МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Гісторыя, якой можна ганарыцца

Апублікавана: 08.02.2019

DSC_6978_1.jpg

7 лютага ў рамках ХХVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу адбылася прэзентацыя выдання “У рытме імклівых гадоў... Нарысы гісторыі камсамола Беларусі”, якое пабачыла свет у 2018 годзе ў Выдавецкім доме “Звязда”.

Гэтае выданне, несумненна, можна назваць знакавым і ўнікальным: прывітальныя словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь старшыні Рэспубліканскага аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя камсамола Ігара Карпенкі, прадстаўнічы склад аўтараў, большасць з якіх маюць вопыт працы і камсамоле і БРСМ, найцікавейшыя малавядомыя факты з архіваў Беларусі і Расіі, больш за 300 рэдкіх архіўных фотаздымкаў і фотакопій дакументаў, успаміны камсамольскіх лідараў мінулых дзесяцігоддзяў — сапраўдны падарунак да 100-годдзя камсамола ўсім пакаленням камсамольцаў, а таксама сённяшнім маладым беларусам з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.
DSC_6951_1.jpg

Як адзначыў на прэзентацыі рэдактар-складальнік і адзін з аўтараў выдання, дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, вядомы гісторык і палітолаг Вадзім Гігін, такое даследаванне, дзе была б так падрабязна прааналізавана гісторыя камсамола Беларусі з моманта яго нараджэння і да сённяшніх дзён, не выходзіла ўжо 40 гадоў. Але гэта толькі пачатак вялікай даследчай працы. Плануецца, што ў 2020 годзе, калі будзе адзначацца 100-годдзе непасрэдна беларускага камсамола, выйдзе новая, значна дапоўненая звесткамі, дакументамі і навуковымі высновамі кніга аб гісторыі і сучаснасці маладёжнага руху ў Беларусі.
DSC_6943_1.jpg

На прэзентацыі кнігі “У рытме імклівых гадоў... Нарысы гісторыі камсамола Беларусі” таксама выступілі Старшыня Савета ветэранаў камсамола, піянерскага і маладзёжнага руху (у 1990—1991 гадах — першы сакратар ЦК ЛКСМБ) Аляксей Крыўдэнка, вядомы ў мінулым дзяржаўны і партыйны дзеяч (у 1990—1991 гадах — другі сакратар ЦК Кампартыі Беларусі) Аляксей Камай, сацыёлаг член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Данілаў, адзін з лідараў маладзёжнага руху Беларусі ў постсавецкі час (у 2008—2010 гадах першы сакратар БРСМ) Юрый Крывадубскі і інш. У прыватнасці, Аляксей Крыўдэнка, ён жа адзін з аўтараў кнігі, адзначыў: “Як вядома, гісторыя нікога ніколі не вучыла, але за яе няведанне яна вельмі сурова карае. Таму, калі мы працавалі над гэтай кнігай, мы хацелі паказаць менавіта маладому пакаленню, што ў нас была слаўная гісторыя, гісторыя, якой можна ганарыцца, гісторыя, у якой было вельмі многа сваіх герояў”.
Наведвальнікі ХХVI ММКВК, якія завіталі на прэзентацыю кнігі “У рытме імклівых гадоў...”, мелі магчымасць адказаць на пытанні адмысловай анкеты з дастаткова складанымі пытаннямі, напрыклад, “Колькі дзён народзін у беларускага камсамола?”, “Колькі ордэнаў мае камсамол Беларусі?”, “Як звалі першага лідара камсамольскага руху ў Беларусі?”, “Якое дачыненне мае да гісторыі беларускага камсамола бацька Максіма Багдановіча Адам Ягоравіч Багдановіч?”. Аўтары правільных адказаў атрымалі ў падарунак прэзентаванае выданне.

Мікола ЧЭМЕР для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега Ігнатовіча.
Вярнуцца да спісу навін