Министерство образования
Республики Беларусь

Образование во имя будущего страны

З’явяцца новыя адрасы супрацоўніцтва

Опубликовано: 22.01.2019

8.jpg

З мэтай умацавання супрацоўніцтва нашу краіну наведала дэлегацыя Навасібірскай вобласці на чале з губернатарам А.А.Траўнікавым. Адукацыйную галіну гэтага рэгіёна Расійскай Федэрацыі прадставілі міністр адукацыі Навасібірскай вобласці С.У.Федарчук, рэктары ўніверсітэтаў Навасібірска.
На сустрэчы ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М.Танка міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь І.В.Карпенка сардэчна вітаў расійскіх калег.
— Калі аналізаваць узровень нашых адносін з вышыні гісторыі, то можам з упэўненасцю сказаць, што за гады супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі мы назапасілі багаты вопыт, які істотна ўзбагаціў нашу адукацыйную сферу, надаў новы, больш дзейсны імпульс нашаму ўзаемадзеянню, — заявіў Ігар Васільевіч.
Прыкладам таму сталі цесныя сувязі, якія склаліся паміж Навасібірскім аддзяленнем Расійскай Акадэміі навук і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, паміж універсітэтамі, іншымі ўстановамі адукацыі і культуры дзвюх краін. І.В.Карпенка нагадаў, што 2 гады назад на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі нашай краінай была ўнесена прапанова аб заключэнні пагаднення паміж Беларуска-Расійскім універсітэтам і Навасібірскім тэхнічным універсітэтам аб стварэнні Беларуска-Расійскага цэнтра міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, культуры і інавацыйнай дзейнасці.
— Прыемна адзначыць, што такі цэнтр ужо адкрыты і паспяхова працуе, — адзначыў Ігар Васільевіч. — Такая падзея ўдвая значная, таму што ў Навасібірскім рэгіёне пражывае шматлікая беларуская дыяспара, і гэты цэнтр з’яўляецца для яе істотнай падмогай у вывучэнні роднай мовы, азнаямленні з культурнай і гістрычнай спадчынай нашай краіны.
Па словах кіраўніка Міністэрства адукацыі Беларусі, у ходзе візіту дэлегацыі з Навасібірскай вобласці плануецца намеціць кірункі дзейнасці паміж Беларуссю і Навасібірскай вобласцю ў сферы навуковых даследванняў, вызначыць тэматыку навукова-даследчых праектаў, якія былі б карысны абодвум бакам. Мяркуецца падпісаць 2 пагадненні супрацоўніцтва паміж Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам харчавання і Сібірскім універсітэтам спажывецкай кааперацыі, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя М. Танка і Навасібірскім педагагічным універсітэтам. Магчыма, у далейшым з’явяцца новыя адрасы супрацоўніцтва. Ігар Васільевіч Карпенка паведаміў аб гатоўнасці ўзаемадзейнічаць па іншых накірунках, у тым ліку ахапіць дашкольную і школьную адукацыі, прафісійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыі.
— На кожным з гэтых узроўняў нам ёсць, што паказаць і прапанаваць для укаранення расійскім калегам, — адзначыў міністр. Акрамя таго, беларускі бок гатовы падзяліцца здабыткамі ў сферы дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, у развіцці маладзёжнай палітыкі, вучнёўскага самакіравання. Накірункі ў патрыятычным выхаванні будуць апрабаваны ў час сумесных мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню 75- годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзя Вялікай Перамагі. Таксама І.В. Карпенка запрасіў калег з Навасібірскай вобласці на Міжнародны фестываль “Дружба без межаў”, які праходзіць на базе дзіцяча-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”, на міжнародны злёт “Свет Вялікай Перамогі” , на які ў Беларускім дзяржаўным універсітэце збіраецца наша моладзь.
С.У.Федарчук , міністр адукацыі Навасібірскай вобласці, з задавальненнем прыняў запрашэнне кіраўніка адукацыйнай галіны Беларусі. — Нас звязваюць багатыя традыцыі, цеплыя сустрэчы і дзелавое ўзаемадзеянне, якое мы гатовыя мацаваць і ў далейшым, — адзначыў Сяргей Уладзіміравіч.— Наш рэгіён адзін з самых дальніх у Расійскай Федэрацыі, і нас з беларусамі раздзяляюць тысячы кіламетраў. Але ж мы адчуваем сябе ў Беларусі вельмі камфортна, настолькі тут цёплая, дабразычлівая абстаноўка. Менавіта на гэтай чалавечай цеплыні мы гадуем нашы адносіны, назапашваем вопыт і будуем планы на будучыню.
С.У.Федарчук паведаміў, што праводзячы сумесныя конкурсы, алімпіяды, семінары і канферэнцыі, заўжды адчуваецца, як дзеці, моладзь, педагогі і навукоўцы абедзвюх краін гатовы супрацоўнічаць, з якім энтузіязмам і ініцыятывай імкнуцца выбудоўваць агульную адукацыйную прастору. Найбольш яскравым прыкладам цеснага ўзаемадзеяння і цёплага сяброўства паміж дзецьмі дзвюх краін з’яўляюцца алімпіяды і іншыя адукацыйныя праекты ў рамках Саюзнай дзяржавы.
— Сённяшняя сустрэча — гэта дадатковы штрых у наша супрацоўніцтва, якое мы гатовы працягваць і прымнажаць, — адзначыў Сяргей Уладзіміравіч Федарчук. — І калі побач такі надзейны партнёр,як Беларусь, у нас ўсё атрымаецца.
У далейшай праграме прабывання дэлегацыі з Навасібірскай вобласці быў прадстаўлены маршрут наведвання вядучых універсітэтаў Мінска, агульнаадукацыйных і прафесійных устаноў, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі і шэрагу іншых адукацыйных аб’ектаў.

Ала КЛЮЙКО для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега Ігнатовіча.
Вернуться к списку новостей