МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Фінальны акорд камсамольскага года

Апублікавана: 22.12.2018

4981.jpg

Сёння ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылося выніковае пасяджэнне Рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годзю УЛКСМ. Падчас сустрэчы свае ўзнагароды атрымалі ветэраны камсамольскага руху, актывісты маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў і тыя, хто прымаў удзел у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю УЛКСМ.
Адкрываючы пасяджэнне, Ігар Карпенка – міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь, старшыня Рэспубліканскага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю УЛКСМ, падзякаваў усіх прысутных за работу і асабісты ўдзел у арганізацыі ўрачыстых меропрыемстваў. Са студзеня па кастрычнік 2018 года ў абласцях і ў Мінску рэгіянальнымі аргкамітэтамі, тэрытарыяльнымі структурамі БРСМ, установамі адукацыі было праведзена больш за 5,5 тысячы мерапрыемстваў па ўсёй краіне, прысвечаных стогадоваму юбілею. Гэта і навукова-практычныя канферэнцыі, сустрэчы, кіна-відэалекторыі, святочныя канцэрты, адкрытыя дыялогі, флэшмобы і інш. Толькі ў Рэспубліканскіх мерапрыемствах прынялі ўдзел больш за 6 тысяч чалавек.
Гэтыя ўрачыстыя мерапрыемствы былі аб’яднаны ў камсамольскі тыдзень, а старт яму быў дадзены ў сярэдняй школе № 179 Мінска, дзе была адкрыта адзіная ў краіне музейная экспазіцыя Сусветнага фестывальнага руху моладзі і студэнтаў. Была выдадзена кніга нарысаў гісторыі камсамола Беларусі “У рытме імклівых гадоў”, якая ўвабрала ў сябе ўнікальныя гістарычныя факты і фотаздымкі. Была выдадзена і пагашана паштовая марка, прысвечаная юбілейным падзеям. У Нацыянальным музеі прайшла выстава тэматычных палотнаў “Юнацтва камсамольскае”. Знакавай падзеяй стала сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з актывам БРСМ у Палацы Незалежнасці. Завяршальнымі святочнымі мерапрыемствамі камсамольскага тыдня сталі ўрачысты сход і святочны канцэрт “Камсамолу 100 гадоў: эстафета пакаленняў” у Палацы Рэспублікі.
Абмяркоўваючы святочныя падзеі, Павел Сапоцька, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь адзначыў:
— Нават тут, у зале музея, адразу відаць дыялог — тых, хто іграў вялікую ролю у маладзёжным руху раней і працягваюць актыўна падтрымліваць моладзь сёння, з самімі маладымі людзьмі, з тымі, хто цяпер спрыяе развіццю Беларусі. Само святкаванне 100-годдзя УЛКСМ было не толькі тым дзействам, якое прадэманстравала гістарычныя вехі, але і паспрыяла ўстанаўленню больш шчыльных кантактаў паміж старэйшым пакаленнем і сучаснай моладдзю. Падобныя сустрэчы працягнуцца і ў новым годзе — гэта будуць адкрытыя дыялогі, круглыя сталы. Напрыклад, наш музей сумесна з БРСМ правядзе сумесныя мерапрыемствы з далучэннем ветэранаў камсамольскага руху.
Беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч Уладзімір Ліпскі, атрымаўшы сваю ўзнагароду ад міністра адукацыі, расказаў, што для яго азначаў і азначае сёння маладзёжны рух:
— Камсамол — мой Байканур. Я вырас у ім, хоць калісьці, калі ў адкрытай палутарцы ехалі за 40 кіламетраў у раён уступаць у камсамол, і баяўся, што мяне не прымуць, бо ехаў на 2 месяцы раней. Але маё жыццё і па сённяшні дзень звязана з камсамолам, бо я галоўны рэдактар камсамольскага выдання — часопіса “Вясёлка”.
— Ігар Васільевіч Карпенка, абгрунтоўваючы нагоду гэтай сустрэчы, адзначыў:
— Гэта фінальнае, заключнае пасяджэнне па святкаванні 100-годдзя УЛКСМ дало магчымасць падзякаваць усім тым людзям, якія актыўна рыхтавалі святочныя мерапрыемствы. Тым больш, што Прэм’ер-міністрам ужо падпісана распараджэнне па стварэнні аргкамітэта па святкаванні юбілея камсамола Беларусі, які мы адзначым у верасні 2020 года, і фактычна многія з прысутных працягнуць распачатую работу. Гэта важная справа, бо ў яе аснове — наша гісторыя. А гісторыю варта захоўваць, вывучаць, разумець. Ёй яшчэ жывуць старшыя пакаленні і сёння перадаюць моладзі. І нам нельга страціць гэтую сувязь паміж пакаленнямі, бо якраз гэта сувязь і стварае трывалы духоўны фундамент развіцця нашай сучаснай суверэннай дзяржавы.

Святлана НІКІФАРАВА для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі.
Вярнуцца да спісу навін