Государственный герб Республики Беларусь

Міністэрства адукацыі
Рэспублікі Беларусь

Адукацыя дзеля будучыні краіны
Апублікавана: 29.03.2018

У БНТУ абмеркавалі будучыню студэнцкага спорту
DSC_0241_1.jpgНа базе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага унівесітэта адбылося ўшанаванне ўдзельнікаў IV Чэмпіянату свету сярод студэнтаў па канькабежным спорце. Нагадаем нашым чытачам, што беларускія канькабежцы заваявалі 4 медалі міжнароднага студэнцкага спартыўнага форума.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел міністр адукацыі Ігар Карпенка, віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Сяргей Рэпкін, старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Аляксандр Багдановіч, рэктар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Сяргей Харытончык, рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова Дзяніс Дук, рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце РБ Марат Жылінскі і прарэктар Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта Уладзімір Пазнякоў.
“Для Беларусі гэта новае пачынанне, — адзначыў падчас сустрэчы міністр адукацыі Ігар Карпенка. — Усяго толькі другі па ліку чэмпіянат такога ўзроўню і першы па канькабежным спорце. У 2020-м годзе Беларусь прыме аналагічны турнір па веславанні на байдарках і каноэ.
Чэмпіянат свету — гэта выдатная магчымасць для маладых спартсменаў паспрабаваць свае сілы, адчуць уласны ўзровень сярод прадстаўнікоў іншых краін. Рэзультаты выступлення (1 залаты, 2 сярэбраных і 1 бронзавы медалі) не могуць не радаваць. Нехта паказаў не той рэзультат, які хацеў, але гэта таксама каштоўны вопыт”.
Міністр адукацыі падкрэсліў, што месцам сустрэчы невыпадкова стаў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Менавіта тут актыўна развіваецца спартыўная інжынерыя. І беларускія канькабежцы адны з першых, хто скарыстаўся магчымасцю задзейнічаць новыя тэхналогіі ў падрыхтоўцы спартсменаў.
“Мы задумваемся над тым, каб установы вышэйшай адукацыі інжынерна-тэхнічнага профілю ўзаемадзейнічалі з установамі, якія развіваюць фізічную культуру і спорт, — паведаміў Ігар Карпенка. — У рамках гэтага кластэра могуць быць вырашаны маштабныя задачы”.
Міністр адукацыі выказаў падзяку ўсім ведамствам, якія прымалі ўдзел у падрыхтоўцы чэмпіянату. І падкрэсліў, што дзяржаве важна, каб спартыўныя аб’екты краіны былі запатрабаваны не толькі нашымі спартсменамі, але і служылі базай для падрыхтоўкі каманд іншых краін.
Студэнты-спартсмены атрымалі магчымасць прамога дыялогу з рэктарамі тых устаноў вышэйшай адукацыі, у якіх яны вучацца. А таксама атрымалі ад аргкамітэта чэмпіянату і кіраўнікоў alma mater падзякі і падарункі.

Пресс-центр Министерства образования.
Вярнуцца да спісу навін