Міністэрства адукацыі
Рэспублікі Беларусь

Адукацыя дзеля будучыні краіны

Намецілі перспектывы ўзаемадзеяння

Апублікавана: 06.06.2019

Міністэрства адукацыі

У Міністэрстве адукацыі адбылася сустрэча міністра адукацыі І.В.Карпенкі з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Венгерскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Жолтам Чуторой.
У прывітальным слове Ігар Васільевіч Карпенка падзякаваў за візіт пасла ў Міністэрства адукацыі і выказаў спадзяванне, што такія сустрэчы будуць рэгулярнымі. Сапраўды, адзначыў міністр, сістэма адукацыі як раз тая галіна, якая аб’ядноўвае краіны і народы.Таму, безумоўна, задача адукацыйных галін Беларусі і Венгрыі наладжваць масты супрацоўніцтва, наладжваць усё новыя і новыя кантакты. Як было адзначана, устанаўленне і развіццё прамых дамоўленасцей паміж установамі адукацыі і навуковымі арганізацыямі дзвюх краін разглядаецца Міністэрствам адукацыі як прыярытэтны напрамак сумесных дзеянняў. Гэтаму спрыяе адпаведная дагаворна-прававая база двухбаковага ўзаемадзеяння. У аснове яе -- пагадненне і праграма паміж урадамі Беларусі і Венгрыі аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі, навукі і культуры, 8 міжуніверсітэцкіх дамоўленасцей аб супрацоўніцтве і інш. Прыкладам цеснага ўзаемадзеяння стала Пагадненне паміж Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам і Міністэрствам замежных спраў і знешняга гандлю Венгерскай Рэспублікі аб выкладанні венгерскай мовы і культуры. Згодна яму 26 студэнтаў МДЛУ вывучаюць венгерскую мову ў якасці факультатыўнай дысцыпліны.
Міністр адукацыі І.В.Карпенка адзначыў, што беларускі бок зацікаўлены, каб венгерскія грамадзяне прыязджалі ў нашу краіну, каб у беларускіх універсітэтах вывучаць рускую і беларускую філалогію, і тыя спецыяльнасці, у падрыхтоўцы па якіх у Венгрыі найбольш зацікаўлены.
Было б карысным для студэнтаў і педагогаў дзвюх краін праводзіць моўныя, навуковыя, навукова-тэхнічныя стажыроўкі ў сферы навукі і інавацый, міжнародныя адукацыйныя і навуковыя мерапрыемствы.
Плануецца, што ў канцы лета 10 студэнтаў перакладчыцкага факультэта МДЛУ прымуць удзел у пятым беларуска-венгерскім азнаямленчым лагеры ў Народным універсітэце Лакітэлек. У мінулым годзе 11 студэнтаў перакладчыцкага факультэта МДЛУ ужо мелі магчымасць павысіць сваю кваліфікацыю ў час наведвання гэтага лагера.
Сёлета ў гэтым лагеры будзе традыцыйна арганізававаны курс лекцый аб венгерскай гісторыі, літаратуры, культуры, факультатыўныя заняткі па ўдасканаленні венгерскай мовы з удзелам яе носьбітаў.
Міністр адукацыі І.В.Карпенка і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Венгерскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Жолт Чутора прыйшлі да высновы, што трэба павысіць эфектыўнасць супрацоўніцтва ў сферы адукацыі дзвюх краін і намецілі перспектывы ўзаемадзеяння.

Ала Клюйко для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега Ігнатовіча.
Вярнуцца да спісу навін