Міністэрства адукацыі
Рэспублікі Беларусь

Адукацыя дзеля будучыні краіны

Шаноўныя калегі! Сябры!

Апублікавана: 31.12.2019

Шаноўныя калегі! Сябры!

У гэты чароўны пераднавогодні час ад імя Міністэрства адукацыі і сябе асабіста хачу павіншаваць вас з надыходзячымі святамі - Новым годам і Калядамі. І хай надвор’е нас не радуе снегам і маразамі, святочны настрой нам дораць зіхатлівыя ёлкі, падарункі і шчаслівыя ўсмешкі нашых дзяцей.

Дарагія педагогі. У нас быў выдатны год.

Год, калі мы ўсёй краінай адзначылі 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, уганаравалі нашых ветэранаў і ўспомнілі тых, хто цаной уласнага жыцця заваяваў для нас права быць гаспадарамі на роднай зямлі, жыць і вучыцца пад мірным небам. Наперадзе яшчэ адна значная дата – 75-годдзе Вялікай Перамогі. Упэўнены, што і гэтую падзею мы адзначым на самым высокім узроўні, бо падрыхтоўка да яе ўжо вядзецца.

Гэта быў год ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія прайшлі ў нашай сталіцы. Да нас прыехалі спартсмены з усяго свету. Госці нашай краіны на свае вочы ўбачылі, як мы ўмеем іх прымаць, як хораша ў нашым Мінску і колькі цудоўных мясцін можна наведаць, каб пазнаць Беларусь і захаваць яе ў сваім сэрцы.

Гэта быў Год малой радзімы. Тысячы нашых школьнікаў, навучэнцаў, студэнтаў успомнілі добрым словам тое месца, што дало ім жыццё. Юнае пакаленне беларусаў усвядоміла, як важна ведаць і любіць сваю малую радзіму, бо яна, як маці, - адна і назаўсёды.

А яшчэ гэта быў год якаснай адукацыі, перамог на міжнародных прадметных алімпіядах і творчых конкурсах, год, калі вы маглі ганарыцца сваімі дзецьмі. Нашымі дзецьмі.

2019 год ужо амаль гісторыя. Добрая гісторыя, якая застанецца ў нашай памяці і сэрцах. Наперадзе 2020-ты. Няхай і ён будзе плённым, багатым на перамогі і адкрыцці. Поспехаў вам у нашай агульнай справе адукацыі і выхавання падрастаючага пакалення. Міру і цяпла вашым сем’ям.

Са святамі!
Ігар КАРПЕНКА,
Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь.


Пресс-центр Министерства образования.
Вярнуцца да спісу навін