Міністэрства адукацыі
Рэспублікі Беларусь

Адукацыя дзеля будучыні краіны

Дзеля памяці, дзеля будучыні

Апублікавана: 01.07.2019

DSC_4700.jpg

Учора ў сталіцы на алеі Герояў каля Дзяржаўнага музея ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь (вуліца Герояў 120-й дывізіі) з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі і Міністэрства абароны, Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, актывістаў пошукавага руху прайшло ўрачыстае адкрыццё Рэспубліканскага злёту пошукавых атрадаў (клубаў) “Мы — нашчадкі Перамогі”, прысвечанаму 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Гэтая дата напоўнена для нашай краіны асаблівым сэнсам. Мінаюць дзесяцігоддзі, мяняюцца пакаленні, адно застаецца нязменным — памяць пра воінскую славу і доблесць народа. Гэтая памяць захоўваецца ў сэрцах родных і блізкіх людзей герояў, у нашых сэрцах — сэрцах удзячных нашчадкаў. Штогод сумеснымі намаганнямі Міністэрства адукацыі і Міністэрства абароны праводзяцца конкурсы, злёты і лагеры ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Традыцыйным стаў рэспубліканскі злёт пошукавых атрадаў.
— Сёння тут прысутнічаюць навучэнцы, якія пад кіраўніцтвам педагогаў займаюцца вельмі важнай справай: пошукам і ўстанаўленнем імён загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны, абаронцаў Бацькаўшчыны і мірных грамадзян. Гэтая высакародная і вельмі ўдзячная з маральнага боку работа вартая самай глыбокай павагі. Упэўнены, што дзякуючы сумеснай дзейнасці навучэнцаў, педагогаў, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, у кожным рэгіёне краіне пошукавая і даследчая работа будзе працягвацца. Дзякуй ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія прайшлі нялёгкі шлях да міру, а цяпер дапамагаюць у выхаванні патрыятычных пачуццяў і любові да Радзімы, павагі да яе гераічнай гісторыі. Мы заўсёды будзем шчыра ганарыцца вашымі подзвігамі і самаахвярнасцю. Дзякуй за ваш гераізм і мужнасць. Жадаю вам шчасця, здароўя і даўгалецця. Удзельнікам злёту жадаю выдатнага настрою, новых сяброў, цікавых адкрыццяў, прыемных уражанняў і цудоўных успамінаў, — адзначыў у прывітальным слове да ўдзельнікаў злёту міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка.
Вялікая работа па захаванні памяці пра тых, хто адстайваў гонар і незалежнасць нашай краіны ў ваеннае ліхалецце, праводзіцца ўпраўленнем па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Штогод падчас пошукавай і архіўна-даследчай работы ўстанаўліваюцца сотні імён і лёсаў тых, хто загінуў або прапаў без вестак, выяўляюцца і лакалізуюцца няўлічаныя воінскія пахаванні. Па словах начальніка ўпраўлення па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войн Міністэрства абароны Сяргея Мікалаевіча Варановіча, юныя пошукаўцы садзейнічаюць вырашэнню дзяржаўнай задачы. Гэта пошук няўлічаных воінскіх пахаванняў з мэтай увекавечвання памяці загінуўшых або прапаўшых без вестак. Сёння юныя пошукаўцы вядуць сваю дзейнасць па двух напрамках: архіўна-даследчая і палявая пошукавая работа. У недалёкай будучыні яны акажуць практычную дапамогу 52-му асобнаму спецыялізаванаму пошукаваму батальёну. Ужо ў гэтым годзе ваенаслужачыя батальёна правялі значную работу сумесна з грамадскімі аб’яднаннямі, эксгумавалі звыш 30 астанкаў загінуўшых. У выніку ўстаноўлена 9 імён.
— Вы працягваеце вялікую работу па ўвекавечванні памяці пра герояў Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікаў аперацыі “Баграціён”, якая прынесла вызваленне нашай зямлі. Важную задачу ў гэтай аперацыі выконвала 120-я гвардзейская дывізія, якая прайшла баявы шлях ад сцен Сталінграда, вызваляючы родную беларускую зямлю. Адкрыццё злёту праходзіць на тэрыторыі базіравання гэтай знакамітай дывізіі, якая была ператворана ў 120-ю гвардзейскую брыгаду. Помнікі мемарыяльнага комплексу нагадваюць нам, што беларускі народ, які вельмі пацярпеў у гады Вялікай Айчыннай вайны, праявіў мужнасць і геройства, клапоціцца пра сучаснае развіццё сінявокай Беларусі. Няхай і надалей наша краіна ўмацоўваецца і з гонарам нясе сцяг Вялікай Перамогі, — паведаміў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Васільевіч Прышчэпны.
72 удзельнікі злёту з усіх абласцей, якія на працягу 9 дзён будуць адпачываць у сталіцы, дзяліцца вопытам пошукавай работы, уносяць неацэнны ўклад у тое, каб памяць пра подзвіг народа захоўвалася, каб ніхто і нішто не было забыта. Пасля ўрачыстага адкрыцця злёту юныя пошукаўцы азнаёміліся з экспазіцыяй Дзяржаўнага музея ваеннай гісторыі.

Ігар ГРЭЧКА для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега ІГНАТОВІЧА
Вярнуцца да спісу навін