Міністэрства адукацыі
Рэспублікі Беларусь

Адукацыя дзеля будучыні краіны

Сустрэча з прэзідэнтам Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі

Апублікавана: 05.05.2019

02.jpg

4 мая ў Міністэрстве адукацыі прайшла сустрэча кіраўніка ведамства Ігара Васільевіча Карпенкі з прэзідэнтам Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі (EAA) Свенам Арнэ Хансэнам. Абмяркоўваліся пытанні развіцця лёгкай атлетыкі ў нашай краіне, міжнароднае супрацоўніцтва, рэалізацыя праектаў па папулярызацыі каралевы спорту ва ўстановах адукацыі. У сустрэчы прынялі ўдзел старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Анатольевіч Дзевятоўскі, генеральны сакратар федэрацыі Надзея Аляксандраўна Бут-Гусаім, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Віталь Мікалаевіч Стрыгельскі.
Ігар Васільевіч азнаёміў прэзідэнта EAA з сістэмай арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай работы на ўсіх узроўнях адукацыі нашай краіны і адзначыў, што спорт у Беларусі з’яўляецца важнай часткай адукацыйнага працэсу. Міністэрства адукацыі плённа працуе з Міністэрствам спорту і турызму, з усімі федэрацыямі і асацыяцыямі па відах спорту, але асаблівая ўвага надаецца ўзаемадзеянню з Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкі.
“Наша краіна ўдзельнічае ва ўсіх міжнародных спартыўных спаборніцтвах, уключаючы ўніверсіяды, праводзім мы і сваю рэспубліканскую ўніверсіяду, развіваем гульнявыя віды спорту ва УВА. Важным напрамкам з’яўляецца школьны спорт. Пра поспехі ў яго развіцці сведчыць выніковы ўдзел беларускіх навучэнцаў у міжнародных гімназіядах. У дзіцячым спорце адным з самых паспяховых праектаў, які нарадзіўся ў суверэннай Беларусі і падтрыманы кіраўніком дзяржавы, з’яўляецца “300 талентаў для Каралевы”. Гэта масавыя спаборніцтвы, якія дазваляюць выяўляць таленавітых вучняў, якія потым працягваюць навучанне ў дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах”, — адзначыў міністр адукацыі.
Сімвалічна, што сустрэча з прэзідэнтам EAA прайшла напярэдадні правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў. Спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы будуць самымі відовішчнымі, каралева спорту абавязкова дакажа свае высокае званне. На думку Свена Арнэ Хансэна, сапраўды, вельмі важна, каб лёгкая атлетыка была прадстаўлена ў школах, каб фізкультурна-аздараўленчая і спартыўная работа папулярызавалася ва ўстановах адукацыі. У гэтай справе еўрапейскім палітыкам варта пераняць беларускі вопыт, у прыватнасці, вопыт супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі з федэрацыяй лёгкай атлетыкі.

Ігар ГРЭЧКА для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота аўтара.
Вярнуцца да спісу навін