Министерство образования Республики Беларусь

Цёплая сустрэча

Опубликовано: 30.06.2018

1.jpg

Сёння міністр адукацыі Ігар Карпенка правёў сустрэчу з выпускнікамі вушэйшых навучальных устаноў краіны. У лік запрошаных у галіновае ведамства трапілі адны з лепшых ― пераможцы розных інтэлектуальных конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый, лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Сустрэча прайшла ў свабодным фармаце, у цёплай, сяброўскай атмасферы. Усе запрошаныя атрымалі граматы Міністэрсва адукацыі за выдатныя поспехі ў вучобе, актыўны дзел у навукова-даследчай рабоце і грамадскім жыцці.
2.jpg

Ігар Васільевіч, вітаючы маладую інтэлектуальную эліту краіны адзначыў, што дзяржава ўскладае на іх вялікі спадзеў. “Ваша прафесійнае жыццё толькі пачынаецца, і вельмі важна каб вы з першых дзён імкнуліся да да больш глыбокага пазнання сваёй прафесіі, бо без пастаяннага самаразвіцця вы не здолееце стаць сапраўднымі прафесіяналамі.
Вельмі важна ўмець працаваць у камандзе, прыслухоўвацца да сваіх калег. Дружалюбныя зносіны з людзьмі дапамогуць вам узняцца на прыступку вышэй. Высокваліфікаваны кіраўнік абавязаны ведаць усе пра свайго супрацоўніка. Шанаванне чалавечых якасцей і прафесійных дасягненняў аб’ядноўвае і матывуе кожнага ўдзельніка калектыву”, ― звярнуўся да маладых людзей міністр адукацыі.
Разам з тым, як заўважыў Ігар Карпенка, трэба ўмець глядзець на перспектыву, вучыцца думаць у маштабах усёй краіны. Уменні аналізаваць, супастаўляць, крытычна ставіцца да падзей і з’яў патрэбны не толькі кіраўнікам, але спецыялістам самых розных галін вытворчасці. Дарэчы, сёння патрэбны аналітыкі, менаджары, здольныя пралічваць не толькі выгаду, але і рызікі, людзі, здольныя мысліць копмлексна, на стыку некалькіх прафесій.
“За вамі ― наша будучыня. Вам развіваць краіну, весці наперад, але не забывайцеся пра ўжо існуючыя дасягненні, з розумам стаўцеся да набытага. Вы павінны абапірацца на вопыт старэйшага пакалення, клапаціцца пра дэмаграфічную стабільнасць, развіццё і ўмацаванне нашай культуры, мовы, гісторыі і традыцый. Вельмі важна, што ў вас унутры. Па жыцці вас будуць весці ваш розум і сэрца, таму працуючы на карысць сваёй дзяржавы, вы будзеце расці як асоба, як сапраўдны грамадзянін”, ― сказаў Ігар Карпенка.
5.jpg

Выпускнікі падзякавалі міністру за цёплыя словы віншавання, падтрымку і веру ў іх прафесійныя магчымасці. “Для нас вялікі гонар прымаць віншаванні ад міністра адукацыі. Кожны з нас будзе імкнуцца да таго, каб Беларусь крочыла толькі нкаперад”, ― адзначылі ў зваротным слове выпускнікі.
3.jpg

Затым, карыстаючыся момантам, новаспечаныя маладыя спецыялісты задалі міністру адукацыі свае пытанні. У прыватнасці, гутарка ішла пра шляхі павышэння матывацыі да навучання ў студэнцкім асяроддзі. Каменціруючы праблему, Ігар Васільевіч адзначыў, што жаданне вучыцца павінна культывавацца ў дзіцяці з ранніх гадоў. А сістэмная прафарыентацыйная, дапрофільная і профільная падрыхтоўка ў школах замацуе цікавасць да навучання і дапаможа выпускніку школы стаць мэтанакіраваным студэнтам. “Цікавасць да навучання павінна фарміравацца ў гульні, у разнастайнай пазнавальнай дзейнасці. Акрамя таго, мы павінны ствараць умовы для прафілізацыі не толькі ў межах школы. Мяркую, добрай базай у гэтым плане стане дзіцячы тэхнапарк з вучэбнымі лабараторыямі рознай прафесійнай накіраванасці, над стварэннем якога мы цяпер працуем.
Што датычыцца студэнцкага асяроддзя, то і тут ёсць зрухі. З нядаўняга часу студэнты практыкуюцца з першага курса, яны ўключаны ў валанцёрскую дзейнасць. Мадэль “Універсітэт 3.0”, якую мы рэалізуем у шэрагу ўніверсітэтаў краіны, прадугледжвае практыкаарыентаванае навучанне (арыентаванае на вытворчасць гатовага прадукту), якое дазволіць набыць студэнтам першасныя прафесійныя навыкі і да канца зразумець уласныя жаданні і магчымасці”, ― адказаў міністр.
Акрамя таго, выпускнікоў цікавіла пытанне развіцця нанаіндустрыі ў нашай краіне, на што Ігар Васільевіч сказаў, што гэты перспектыўны напрамак актыўна развівае Нацыянальная акадэмія навук нашай краіны, і калі хто жадае далучыцца, калі ласка, прапануйце свае ідэі. І тут узнікла дыскусія наконт развіцця менаджарскага мыслення, бо ідэя без плана яе рэалізацыі, матэрыяльнай выгады рызыкуе застацца толькі ідэяй. Павінны быць спецыялісты, які распрацуюць стратэгію яе пераўтварэння ў гатовы і запатрабаваны прадукт. Як высветлілася, такія спецыялісты ў нас ёсць. Прынамсі менаджараў з маштабным мысленнем, комплексным бачаннем рыхтуюць у БНТУ. Яны ведаюць тэхналогію працэсу вытворчасці, маюць эканамічныя, юрыдычныя веды, а таму гатовы працаваць на рэалізацыю любой ідэі. Як гаворыцца, у добры шлях!

Вольга ДУБОЎСКАЯ для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега ІГНАТОВІЧА
Вернуться к списку новостей