Міністэрства адукацыі
Рэспублікі Беларусь

Адукацыя дзеля будучыні краіны

Турзлёт, бывай і да пабачэння

Апублікавана: 18.09.2017

Лепшымі па выніках спаборніцтваў і конкурсаў ХІІ турысцкага злёту навучэцаў Саюзнай дзяржавы прызнаны каманды Брэсцкай вобласці і Рэспублікі Марый Эл Расійскай Федэрацыі
Сем дзён, што ўмясцілі багатую мерапрыемствамі, падзеямі, сустрэчамі праграму злёту, праляцелі як адзін. Турысцкія дыстанцыі, схілы яраў, імправізаваныя спартыўныя і канцэртныя пляцоўкі на беразе велічнага Дняпра ператварыліся на гэты час у месца спаборніцтваў і спартыўных баталій, творчых конкурсаў, канцэртаў і дыскатэк. Удзельнікі злёту атрымалі ўнікальную магчымасць наведаць музеі і памятныя мясціны Аршаншчыны, пазнаёміцца з гісторыяй і культурай Прыдзвінскага краю, набылі новых сяброў, незабыўныя ўражанні і моцны зарад пазітыву.
турслет2.jpg

У мінулую суботу на паляне каля вёскі Зорная, дзе размясціўся палатачны лагер, надышоў зорны час для пераможцаў. Прыемна, што ў іх склад увайшлі прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў і сталіцы нашай рэспублікі. Найбольш часта фанфары пры ўзнагароджанні гучалі ў гонар каманд Брэсцкай вобласці і Рэспублікі Марый Эл, якія па агульным заліку сталі ўладальнікамі найвышэйшых узнагарод - спецыяльных прызоў і дыпломаў Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. У скарбонцы перамог беларусаў - перамогі ў турысцка-прыкладным шматбор’і ў тэхніцы веласіпеднага турызму сярод юнакоў (Валерый Савіцкі, Віцебская вобласць) і сярод дзяўчат (Алеся Дубовік, Брэсцкая вобласць), конкурсе краязнаўцаў (каманда Магілёўскай вобласці), спартыўным арыентаванні сярод юнакоў (Аляксей Яўташук, Брэсцкая вобласць), турысцка-прыкладным шматбор’і ў тэхніцы пешаходнага турызму на каманднай кароткай дыстанцыі (каманда Віцебскай вобласці).
Нашы землякі ўвайшлі ў лік лепшых у спаборніцтвах па жумарынгу, конкурсе “Турысцкія навыкі” (у намінацыі “Лепшая турысцкая стаянка” адзначана каманда Брэсцкай, а ў намінацыі “Чысціня – залог здароўя” каманды Мінскай і Гомельскай абласцей), спартыўным арыентаванні сярод дзяўчат (Яна Волкава і Марыяна Рабцава, Мінск), спартыўным арыентаванні ў камандным заліку (каманды Мінскай і Брэсцкай абласцей), турысцка-прыкладным шматбор’і ў тэхніцы пешаходнага турызму (на кароткай асабістай дыстанцыі ў асабіста-камандным заліку ў тройку лідараў увайшла каманда Віцебскай вобласці, у асабістым заліку сярод юнакоў ІІ месца ў Данілы Рамчанкі з Віцебскай вобласці, на каманднай доўгай дыстанцыі ІІ і ІІІ месцы ўзялі турысты з Брэсцкай і Віцебскай абласцей адпаведна).
Дарэчы, той жа расклад - ІІ і ІІІ месцы, саступаючы толькі камандзе з Рэспублікі Марый Эл - паўтарыўся і ў спаборніцтвах па турысцка-прыкладным шматбор’і ў форме трохбор’я. У конкурсе турысцкіх газет “Будні злёту” прадстаўнікі нашай краіны ўвогуле не мелі роўных: дыпломамі І ступені адзначаны каманды Брэсцкай і Гомельскай абласцей, ІІ ступені – Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей і толькі апошняе месца ў тройцы лідараў змаглі адваяваць расіяне - каманды Іванаўскай вобласці і Рэспублікі Марый Эл. Крыху іншая, але таксама паказальная карціна склалася па выніках конкурсу прадстаўлення каманд. Дыпломы І ступені тут атрымалі каманды Ніжагародскай і Пскоўскай абласцей. Затое астатныя ступені п’едэсталу літаральна акупавалі беларусы: ІІ месца ў каманд Гомельскай, Гродненскай і Віцебскай, а ІІІ месца - Мінскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей.
Да перамогі імкнуліся ўсе каманды. Тым не менш конкурсы і спаборніцтвы на злёте не ўспрымаліся як самае галоўнае. Яны былі формай, а зместам - цікавыя знаёмствы, кантакты з равеснікамі, шчырае сяброўства.
- Ёсць рэчы, якія нельга пралічыць на калькулятары ці набыць за грошы, -звяртаючыся да ўдзельнікаў на ўрачыстай цырымоніі закрыцця злёту, падкрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк. - Думаю, што гэта самае важнае: калі маладыя людзі сядзяць ля вогнішча побач, размаўляюць, абменьваюцца думкамі і ўражаннямі, спяваюць песні - і ім проста добра разам. Найважнейшае і найкаштоўнейшае для нас - нармальныя чалавечыя адносіны, салідарнасць на ўзроўні народаў, культур і дзяржаў.
У завяршэнне адбылася сімвалічная перадача эстафеты злёту. Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Ануфровіч уручыла яе расійскаму кулегу, дырэктару Федэральнага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства Сяргею Лачану. Наступны ХІІІ турысцкі злёт навучэцаў Саюзнай дзяржавы пройдзе ў горадзе Каўроў Уладзімірскай вобласці.

турслет3.jpg

Таццяна Бондарава для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота аўтара.
Вярнуцца да спісу навін