Министерство образования
Республики Беларусь

Образование во имя будущего страны

Захоўваем свае традыцыі

Опубликовано: 24.01.2019

IMG_51761.jpg

“Беларусь сёння: захоўваючы і прымнажаючы добрыя традыцыі” – менавіта так на ўсю краіну прагучала тэма чарговага інфармацыйнага дня ў межах маштабнага праекта “ШАГ” – “Школы актыўнага грамадзяніна”. У чацвер ва ўсіх школах Беларусі віталі тых гасцей, якія маюць самае прамое дачыненне да тэмы сустрэчы – людзей, якія вырашаюць будучыню і лёс нашай краіны, кампетэнтных, таленавітых асоб, гатовых падзяліцца сваім вопытам і даць каштоўную параду школьнікам.
Так, у госці да навучэнцаў сталічнай гімназіі №4 завіталі А.В.Катовіч, старшы выкладчык кафедры рэжысуры, абрадаў і святаў факультэта беларускай культуры і сучаснага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, студэнты Кацярына Прановіч і Аляксей Грук, якія былі ўдзельнікамі Навагодняга балю з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама Даніэль Корса – хакеіст каманды Прэзідэнта са сваёй жонкай Вікторыяй.
“Сённяшняя тэма сустрэчы нам вельмі блізкая, бо наша гімназія беларускамоўная, і мы шчыра падтрымліваем традыцыі продкаў, нашых прадзедаў і дзядоў, - усё тое цікавае, што напаўняла жыццё продкаў, – гаворыць дырэктар гімназіі Андрэй Міхайлавіч Гоцман. – Новы год, Каляды – гэта шматлікія абрады, якія ладзяць і сённяшнія дзеці. І такая сустрэча дае магчымасць даведацца, як яны праводзіліся раней, аб’яднаць старажытныя, і сучасныя. Паколькі ў нас добра развіты эстэтычны кірунак, ў рамках такіх мерапрыемстваў у гасці да нас вельмі часта прыходзяць артысты, пісьменнікі, расказваюць пра сваю творчасць, пра тое, што было і што адбываецца зараз. Прычым, часта такія сустрэчы адыгрываюць ролю своеасаблівай прафарыентацыі на будучыню”.
Экскурс ў гісторыю святкавання Новага года (які, дарэчы, некалі адзначаўся 1 верасня як свята ўраджаю), зрабіла Аксана Веніямінаўна Катовіч, якая шмат гадоў вывучае беларускія традыцыі і абрады, каб перадаць новым пакаленням. На сустрэчу яна прынесла свечку, якой больш за 100 гадоў. Гэты падарунак быў прывезены ёй 12 гадоў таму назад з чарговай экспедыцыі па Магілёўскім краі, калі яна была ўдзельніцай абраду “Свечка”( абрад праводзіцца і сёння). Выкладчыца расказала, што здаўна у вёсках Магілёўшчыны ствараюцца саюзы – жаночыя, мужчынскія, сямейныя і інш. У іх могуць аб’ядноўвацца і некалькі чалавек, і цэлая вёска. Яго ўдзельнікі з воску лепяць вялізную свечку, часам вагой больш за 15 кілаграм, і яна гасцюе ў адным доме роўна год, а потым ўрачыста пераносіцца ў дом да наступнага ўдзельніка саюза. Для кожнай свечкі абіраецца святы заступнік. У дзень пераносу збіраюцца ўсе ўдзельнікі саюза, шыюць новую вопратку для свечкі, у малітвах дзякуюць свайму заступніку за пражыты год і шэпчуць яму свае новыя жаданні.
IMG_51251.jpg

Пагутарыла А.В.Катовіч з гімназістамі і пра тыя абрады і святы, якія захоўваюцца беларускім народам сёння, у прыватнасці, па-маладзёжнаму вясёлае Купалле і свята з глыбінным сэнсам – Радуніцу. Каб гэтыя і многія іншыя абрады аднаўляліся, госця падарыла гімназістам сваю кнігу “Залатыя правілы народнай культуры”, якая на працягу 11 гадоў перавыдалася ўжо 26-ты раз.
Ішла размова ў гімназіі і пра адраджэнне яшчэ адной святочнай традыцыі – правядзенне свецкіх баляў, якія штогод ахутваюць атмасферай вытанчанасці і элегантнасці Палац Незалежнасці. Сёлета Навагодні баль сабраў амаль 300 студэнтаў і старшакласнікаў, якія дасягнулі асаблівых поспехаў у вучобе, творчасці і спорце, навуковай і грамадскай дзейнасці. Сярод іх – стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, уладальнікі прэзідэнцкіх стыпендый, пераможцы і лаўрэаты шматлікіх творчых міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў.
Студэнтка БДЭУ Кацярына Прановіч расказала, якія крокі ў навуцы і грамадскім жыцці зрабіла, перш чым атрымаць гэтае запрашэнне. Яна – удзельніца грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета, аўтар і сааўтар мноства навуковых публікацый па сваёй спецыяльнасці – лагістыцы, праводзіць многія мерапрыемствы, арганізатарамі якіх выступае яе ўніверсітэт і Міністэрства адукацыі Беларусі.
“Многія з нас, дзяўчынак, у дзяцінстве чыталі казкі пра балі, марылі хоць разок ў жыцці патанцаваць на іх. Але мы выраслі, сучасны рытм жыцця прымушае нас бегчы наперад, займацца сваімі справамі, і тая дзіцячая наіўная мара даўно забылася. І прыемна, што дзякуючы гэтай традыцыі, ўсё ж можна прыпыніцца і дакрануцца да казкі, стаць не некаторы час яе гераіняй,” – адзначыла Кацярына.
Пра тое, як стаць героем у спорце, асабліва цікава было юнакам. Даніэль Корса, лепшы хакеіст у камандзе Прэзідэнта, падзяліўся ўражаннямі ад XV Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі і расказаў пра свой шлях на лядовую арэну. Ён перакананы: поспех спартсмена залежыць ад яго ўпартасці, ад жадання ісці да мары, чаго ў яго было заўсёды з запасам з таго самага моманту, калі ён, маленькі, упершыню стаў на канькі.
Сустрэчы з Даніэлем асабліва чакаў 9-класнік гімназіі Мікіта Мархель, які сёр’ёзна займаецца хакеем ў СДЮШАР ужо 7 гадоў. На рахунку яго каманды ёсць ужо нямала перамог, у тым ліку і на чэмпіянатах Беларусі і нават на міжнародным турніры. “Некалі бацькі прывялі мяне на лёд, каб я паправіў сваё здароўе, але мне вельмі спадабаўся хакей і я так ў ім і застаўся. Вельмі хочацца спадзявацца, што рэалізуецца мая мара і я застануся ў ім надоўга, бо хачу стаць прафесійным хакеістам”. Менавіта таму хлопца асабліва цікавілі лядовыя падрабязнасці жыцця Даніэля Корсы, тое, як ён рыхтуецца да матчаў, якія сакрэты выкарыстоўвае падчас гульні.
Напрыканцы сустрэчы дырэктар гімназіі падзякаваў ганаровым гасцям за тое, што яны пазнаёмілі прысутных з традыцыямі ў культуры і спорце, а ўсім гімназістам пажадаў працягваць гэтыя традыцыі, каб праз некаторы час перадаць эстафету наступным пакаленням.

Святлана НІКІФАРАВА для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота аўтара.
Вернуться к списку новостей