Міністэрства адукацыі
Рэспублікі Беларусь

Адукацыя дзеля будучыні краіны

Свята для ўсяго горада

Апублікавана: 16.09.2019

IMG_7348.jpg

У пяты раз сталіца прыняла беларускіх і замежных бегуноў на Мінскім паўмарафоне. Сёлета на яго з’ехалася каля 40 тысяч чалавек з 58 краін свету! Сярод іх былі і прафесійныя спартсмены, і медыяперсоны, і простыя аматары бегу. На некалькі гадзін цэнтр горада ператварыўся ў адну вялікую, поўную радасці плынь.
Традыцыйна ўдзельнікі паўмарафону беглі тры дыстанцыі: 21,097 км, 10,5 км і 5,5 км. Прызавы фонд у гэтым годзе павялічыўся на 20% і склаў 60 тысяч долараў. На гэтым прыемныя моманты не скончыліся: таксама Мінскі паўмарафон сёлета павысіў свой статус і атрымаў сярэбраны лэйбл міжнароднай легкаатлетычнай асацыяцыі. Зараз словы пра тое, што беларускі забег арганізаваны на высокім узроўні, гэта не проста меркаванне, а сусветна прызнаны факт.
Першымі ў 9 гадзін раніцы на старт выйшлі тыя, хто збіраўся пераадолець самы вялікі кіламетраж. Ніна Савіна з Беларусі пабіла рэкорд Мінскага паўмарафона і прыбегла на фініш праз 1 гадзіну 11,24 хвіліны. Перамогу сярод мужчын заваяваў Бярхан Хідру Афяверкі з Эрытрэі, ён адолеў усю дыстанцыю за 1 гадзіну 4,7 хвіліны. На дыстанцыі 10,5 км перамаглі гродзенцы Ірына Сомава (37,51) і Арцём Логіш (32,37).
Самым масавым атрымаўся забег на 5,5 км. На старце сабралася каля 25 тысяч чалавек. Многія знакамітыя беларусы выбралі для сябе менавіта гэту дыстанцыю. Напрыклад, блогер і вядучая Ганна Бонд, “Міс Беларусь-2018” Марыя Васілевіч, старшыня федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі і іншыя. Было відаць і шмат прадстаўнікоў галіны адукацыі: цэлымі камандамі беглі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны педагічны ўніверстітэт імя Максіма Танка, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Акадэмія пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і іншыя. Першай праз 19,05 хвіліны фінішную лінію перасякла Анастасія Дашкевіч. Сярод мужчын перамог Дзмітрый Граматоўскі, які прабег 5,5 км за 16,42 хвіліны.
На працягу дыстанцыі бегуноў добрымі словамі і апладысментамі падтрымлівалі шматлікія валанцёры, гледачы, некаторыя людзі забіраліся павышэй, напрыклад, на адкрытую пляцоўку гандлёвага цэнтра, каб на свае вочы ацаніць маштаб мерапрыемства. “Гэта свята, свята для ўсяго горада, яго жыхароў, навучэнцаў, студэнтаў, – кажа валанцёр, старшы выкладчык БДУ Софія Мікалаеўна Запольская. –Тут уся Беларусь даказвае, што мы – за здаровы лад жыцця!”

Пресс-центр Министерства образования.
Вярнуцца да спісу навін