Міністэрства адукацыі
Рэспублікі Беларусь

Адукацыя дзеля будучыні краіны

На мове Паднябеснай

Апублікавана: 08.09.2017

У сталічнай гімназіі № 12 адбылося ўрачыстае адкрыццё Цэнтра кітайскай культуры і пісьменства, якому Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь зрабіла падарунак -- сучасны камп’ютарны клас. Чырвоную стужку перарэзалі Міністр адукацыі краіны Ігар Васільевіч Карпенка, Часовы павераны ў справах пасольства КНР у Рэспубліцы Беларусь спадар Ло Чжаньхой і дырэктар гімназіі Кацярына Пятроўна Пятруша. 
.doc-4050143.jpg

У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел кіраўнік Дэпартамента грамадскай інфармацыі прадстаўніцтва ААН у Рэспубліцы Беларусь В.У.Радзівіноўскі, першы намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама М.С.Кіндзірэнка, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Маскоўскага раёна В.П.Брэль, начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска А.Д.Куніцкая і інш. 
.doc-4050153.jpg

Класы па вывучэнні кітайскай мовы з’явіліся ў гімназіі № 12 адзінаццаць гадоў назад. Сёлета адбыўся першы выпуск навучэнцаў, якія пачалі спасцігаць азы мовы Паднябеснай з 1 класа. Сёння 150 дзяцей з 3 па 11 клас вывучаюць кітайскую мову як першую замежную, каля 200 вучняў асвойваюць яе факультатыўна. З 1 верасня 28 першакласнікаў пачалі вывучаць мову Паднябеснай. Гімназісты – пераможцы алімпіяд і шматлікіх конкурсаў па кітайскай мове, напрыклад, фестывалю “Дыялог культур”, конкурсу “Акенца ў Паднябесную” і інш., яны імкнуцца атрымаць сертыфікат HSK. Навучэнцы ездзяць па абмену ў Кітай і свабодна размаўляюць на замежнай мове. Зусім нядаўна яны адпачывалі ў міжнародным летнім лагеры ў Пекіне, дзе пазнаёміліся з культурай кітайскага народа. Установа часта прымае гасцей з пасольства КНР у Беларусі, тут жа працуюць выкладчыкі з Кітая. У адукацыйным працэсе выкарыстоўваюцца як айчынныя, так і кітайскія дапаможнікі. Старшакласнікаў радуе і тое, што яны зараз могуць здаць ЦТ па кітайскай мове. 
--Сёння, калі ў нас павялічваецца тавараабарот з Кітайскай Народнай Рэспублікай, калі мы актыўна развіваем інвестыцыйную дзейнасць на тэрыторыі нашай рэспублікі ў межах праграмы “Вялікага шаўковага шляху”, стварэння парка “Вялікі камень”, зразумела, што кітайская мова становіцца актуальнай для вядзення эканамічнай дзейнасці. І той высокі палітычны дыялог, які вядзецца паміж нашымі краінамі на самым высокім узроўні, задае пэўны тэмп гэтаму супрацоўніцтву, -- адзначыў у прывітальным слове міністр адукацыі І.В.Карпенка. 
.doc-4050163.jpg

Ігар Васільевіч падкрэсліў, што сумесна з КНР рэалізуецца шэраг адукацыйных праектаў. Зусім нядаўна адбыўся візіт міністра адукацыі Кітая у нашу краіну. Гэта быў першы візіт за ўвесь перыяд суверэннага развіцця Беларусі. Тады ў межах форуму рэктараў УВА быў падпісаны шэраг пагадненняў у галіне адукацыі, якія закраналі не толькі пытанні вывучэння кітайскай мовы, а і сумесныя навуковыя даследаванні, адукацыйную дзейнасць з выдачай двайных дыпломаў, шырокі спектр стажыровак як кітайскіх, так і беларускіх студэнтаў. 
-- Задача сістэмы адукацыі – стварыць умовы для таго, каб кітайская мова вывучалася, каб яна была запатрабавана ў розных відах дзейнасці і не толькі ў эканамічнай, але і культурнай, адукацыйнай, творчай. Летась у рэспубліцы было крыху больш за 6 школ, у якіх вучні вывучалі кітайскую мову як вучэбны прадмет, плюс дзясяткі школ, якія вывучаюць кітайскую мову факультатыўна. Мы ставім задачу, каб у рэгіёнах, абласцях былі базавыя школы, дзе б вывучалася кітайская мова як вучэбны прадмет. І мы ў гэтым напрамку будзем рухацца далей, -- сказаў І.В.Карпенка. - Адкрыццё цэнтра кітайскай культуры і пісьменства – знакавая падзея, новая адпраўная кропка для руху наперад у гэтым напрамку. Перакананы, што той вопы і веды, якія ёсць у педагогаў гімназіі, і напрацоўкі па вывучэнні кітайскай мовы, паслужаць той важнай справе пашырэння яе за межы гімназіі, за межы сталічных школ для выхаду ў рэгіёны, для падрыхтоўкі кадраў. 
.doc-4050173.jpg

-- Мы верым, што ўсё больш беларускіх навучэнцаў змогуць вывучаць кітайскую мову і тым самым умацоўваць сяброўства паміж моладззю абедзвюх краін, уносіць свой уклад у развіццё беларуска-кітайскага сяброўства. Спадзяемся, новы камп’ютарны клас дапаможа забяспечыць доступ як да ўнутраных, так і да знешніх інфармацыйных рэсурсаў. Гэта дасць магчымасць не толькі аблегчыць навучанне кітайскай мовы, але і дасягнуць яшчэ большых поспехаў, — заўважыў спадар Ло Чжаньхой. 
.doc-4050183.jpg

Навучэнцы гімназіі парадавалі гасцей творчымі нумарамі на кітайскай мове.

Наталля Калядзiч для прэс-цэнтра Мiнiстэрства адукацыi. Фота Алега Iгнатовiча.
Вярнуцца да спісу навін