў перададены тэлевізар і камплект метадычнай літаратуры.
Міністра адукацыі з установай, якую ўзначальвае Таццяна Іванаўна Мадудзіна, звязваюць цёплыя шматгадовыя адносіны. Школа з’яўляецца адной з першых устаноў, якая стаяла каля вытокаў інклюзіўнай адукацыі. Сёння тут навучаюцца 122 дзіцяці з парушэннямі слыху. У выніку шматгадовай работы калектывам распрацавана адукацыйная мадэль, якая дазваляе стварыць аптымальныя ўмовы для ўсіх навучэнцаў, ажыццяўляць неабходную карэкцыйную дапамогу і забяспечваць паспяховую сацыялізацыю ў грамадстве.
І пацвярджэннем гэтаму з’яўляюцца шматлікія перамогі навучэнцаў школы ў інтэлектуальных, выхаваўчых і спартыўных спаборніцтвах самага рознага ўзроўню. Дыплом ІІ ступені на раённым конкурсе навукова-даследчых работ заваяваў вучань 11 класа Цімафей Сафонаў (дарэчы, хлопец заняў 2 месца Рэспубліканскага конкурсу сачыненняў “Залатое пяро”), на другім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры ўладальнікам дыплома ІІІ ступені стаў Уладзіслаў Дзярновіч. 1 месца на гарадскім конкурсе “Выратавальнікі вачыма дзяцей” занялі Валянцін Вац і Кірыл Лукін. Сваімі спартыўнымі дасягненнямі радуюць майстар спорту па плаванні Данііл Барысевіч, удзельнік чэмпіяната Еўропы па каратэ ў сваёй узроставай катэгорыі Раман Іваноў.
— Напярэдадні Новага года І.В.Карпенка не мог пакінуць без падарункаў сваіх падапечных. Каб добрыя адукацыйныя і пазнавальныя праграмы садзейнічалі развіццю школьнікаў, а метадычная літаратура спрыяла прафесійнаму росту педагогаў, уручаны адпаведныя падарункі.
Калядныя дабрачынныя акцыі працягваюцца па ўсёй краіне. У сярэдняй школе № 91 яна пройдзе пад назвай “Жыве паўсюдна дабрыня” з запрашэннем бацькоў, шэфаў, выхаванцаў дзіцячых садкоў, з якімі супрацоўнічае ўстанова.

Наталля КАЛЯДЗІЧ для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі.
Вярнуцца да спісу навін