Міністэрства адукацыі
Рэспублікі Беларусь

Адукацыя дзеля будучыні краіны

Беларусь ― Саудаўская Аравія: сувязі напрамую

Апублікавана: 09.09.2017

У суботу ў Нацыянальным аэрапорце Мінск прайшла сустрэча міністра адукацыі нашай краіны Ігара Карпенкі з міністрам адукацыі Каралеўства Саудаўскай Аравіі Ахмедам Мухамедам Аль-Ісай. 
Візіт дэлэгацыі Саудаўскай Аравіі праходзіць па запрашэні Міністэрства адукацыі Беларусі і адбываецца ў перыяд з 9 па 13 верасня. Як было адзначана, яго галоўнай мэтай з’яўляецца выпрацоўка эфектыўнага механізму рэалізацыі мемарандуму аб узаемаразуменні паміж галіновымі ведамствамі па пытаннях супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і навукі, прынятага ў маі 2016 года, вызначэнне прыярытэтных напрамкаў двухбаковага ўзаемадзеяння. 
.doc-4050203.jpg

Ігар Карпенка падзякаваў калегам з Саудаўскай Аравіі за наведванне нашай краіны і адзначыў, што праграма іх знаходжання будзе насычанай і змястоўнай. “Я ўпэўнены, што ваш візіт надасць новы імпульс нашым узаемаадносінам у галіне адукацыі і навукі. Мы вельмі зацікаўлены ў развіцці такіх адносін, развіцці нарматыўна-прававой базы нашых адносін. Мяркую, што ў межах вашага візіту мы зможам падпісаць шэраг дамоў”, ― звярнуўся да гасцей Ігар Карпенка. 
У прыватнасці, міністр адукацыі нашай краіны заўважыў, што магчыма заключыць прамыя дамовы паміж універсітэтамі. Акрамя таго, сістэма беларускай вышэйшай адукацыі адкрыта для падрыхтоўкі кадраў па шэрагу напрамкаў, у тым ліку і для эканомікі Саудаўскай Аравіі. 
“Мы гатовы рыхтаваць па адпаведных спецыяльнасцях грамадзян вашай краіны. Можам прапанаваць шэраг спецыяльнасцей, навучанне па якіх вядзецца на англійскай мове. Акрамя таго, мы гатовы абмяркоўваць пытанні ўзаемнага прызнання дакументаў аб адукацыі. 
Ведаю пра вашу цікавасць да сумесных навуковых даследаванняў, удзелу ў сумесных навуковых праектах, таму зможаце наведаць тыя вышэйшыя навучальныя ўстановы, дзе вядуцца перспектыўныя навуковыя распрацоўкі. Нашы ўніверсітэты актыўна ўдзельнічаюць у розных міжнародных праграмах навуковых даследаванняў сумесна з вядучымі ВНУ Заходняй Еўропы, Кітая, ЗША, Індыі. І мы гатовы стаць вашымі партнёрамі і ў гэтым напрамку”, ― працягваў Ігар Карпенка. 
Цяпер наша краіна выходзіць на новы якасны ўзровень вышэйшай адукацыі, на фармат “Універсітэт 3.0”, які прадугледжвае не толькі рэалізацыю абавязковай адукацыйнай праграмы, але і навуковай. Вынікі такой навуковай дзейнасці будуць прадавацца, тым самым універсітэты будуць удзельнічаць у эканамічным развіцці нашай краіны. Некалькі вядучых універсітэтаў Беларусі гатовы да рэалізацыі новага фармату. У гэтай сувязі беларускіх спецыялістаў цікавіць, як развіваецца вышэйшая школа Саудаўскай Аравіі. 
У адказ міністр адукацыі Саудаўскай Аравіі падзякаваў за цёплы прыём і запрасіў Ігара Карпенку наведаць іх краіну, каб бліжэй пазнаёміцца з сістэмай адукацыі каралеўства. Далей Ахмед Мухамед Аль-Іса адзначыў, што яны хацелі б пашырыць сваё ўяўленне пра сістэму адукацыі Беларусі і чакаюць больш цеснага развіцця двухбаковых адносін у адукацыйнай сферы. 
“На працягу нашага візіту мы дэтальна абмяркуем адносіны ў сферы адукацыі паміж нашымі краінамі, у тым ліку, у галіне навуковых даследаванняў і ўніверсітэцкага абмену. У дадзены момант нашы ўніверсітэты працуюць над праектамі, звязанымі з тэхнічнай сферай, распрацоўкай новых крыніц энергіі, новымі ўзроўнямі ў развіцці медыцыны. Спадзяюся, што мы зможам развіць супрацоўніцтва ў гэтых сферах”, ― адзначыў міністр адукацыі Саудаўскай Аравіі Ахмед Мухамед Аль-Іса. 
Далей ён дадаў, што мемарандум, падпісаны краінамі ў мінулым годзе, стаў пачаткам развіцця двухбаковых адносін у сферы адукацыі. Настаў час рэалізацыі рэальных праектаў. “Нядаўна мы запусцілі новы вялікі навуковы праект, які дзейнічае ў тым ліку і з дапамогай міжнароднага супрацоўнітва. Спадзяюся, што мы здолеем арганізаваць узаемныя візіты выкладчыкаў і галіновых спецыялістаў, каб яны маглі даследаваць магчымасці сумеснай работы над навуковымі праектамі. Нас цікавіць спецыфічны вопыт і веды беларускіх спецыялістаў, які можна было б прымяняць у нашай краіне”, ― паведаміў міністр адукацыі Саудаўскай Аравіі. 
.doc-4050213.jpg

Беларускі міністр адукацыі адзначыў, што нас цікавяць пытанні стажыровак студэнтаў і выкладчыкаў, у прыватнасці, тых, хто займаецца вывучэннем арабскай мовы. У Мінскім дзяржаўным лінгвістым універсітэце падрыхтоўка адпаведных спецыялістаў вядзецца, але зразумела, што паўнацэнная моўная падрыхтоўка немагчыма без вывучэння мовы ў краіне яе носьбітаў. Асабліва калі гаворка ідзе пра перакладчыкаў-сінхраністаў. 
Мы ж у сваю чаргу гатовы дзяліцца вопытам (і набываць новы) у галіне прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якая ў Беларусі развіваецца згодна з сусветнымі тэндэнцыямі. Тое самае можна сказаць і пра медыцыскую адукацыю. Як заўважыў Ігар Карпенка, у нашай краіне медыцынскія спецыяльнасці засвойвае шмат замежных студэнтаў, у медыцынскіх універсітэтах адкрыта падрыхтоўка спецыялістаў на англійскай мове. 
“Ёсць шмат галін, дзе мы можам развіваць наша супрацоўніцтва, ― адзначыў міністр адукацыі Саудаўскай Аравіі. ― Вынікам нашага візіту стануць канкрэтныя праграмы ўзаемадзеяння. Нас цікавіць сфера прафесійнай падрыхтоўкі, бо мы ў сваёй краіне ставім задачу распрацаваць сістэму такіх навучальных устаноў. Акрамя того, мы б хацелі прапанаваць беларускім студэнтам стыпендыіі для навучання ў Саудаўскай Аравіі, у прыватнасці тым, хто вывучае арабскую мову, інжынерныя і некаторыя іншыя спецыяльнасці. Стыпендыі будуць пакрываць усе расходы студэнтаў на навучанне і пражыванне”. 
Мяркуецца, што вынікам візіту дэлэгацыі з Саудаўскай Аравіі стане рэалізацыя на ўзаемавыгадных умовах шэрагу праектаў. У прыватнасці, будуць наладжаны прамыя адукацыйныя і навуковыя сувязі. Каб прадэманстраваць патэнцыял беларускіх універсітэтаў, Міністэрства адукацыі плануе ў кастрычніку бягучага года прыняць удзел у Міжнароднай выставе ў горадзе Эр-Рыад Каралеўства Саудаўская Аравія ў межах калектыўнага раздзела навукова-тэхнічных распрацовак у складзе Нацыянальнай экспазіцыі Рэспублікі Беларусь.

Вольга Дубоуская для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота аўтара.
Вярнуцца да спісу навін