Государственный герб Республики Беларусь




Міністэрства адукацыі
Рэспублікі Беларусь


Адукацыя дзеля будучыні краіны


Беларусь-Еўрапейскі саюз: паступальны рух

Апублікавана: 17.01.2018

DSC_3426.jpg

У Міністэрстве адукацыі адбылася сустрэча з дэлегацыяй Еўрапейскага саюза з мэтай абмеркавання пытанняў, якія тычацца рэалізацыі штогадовай праграмы дзеянняў ЕС у Рэспубліцы Беларусь у сферы міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Дэлегацыю ЕС з беларускага боку прымалі першы намеснік міністра адукацыі В.А. Богуш, начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі С.А. Каспяровіч, начальнік упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва І.Л. Шыткоўская, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі В.М. Галубоўскі, прадстаўнік офіс-кампаніі “Эразмус” А.У. Белановіч. Дэлегацыю Еўрапейскага саюза ўзначаліла Дзіана Яблонска, намеснік кіраўніка аддзела ўзаемадзеяння з Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю і “Усходнім партнёрствам” Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па Еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах у пашырэнні ЕС.
Заглядваючы ў гісторыю супрацоўніцтва нашай краіны і Еўрапейскага саюза, трэба адзначыць, што гэта ўжо не першая сустрэча кіраўніцтва Міністэрства адукацыі з дэлегацыяй ЕС у сферы міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Праграмы дзеянняў ЕС ў гэтым накірунку рэалізуюцца ў нашай краіне штогод і з’яўляюцца адной з асноўных крыніц фінансавання праектаў ЕС ў Беларусі.
DSC_3429.jpg

В.А. Богуш шчыра павітаў дэлегацыю і выказаў надзею, што гэтая сустрэча будзе дастаткова прадуктыўнай і стане яшчэ адным крокам у супрацоўніцтве з Еўрапейскім саюзам.
– Сёння ў нас даволі шырокі спектр узаемадзеяння з еўрапейскімі партнёрамі, – адзначыў Вадзім Анатольевіч. Адукацыйная галіна – гэта такая платформа, якая найбольш успрымальная для ўстанаўлення сувязей, дапамагае развіваць гуманітарнае, эканамічнае ўзаемадзеянне з краінамі ЕС і Рэспублікай Беларусь.
В.А.Богуш адзначыў, што да рэалізацыі праектаў ЕС далучаны не толькі ўстановы вышэйшай адукацыі, але і навучальныя ўстановы іншых узроўняў. Яшчэ ў час правядзення міжнароднага чэмпіянату ў Абу-Дабі WorldSkills на міжнароднай канферэнцыі міністраў адукацыі таксама вялася размова аб пашырэнні міжнароднага супрацоўніцтва, якое б закранала ў тым ліку і ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
– Сёння многія праекты ўжо рэалізаваны, некаторыя знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі, і мы назіраем станоўчую дынаміку. Мы дастаткова актыўна працуем па інтэграцыі ў міжнародную адукацыйную прастору, і ў гэтым нам дапамагае дастаткова канструктыўнае ўзаемадзянне з прадстаўніцтвам ЕС у нашай краіне, – падкрэсліў Вадзім Анатольевіч. – Пытанні ўстойлівага развіцця, якасці адукацыі, эфектыўнага ўзаемадзяння адукацыі са сферай працы і многія іншыя пытанні сёння стаяць перад адукацыйнай галіной у сучасным свеце.
За гады супрацоўніцтва Беларусі і ЕС у cферы адукацыі ў рамках праграм Tempus і Erasmus+ было рэалізавана каля 50 праектаў, накіраваных на развіццё адукацыі і павышэнне яе якасці. Асноўным вынікам выканання гэтых праектаў стаў паступальны рух нашай сістэмы адукацыі ў накірунку супрацоўніцтва з ЕС і з краінамі “Усходняга партнёрства”, інтенсіўнасць дзеянняў у сферы ўніверсітэцкай навукі, увядзенне інавацыйных вучэбных праграм у падрыхтоўцы кадраў.
Адным з ключавых выканаўцаў аднаго з праектаў ЕС з’яўляецца Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі. Там работа скіравана на падтрымку развіцця прафесійнай адукацыі і адукацыі дарослых, ахову навакольнага асяроддзя, развіццё інфраструктуры ўстаноў прафесійнай адукацыі і інш.За апошні час з мэтай развіцця нацыянальнай сістэмы прафесійнай адукацыі выкананы праекты па падрыхтоўцы кадраў для сферы турызму, экалогіі. Цяпер інстытут вядзе работу па стварэнні ўмоў для эфектыўнай рэалізацыі праекта па занятасці, які накіраваны на паляпшэнне перспектыў працаўладкавання моладзі за кошт больш эфектыўнага ўзаемадзеяння паміж сістэмай адукацыі і рынкам працы, а таксама павышэння якасці і прывабнасці прафесійнай адукацыі ў нашай краіне.
В.А. Богуш падкрэсліў, што Рэспубліка Беларусь надае вялікую ўвагу тым праектам, якія накіраваны на развіццё патэнцыялу сістэмы адукацыі, і выказаў спадзяванне, што супрацоўніцтва, якое складваецца з еўрапейскімі партнёрамі, павінна спрыяць гэтым мэтам.
DSC_3443.jpg

Дзіяна Яблонска выказала задавальненне супрацоўніцтвам з нашай краінай і акрэсліла новыя накірункі ўзаемадзеяння. Далейшая размова вялася аб канкрэтных кропках супрацоўніцтва па рэалізацыі новай праграмы дзеянняў.

Ала КЛЮЙКО для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега Ігнатовіча.
Вярнуцца да спісу навін